Вы тут

Самыя "смачныя" фестывалі Беларусі


Шмат сіл і энтузіязму прыкладаюць для захавання нашай кулінарнай спадчыны,  традыцыйных рамёстваў беларускія аграсядзібы і народныя самадзейныя калектывы. Дзякуючы ім у Беларусі былі распрацаваны першыя гастранамічныя маршруты, створана кулінарная карта, год ад году праводзяцца ўсё новыя святы і фестывалі, якія могуць прывабіць не толькі зацікаўленых падарожнікаў, але і сапраўдных кулінарных гурманаў.

 «МОТАЛЬСКІЯ ПРЫСМАКІ»

Аб гасціннасці маталян існуе такая легенда. Калісьці ў даўнія часы на шляху з Галіцкай Русі да Вялікага княства Літоўскага прадпрымальны чалавек, якога звалі Матыль, пабудаваў "гатэль" – карчму і заезны двор для адпачынку, дзе смачна частаваў падарожнікаў. І гэты прыстанак так упадабаўся вандроўнікам, што яны ўсюды распавядалі, як добра адпачываць "у Матыля".

Прывабны заклік: "Паедзем у Матыль!» не страціў актуальнасці праз стагоддзі. Мястэчка Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці і цяпер многія называюць «гістарычным анклавам», настолькі тут захаваліся ў паўсядзённасці старадаўнія звычаі, самабытная гаворка і, вядома, кулінарныя традыцыі.

З усіх «смачных» гастранамічных святаў фестываль у Моталі, безумоўна, самы маштабны. І невыпадкова: як аказалася, у кожнай гаспадыні тут прыхаваныя дзівосныя рэцэпты, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Арганізатарам першага фестывалю прыйшлося вельмі няпроста, бо перад імі стаяла задача: угаварыць жаночую палову насельніцтва Моталя падзяліцца гэтымі сакрэтамі публічна. Вялікае ім дзякуй, што ім гэта ўдалося!

Мясцовая кухня з'яўляецца настолькі ўнікальнай і незвычайнай, што пасля этнаграфічнай экспедыцыі ў Моталь, якую зладзілі студэнты гістфака БДУ, была выдадзеная нават кніга "Народная кухня маталян".

У якасці асноўнай атракцыі на фестывалі турыстам прапануецца паглядзець, як праводзіцца традыцыйны палескі абрад "Вясельны каравай", які з'яўляецца кандыдатам на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Самы лепшы сувенір, які можна прывезці з Моталя, – гэта каўбаса. Мотальскія каўбасы маюць амаль 100-гадовую гісторыю: каўбасныя цэхі з'явіліся тут дзякуючы маладому і прадпрымальнаму хлопцу Сцяпану Мінюку, які дамогся атрымаць у 1930-х гадах спецыяльную ліцэнзію рамеснай школы ў Брэсце на выпуск і продаж мясных далікатэсаў. Ён першым у Моталі пачаў рабіць каўбасу і гандляваць гэтым прадуктам. Праўда, потым яго прадпрыемства нацыяналізавалі. І толькі ў 1990-я ў Моталі зноў з'явіліся прыватныя цэхі. Цяпер "мінюкоўская" і "шыкалаеўская" каўбасы і іншыя мясныя вырабы – галоўны брэнд Моталя.

 У вёсцы таксама вэндзяць рыбу і выпякаюць сапраўдныя шэдэўры з цеста. А яшчэ вынайшлі ўласны рэцэпт знакамітай мотальскай шурпы. Увогуле, месца для гастранамічнага фестывалю прысмакаў выбрана ідэальнае. У жніўні гэтага года гучна прайшоў ужо 10-й мотальскі фестываль!

«ДЗЕНЬ АГУРКА» Ў ШКЛОВЕ

Хто з беларусаў не любіць агуркі? Хрусткія і пахкія, проста з градкі. А калі маласольныя або салёныя, ды з бочкі, ды пад чарачку? У Беларусі нямала месцаў, дзе спрадвеку вырошчваюць гэтую гародніну ў прамысловых маштабах.

Да прыкладу, Шклоўшчына з даўніх часоў славілася менавіта вырошчваннем агуркоў і іх багатымі ўраджаямі. І цяпер гэты занятак не страціў свайго эканамічнага значэння. Таму ў 2006 годзе тут заснавалі сваё свята – Дзень агурка, а потым і ўстанавілі помнік гэтай цудоўнай гародніне.

Сёлета шклоўскай традыцыі ўшаноўваць агурок споўнілася 13 гадоў. Праходзіць свята, як правіла, з гумарам і запалам, вельмі нефармальна і весела: вытворцы мераюцца агуркамі — у каго даўжэйшы, таўсцейшы або зелянейшы; працуюць майстар-класы, дзе распавядаюць сакрэты хатніх нарыхтовак. А таксама гасцей запрашаюць на шматлікія дэгустацыі — як аказалася, з агуркоў можна зрабіць нават торт!

«ВІШНЁВЫ ФЭСТ» У ГЛЫБОКІМ

Мястэчка Глыбокае славілася здавён сваімі фруктовымі садамі, аснову якіх заклалі яшчэ манастырскія сады – кармеліцкі і базіліянскі. "За польскім часам" далёка за межамі акругі ведалі выбітнага агранома Баляслава Лапыра, ён вывеў папулярны для паўночных шырот гатунак вішні, з высокімі якасцямі па сваёй марозаўстойлівасці, сакавітасці і салодкасці. Знакамітыя "Лапыровыя вішні" саджаюць і сёння.

Вішнёвы фэст доўжыцца цэлы тыдзень, і кожны яго дзень прысвечаны нейкай тэме. Тут галоўнае – каб надвор'е не падвяло, і каб кожны госць змог паспрабаваць смачную сакавітую ягаду.

Горад упрыгожваюць у «вішнёвае адзенне», паўсюль гуляюць спадарыні Вішні ды прыгажунькі Вішанькі. А мясцовыя кулінары даюць волю фантазіі. Акрамя разнастайных кандытарскіх вырабаў гасцям прапануюць і ягадныя соусы, і курыныя кумпячкі ў вішнёвым соку, і піцу з вішнямі. А да чаго ж смачная вішнёвая згушчонка! Ды і вішнёвая налівачка падорыць асалоду і выдатны настрой!

 «ЖУРАЎЛІ І ЖУРАВІНЫ»

Экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" з поўнай падставай можна назваць таксама і гастранамічным фэстам. Міёршчына вядомая перш за ўсё сваімі балотамі. Таму невыпадкова, што месца і час правядзення фестывалю выбраны ў пачатку восені: менавіта ў верасні на Міёршчыне пачынаецца збор журавін, а балота Ельня займае першае месца ў Беларусі па запасах гэтых ягад.

Акрамя таго, падчас восеньскай міграцыі на балота прылятае больш за 4000 жураўлёў, і кожны жадаючы можа паназіраць за імі, зрабіць унікальныя фотаздымкі.

На фестывалі мясцовыя майстры кулінарыі радуюць турыстаў самымі незвычайнымі стравамі з журавін, наліўкамі і настойкамі. І саму лячэбную карысную ягаду можна тут купіць па разумных цэнах.

«ЯБЛЫЧНЫ СПАС» У ШАРКАЎШЧЫНЕ

Ідэя правесці шырокамаштабны фестываль яблыкаў узнікла некалькі гадоў таму: бадай, у нас ля кожнага падворка ёсць яблыневы сад. Невялікае мястэчка Шаркаўшчына ўзялося за ўвасабленне гэтай ідэі. Справа ў тым, што тут шмат гадоў праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя вядомаму беларускаму селекцыянеру-аматару Івану Паўлавічу Сікоры. Гэтае свята называлася «Яблычны Спас – усяму час» і праводзілася ў жніўні ў вёсцы Малыя Алашкі. У вёсцы ж Вялікія Алашкі знаходзіцца музей І.П. Сікоры, экспазіцыя якога налічвае каля трох тысяч экспанатаў.

Іван Паўлавіч Сікора пры жыцці шмат часу прысвяціў стварэнню гатунку яблыні з падвышанай зімаўстойлівасцю. На жаль, гатунак быў створаны толькі пасля смерці селекцыянера, але названы ў яго гонар. У Шаркаўшчынскім райвыканкаме вырашылі, што варта пашырыць рамкі мясцовага фестывалю і зрабіць яго прывабным для ўсёй Беларусі.

Зараз гасцей свята чакаюць самыя разнастайныя забавы: яблычны кірмаш, дэгустацыйная алея кулінарных яблычных страў і напояў для дзяцей і дарослых, дабрачынны аўкцыён яблычных пірагоў, флэшмоб «Карціна з яблыкаў», арт-маркет «Райскія яблыкі», конкурс «Яблычная прыгажуня», «Яблычнае вяселле», майстар-класы і вясёлыя спаборніцтвы з сельскага жыцця і нават «печка водгукаў і прапаноў». І што цікава, усе пляцоўкі інтэрактыўныя, а значыць, кожны госць можа паспрабаваць свае сілы ў любым занятку, будзь то колка дроў ці майстар-клас па ганчарстве.

"ЮШКА-ФЭСТ" У ВІЛЕЙЦЫ

Першы фестываль прайшоў у Вілейцы ў 2017 годзе. Адным з яркіх момантаў свята стаў конкурс на лепшае прыгатаванне юшкі. Свята сабрала больш за 5 тысяч чалавек. Гасцей частавалі, акрамя юшкі, пірагамі, дранікамі, шашлыкамі, самаробным квасам.

Фестываль "Юшка-фэст" у Вілейцы арганізавалі ў рамках праекта ЕС / ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Сёлета фестываль прайшоў 17 жніўня на гарадскім пляжы і меў экалагічную накіраванасць. Як паведамлялася, напрыклад, гасцей, якія прыйшлі са сваёй кружкай, бясплатна частавалі квасам.

  • Дарэчы
  • Прырост у сегменце гастранамічных турыстаў складае 7-12% у год.
  • У Еўропе 600 тысяч падарожжаў штогод ладзяцца выключна з гастранамічнымі мэтамі.
  • 20 млн. паездак утрымліваюць гастранамічны матыў, а 5 млн. турыстаў, якія наведвалі Іспанію, назвалі ежу і віно галоўнай прычынай свайго выбару.
  • На ежу прыпадае 30% усіх сродкаў, затрачаных падчас падарожжа. 
  • 93% турыстаў з усяго сусветнага патоку хацелі б паспрабаваць нацыянальную ежу краін, куды яны накіроўваюцца, наведаць мясцовыя рынкі і рэстараны, паўдзельнічаць у нейкіх атракцыях, звязаных з ежай.

 

АД ПЕРШАЙ АСОБЫ

Кіраўнік БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова:

- За апошнія гады беларускі сельскі турызм значна змяніўся, ён ператварыўся з сацыяльна-культурнай з'явы ў галіну эканомікі. Беларусь стала больш адкрытай дзякуючы ўвядзенню бязвізавага ўезду, і добра, калі гэтая лібералізацыя будзе працягвацца.

Стала больш замежных турыстаў, але стала і больш суайчыннікаў, якія падарожнічаюць па сваёй краіне. Таму павінны быць і разнастайныя фестывалі, і займальныя праграмы, і цікавыя маршруты, і падзейныя мерапрыемствы.

У свеце ёсць турыстычныя цэнтры, як Барселона, Парыж, Рым, Венецыя, якія проста задыхаюцца ад наплыву турыстаў. Але ёсць і невялікія сельскія тэрыторыі, якія дзякуючы ініцыятыве мясцовага насельніцтва сталі прывабнымі для тысяч замежнікаў. Хто б ведаў французскі гарадок Мандэллё ля Напуль, калі б не ярка-жоўты «Фестываль мімозы»? Нямецкі гарадок Людвігсбург набыў вядомасць дзякуючы аранжаваму «Святу Гарбуза», а балгарскі Казанлык – «Фестывалю масленічнай ружы». І такіх прыкладаў дзясяткі.

Для поспеху трэба вельмі нямногае: беражліва ставіцца да сваёй гісторыі, любіць сваю маленькую радзіму, шукаць і знаходзіць цікавыя факты і аб'екты. У многіх беларускіх фестываляў такой цікавосткай стаў гастранамічны складнік. І гэта нядзіўна: кухня – частка народнай культуры, цікавая і самабытная яе частка.

Надзея Суслава

Фота: Альфрэд Мікус, сайт pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».