Вы тут

Апошняя радоўка


Нядаўна з дарослай пляменніцай сядзелі на кухні пры свечках, інтэлігентна так пацягвалі з кубкаў глінтвейн і прыгадвалі сваё вясковае дзяцінства. Як весела было заўсёды без камп'ютараў і смарфонаў, якія былі цікавыя прыгоды круглы год — то на лыжах да былой панскай сядзібы паехаць, то на рыбалку са старэйшымі хлопцамі, то сена на далёкую дзялянку сушыць, то радоўку пасвіць. Дачка пляменніцы, якой пайшоў адзінаццаты год, з шырока раскрытымі вачыма лавіла кожнае наша слова, нібы расказвалі аб касмічнай экспедыцыі ў іншую галактыку. Пачуўшы пра радоўку, перапытала: «Гэта што, грыб такі?» Давялося тлумачыць гэтаму дзіцяці з «пакалення вялікага пальца» пра звычайныя яшчэ для яе бацькоў паняцці... На вачах, але неяк ціха і незаўважна, сышла ў нябыт адна з найцікавейшых для яе непасрэдных удзельнікаў традыцый, асабліва калі ўдзельнікам было ад сямі да сямнаццаці.


Фота: pixabay.com

Звычайна пасля «акцябарскіх» кароў ужо ў поле не гналі. Але, калі восень здаралася такой цёплай, як сёлета, пасвілі статак ледзь не да першага снегу. І гэта апошняя радоўка была як свята, бо не трэба было ісці ў школу: з такой важнай нагоды настаўнікі адпускалі без праблем. А калі шанцавала і кароткі дзень выдаваўся сонечным — увогуле можна было ад душы адпачываць. Паўсюль прасціраліся пожні, на якіх ужо адрасла сакавітая трава ды папрарасталі прасыпаныя зярняты. Патравы для статка ніякай не было, таму можна было цэлы дзень проста совацца па вялізным полі ўслед за каровамі, дэкламуючы вершы.

Так, вы не паверыце — пасвячы ўвосень радоўку, я чытала вершы. Напэўна, збоку гэта выглядала, мякка кажучы, дзіўна — ідзе за каровамі цыбатае дзяўчо з пугай і на ўвесь голас гарлапаніць: «На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі, яе красёнцы, чаўначкі...» Але так было хораша ад гэтага прастору, ад халаднаватага сонца, ад жоўтага прыціхлага лесу, ад паветра, якое, здавалася, трымціць перад вачыма. Цэлы дзень у гэтым незвычайным харастве і павольнай ляноце — што лепшае можна было прыдумаць?

Здараліся, праўда, і неспадзяванкі. Аднойчы, калі ўжо збіраліся гукаць: «Додум, кароўкі, додум», збіраць статак і скіроўваць яго ў бок вёскі, кароўкі паміж пагоркамі знайшлі ўчастак позняй саўгаснай капусты, якую яшчэ не паспелі ссекчы. Мы з мамай збіліся з ног, выганяючы іх ад градак з нечаканым пачастункам. Па вясковай вуліцы гналі ўкормленых рагуль ужо ў прыцемках і вельмі перажывалі, ці ўсе яны выйшлі з той капусты, бо палічыць іх было немагчыма (а ў статку хадзіла сорак пяць галоў). Дзякуй богу, абышлося, але мне некалькі дзён здавалася, што малако нашай Зоркі, якая заўсёды ўбівалася ў шкоду самай першай, патыхае капустай.

Восеньскую радоўку пасвілі ўдзвюх з мамай або з бабуляй, калі тая была маладзейшая. Абавязкова быў і трэці пастух — сабака. Спачатку аднавокі ганчак Туман, ад якога была не помач, а немач, бо яго паляўнічыя гены прымушалі ганяць цэлы дзень адну і тую ж карову, якая яму асабліва не падабалася. Нават калі статак спакойна ляжаў, павольна жуючы, наш сабачка ўсё роўна знаходзіў сваю «любіміцу», паднімаў яе брэхам і пачынаў лётаць за ёй па полі, пэўна, думаючы, што гэта вялікі заяц... Потым з'явіўся Джым, калматы жоўценькі, падобны на лісу, невялікі сабачка, вельмі адданы і паслухмяны — шчанём адабрала яго ў аднакласніка, які нёс жывёліну тапіць. Джым выдатна пасвіў нават без каманды — як толькі якая з кароў адбівалася ад статка, тут жа нёсся да яе са звонкім брэхам. Звычайна парушальніца спынялася, здзіўлена гледзячы на калматае стварэнне, што цяўкае недзе пад нагамі, а пасля на ўсякі выпадак усё ж вярталася да астатніх.

Аднойчы ўвосень, пасвячы радоўку, з дапамогай Джыма мы ледзьве не злавілі... лісу. Яна выбегла з-за голых ужо дрэў на ўзлесак зусім блізка ад нас, спынілася і стала нюхаць паветра. Мы з мамай пачалі падкрадвацца да яе ззаду, радасна хапаючы адна адну за рукі і шэптам падзываючы сабаку. Час тады, на пачатку 90-х, быў дэфіцытна-галодны. Налета трэба было ехаць у сталіцу вучыцца, і я, ціхенька набліжаючыся да звера, ужо ўяўляла, якое будзе ў мяне паліто з шыкоўным лісіным каўняром. Праўда, як злавіць лісу голымі рукамі, мы нават не ўяўлялі, адзіная надзея была на Джыма, які, як на тое, некуды прапаў. «Джым, Джым, дзе ты?» — сіпелі мы на два галасы, баючыся спудзіць «здабычу». Нарэшце наша прапажа з'явілася, кінулася да лісы і... пачала нюхацца з ёй. «Лісой» аказаўся падобны да нашага, але ўсё ж больш — на ляснога звера, сабака. Следам за ім хутка выйшаў і гаспадар — дзядзька з суседняй вёскі, які сек у лесе яловыя лапкі для маладога саду. Ён доўга стаяў на ўзлеску, збянтэжана назіраючы, як мясцовая настаўніца з дачкой качаюцца па траве, аж заходзячыся ад смеху, вакол іх з вясёлым брэхам бегае сабака, а наводдаль ходзяць каровы, за якімі ніхто не глядзіць...

...Налета я паступіла ў сталічны ўніверсітэт. Паліто з каўняром мне-такі справілі, праўда, не з лісіным, а з невялікім норкавым. У той жа год мы прадалі Зорку — памочніца паехала вучыцца, мама цэлымі днямі прападала ў школе, бабцы пайшоў восемдзесят сёмы год — і радоўку пасвіць было ўжо не трэба. Праз год зімой сарваўся з ланцуга і назаўсёды ўцёк мой верны Джым. Той жа вясной мама ўзяла новага шчанюка, толькі белага, і назвала яго гэтаксама. Джым-другі быў хоць і харошанькі, але на дзіва бесталковы, і мы ўвесь час казалі: добра, маўляў, што з гэтым дурнем не трэба гнаць кароў у поле... Даўно ўжо няма і яго, няма ў вёсцы кароў, няма ў хаце старэйшых гаспадынь, а іх праўнучка ўжо думае, што радоўка — гэта грыб. Нібы не трыццаць гадоў прайшло, а ўсе трыста. Зрэшты, яно і праўда даўно было — у мінулым тысячагоддзі.

І толькі калі позняй восенню прагляне нізкае сонца праз хмары ды рэдкае рудое лісце, аднекуль з памяці самі сабой усплываюць забытыя, здавалася б, радкі: «На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі...» Ціхенька сам сабе шэпчаш іх, нібы замову ад бяспамяцтва.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.