Вы тут

Выбіраем будучыню


У Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на Парламенцкіх выбарах. Самі ж выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пройдуць 17 лістапада.


Вялізны плакат у цэнтры Мінска заклікае на выбары. Фота БЕЛТА

Гэта будзе ўжо сёмае скліканне народных выбраннікаў у незалежнай Беларусі. Для тых выбаршчыкаў, хто мае іншыя планы на 17 лістапада, з 12‑га па 16‑га ўключна можна галасаваць датэрмінова. Такая практыка, дарэчы, у Беларусі выкарыстоўваецца не ўпершыню, і шэраг выбаркамаў іншых дзяржаў ідуць– падобным шляхам. Выбарчыя інтэрнэт-тэхналогіі ў Беларусі пакуль не выкарыстоўваюцца, хоць ІТ-краіна будуецца поўным ходам. А каб прагаласаваць датэрмінова, то — прыходзь і галасуй: нічым і пацвярджаць не трэба, што 17‑га ты не зможаш належным чынам выявіць сваю грамадзянскую волю.

Звернемся да лічбаў Парламенцкіх выбараў у Беларусі–2019. Імі шчодра дзеліцца з выбаршчыкамі Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Дарэчы, больш за 20 гадоў — з 6 снежня 1996‑га — узначальвае камісію ўраджэнка Слуцка Лідзія Міхайлаўна Ярмошына. Паводле дадзеных ЦВК, у Беларусі ды за яе межамі цяпер налічваецца амаль 6,9 мільёна выбаршчыкаў, ёсць выбарчыя ўчасткі за мяжой. Спачатку, як заўсёды, ішло вылучэнне кандыдатаў, потым — іх рэгістрацыя. 18 кастрычніка старшыня Цэнтрвыбаркама паведаміла: выбарчымі камісіямі зарэгістравана амаль 558 кандыдатаў у дэпутаты ніжняй палаты беларускага Парламента. У сярэднім у нас сёлета па 5 прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла — бо выбіраем 110 дэпутатаў. Каб выбары прайшлі, у краіне ўтвораны 5831 выбарчы ўчастак. І што адметна: няма ніводнай “безальтэрнатыўнай” выбарчай акругі!

Прыгожыя буклеты на 4 старонкі, з каляровымі фотаздымкамі кандыдатаў дасталі з паштовых скрынак тыдні два таму і жыхары аднаго з пад’ездаў у мінскім мікрараёне Зялёны Луг. Пяць кандыдатаў, вынікае з інфармацыйнага буклета, змагаюцца за месца пад парламенцкім сонцам па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108. У асноўным кандыдаты самага сацыяльна актыўнага ўзросту: 1977, 1980, 1995, 1998, 1988 гадоў нараджэння, адзін толькі — пенсіянер, сябар Камуністычнай партыі Беларусі. Усе — мужчыны, адзін з іх беспартыйны. Чым на хлеб зарабляюць? Лідар адной з партый, дырэктар прадпрыемства, тэхнік па рамоце ды эксплуатацыі абсталявання, інжынер-праграміст, начальнік службы менеджменту якасці аднаго з мінскіх прадпрыемстваў. Гадавыя даходы — не надта каб высокія, з маім уласным супастаўляльныя, двое нават уласнай маёмасці не маюць. Карацей, людзі з народа.

Крыху больш інфармацыі пра кандыдатаў — у падобным жа буклеце, які я пабачыў у сябра: ён будзе галасаваць па Коласаўскай выбарчай акрузе № 106. Таксама прэтэндэнтаў пяцёра, і ўсе мужчыны. Родам з Калінкавіч, Магілёва, Асіповічаў, Жодзіна, Баранавіч і Мінска, усе — з вышэйшай адукацыяй, і адзін толькі беспартыйны.

Хадзіць ці не хадзіць галасаваць на выбары — вырашае, вядома ж, кожны сам. Аднак пры тым варта мець на ўвазе, што ў соцыуме нічога не адбываецца само па сабе. Рашэнні пра выбар шляхоў, якімі далей развівацца беларускаму грамадству, у немалой ступені залежаць ад таго, хто будзе працаваць у новым Парламенце. Таму, выбіраючы “сваіх” кандыдатаў — мы выбіраем сваю будучыню.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.