Вы тут

У склад глабальнай сеткі ўвайшло больш чым 200 СМІ. «Звязда» — сярод іх


Рэалізацыя найбуйнейшага транснацыянальнага праекта сучаснасці «Адзін пояс, адзін шлях» адбываецца цягам вось ужо шасці гадоў. Адпаведныя прапановы старшыня КНР Сі Цзіньпін вылучыў восенню 2013-га. Спачатку гэтая ініцыятыва Паднябеснай выклікала недавер, але яна паспяхова прайшла самую бескампрамісную праверку — часам — і паспяхова ўвасабляецца ў жыццё. Мегапраект злучыў усе кантыненты планеты і прыносіць адчувальныя выгады ўсім яго ўдзельнікам. «Пояс і шлях» стаў адной з найбольш папулярных тэм у інфармацыйнай прасторы. Кітай актыўна падтрымлівае гэты трэнд, арганізуе паездкі і сустрэчы журналістаў з розных краін свету. За час рэалізацыі глабальнага праекта было праведзена пяць штогадовых форумаў супрацоўніцтва СМІ. Сёлета створана інфармацыйная сетка «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN). Нядаўна ў Кітай на грунтоўны семінар BRNN, які быў арганізаваны Канцэлярыяй Дзяржсавета КНР пры падтрымцы Сакратарыята інфасеткі (аддзела па замежных сувязях і супрацоўніцтву рэдакцыі газеты «Жэньмінь жыбаа») і Кітайскага ўніверсітэта камунікацый, з'ехаліся 43 прадстаўнікі СМІ з 20 краін Еўразіі, Блізкага Усходу і Заходняй Афрыкі, сярод удзельнікаў — «Звязда». Як жа развіваецца «Пояс і шлях»?


Пункты росту

Некалькі слоў пра мегапраект. Уласна кажучы, гэта ўжо тысячы рэалізаваных канкрэтных спраў. «Самай вялікай асаблівасцю стала ператварэнне ініцыятывы ў фактычныя дзеянні. «Адзін пояс, адзін шлях» ужо стаў брэндам», — адзначыў дырэктар НДІ міжнародных спраў Народнага ўніверсітэта Кітая Ван Івэй у інтэрв'ю газеце «Жэньмінь жыбаа». Вельмі важным з'яўляецца тое, што ініцыятыва трывала ўвайшла ў міжнародны дыскурс. Напрыклад, адпаведная рэзалюцыя атрымала адабрэнне з боку 193 членаў ААН, што сведчыць аб паўсюднай падтрымцы сусветнай супольнасці ў прасоўванні «Пояса і шляху».

У межах глабальнай задачы рэалізавана вялікая колькасць буйных праектаў. Напрыклад, у чыгуначнай сферы можна адзначыць узвядзенне чыгункі Мамбаса—Найробі і Адыс-Абеба—Джыбуці. Што датычыцца шашы, прасоўваецца будаўніцтва двух аўтадарог па эканамічным калідоры Кітай—Пакістан, а таксама аўтадарожнага моста Хэйхэ—Благавешчанск. У сферы марскіх перавозак задзейнічаны 42 парты ў 34 краінах (шэраг з іх — у стадыі будаўніцтва), у тым ліку ў Грэцыі, Шры-Ланцы і Пакістане. 8 чэрвеня 2016 года адбылося афіцыйнае адкрыццё адзінага брэнда «Рэйс Кітай—Еўропа». З тых часоў колькасць краін, транспартных ліній і тавараў, што перавозяцца, пастаянна павялічваецца. Паводле звестак, апублікаваных міністэрствам транспарту КНР, колькасць чыгуначных рэйсаў па маршруце Кітай—Еўропа перавысіла 13 тысяч.

Было адкрыта 356 міжнародных пасажырскіх і таварных авіяліній, колькасць дададзеных міжнародных паветраных рэйсаў склала 402, наладжаны прамыя зносіны паміж Кітаем і 43 краінамі ўздоўж «Пояса і шляху», штотыдзень ажыццяўляецца каля 4500 прамых рэйсаў. Важным хабам на шляху з Паднябеснай у Стары Свет з'яўляецца Беларусь. Аб гэтым прынамсі сведчаць вынікі транзіту праз тэрыторыю нашай дзяржавы, а таксама развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», які Сі Цзіньпінь назваў жамчужынай Шаўковага шляху.

Апроч транспартнай інфраструктуры, станоўчыя вынікі зафіксаваныя ў розных сферах, у тым ліку ў электроннай камерцыі і гуманітарных абменах, адзначыў Ван Івэй. Як паведамілі ў Акадэміі грамадскіх навук Кітая, мяркуецца, што да 2020 года колькасць паездак паміж Кітаем і краінамі ўздоўж «Пояса і шляху» перавысіць 85 мільёнаў.

Прапанова на 20 трыльёнаў долараў

Міжнародны фінансавы форум (МФФ) апублікаваў даклад, у якім прадстаўлены вынікі першага ў свеце апытання па «Поясе і шляху». Рэспандэнтамі выступілі 26 цэнтральных банкаў прадстаўнічых краін і раёнаў свету. Згодна з дакладам, 63 працэнты апытаных лічаць, што «Адзін пояс, адзін шлях» з’яўляецца важным шанцам, а таксама адной з асноўных ініцыятыў за апошнія 10 гадоў. Цікавасць да яе асабліва прыкметная ў пашырэнні Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый (АБІІ). Колькасць краін — членаў АБІІ дасягнула 100.

Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытута сучасных міжнародных адносін Кітая Бо Мэнцзы, ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» з’яўляецца самым вялікім грамадскім таварам, прададзеным КНР сусветнай супольнасці, а таксама міжнароднай ініцыятывай па супрацоўніцтве, якая карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў свеце. Згодна з апытаннем МФФ, 92 працэнты цэнтрабанкаў прагназуюць, што ў наступныя пяць гадоў праекты ў рамках глабальнай ініцыятывы змогуць падтрымаць эканамічны рост унутры краін. Многія рэспандэнты лічаць, што іх рэалізацыя дадасць не менш чым адзін працэнт да ВУП. Чвэрць апытаных прытрымліваюцца яшчэ больш аптымістычных прагнозаў, чакаючы росту ў 2—5 працэнтных пунктаў. Выгада — відавочная.

У Пекіне была апублікавана «Сіняя кніга: даклад аб будаўніцтве і развіцці «Аднаго пояса, аднаго шляху». Яна сумесна падрыхтавана Даследчым цэнтрам Акадэміі грамадскіх навук КНР, Даследчым фондам рэфармавання і развіцця Cіtіc, Інстытутам Еўразіі Акадэміі грамадскіх навук Кітая. У рамках рэалізацыі мегапраекта «разгорнута новая мадэль супрацоўніцтва, актывізаваныя розныя механізмы ўзаемадзеяння, стымулюецца рэгіянальнае эканамічнае развіццё», такую думку ў «Сіняй кнізе» выказаў дырэктар Даследчага цэнтра «Адзін пояс, адзін шлях» пры Акадэміі грамадскіх навук Кітая Лі Юнцюань. Як адзначыў эксперт, ініцыятыва прапанавала кітайскі праект для глабалізацыі новага тыпу.

Таваразварот паміж КНР і краінамі ўздоўж «Пояса і шляху» ўжо перавысіў пяць трыльёнаў долараў. На думку шэрагу экспертаў, мяркуемы маштаб у далейшым — звыш 20 трыльёнаў. Як паведаміў дырэктар Эканамічнага інстытута Нанькайскага ўніверсітэта Шэн Бінь, толькі з 2012-га да 2017 года аб’ём прамых інвестыцый прадпрыемстваў Паднябеснай склаў больш чым 80 мільярдаў долараў. Кітайскія прадпрыемствы актыўна ствараюць зоны па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якія галоўным чынам сканцэнтраваны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Еўропе. Колькасць задзейнічаных кампаній — звыш 4,5 тысячы. У гэтых зонах створана каля 300 тысяч новых рабочых месцаў.

Сусветная платформа

Па словах дырэктара газеты «Жэньмінь жыбаа» Лі Баашаня, падчас Першага форуму высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве «Адзін пояс, адзін шлях» старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай створыць механізм супрацоўніцтва і платформу па гуманітарным узаемадзеянні, у тым ліку сетку па інфармацыйным супрацоўніцтве. Сказана — зроблена. Інфармацыйная сетка «Адзін пояс, адзін шлях» адлічвае сваю гісторыю з сёлетняга красавіка. Тады ў Пекіне прайшло першае пасяджэнне Савета BRNN. Ініцыятарам сусветнай платформы па зносінах СМІ выступіла газета «Жэньмінь жыбаа».

Як адзначыў у сваім прывітальным лісце Сі Цзіньпін, сродкі масавай інфармацыі адыгралі актыўную канструктыўную ролю ў працэсе прасоўвання сумеснага будаўніцтва ў рамках глабальнай ініцыятывы. Каб прадоўжыць гэты пазітыўны працэс, вельмі важна было своечасова стварыць функцыянальную пляцоўку міжнароднага супрацоўніцтва СМІ. Інфармацыйная сетка «Адзін пояс, адзін шлях» ужо даказала сваю эфектыўнасць. «На сённяшні дзень у складзе інфармацыйнай сеткі ўжо 204 СМІ з 97 краін свету», — паведаміў кіраўнік дэпартамента знешніх сувязяў «Жэньмінь жыбаа» Лі Цзічань.

«Звязду» і «Жэньмінь жыбаа» звязваюць гады плённага ўзаемадзеяння. У верасні 2015-га газеты падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. З тых часоў рэалізуем сумесны праект — на нашых інтэрнет-парталах рэгулярна выходзяць падборкі навін з Беларусі і Кітая. Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» намеснік кіраўніка дэпартамента знешніх сувязяў газеты «Жэньмінь жыбаа» Цаа Пэнчэн, супрацоўніцтва паміж выданнямі будзе пашырацца, у тым ліку за кошт магчымасцяў BRNN. Інфармацыйных падстаў, перакананы, будзе дастаткова.

«Вялікі камень» — найлепшы ў свеце

Сусветная федэрацыя свабодных і спецыяльных эканамічных зон (FEMOZA) назвала індустрыяльны парк «Вялікі камень» самай хуткарослай асобай эканамічнай зонай у свеце. Пра гэта паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» Кірыл Карацееў.

Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод прайшла днямі ў Манака падчас саміту свабодных і спецыяльных эканамічных зон. Паводле слоў прэзідэнта федэрацыі Хуана Торэнтса, ключавымі пры вызначэнні пераможцы сталі перспектыўнасць «Вялікага каменя» для сусветных інвестыцый і імклівыя тэмпы яго развіцця, перадае БелТА. У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 400 прадстаўнікоў СЭЗ Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Бельгіі, Нидэрландаў, Фінляндыі, Латвіі, Польшчы, Італіі, Іспаніі, Грэцыі, Турцыі, а таксама краін Азіі і Афрыкі, гандлёва-прамысловых палат, органаў дзяржаўнай улады, патэнцыйныя замежныя інвестары, эксперты.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Загаловак у газеце: Шаўковы інфапояс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.