Вы тут

Што гэта за фільм, які стаў найлепшым на «Лістападзе»


Украінскія калегі паведамілі, што на радзіме «Атлантыду» Валянціна Васяновіча некаторыя кінапрафесіяналы называюць ледзь не найлепшай кінакарцінай за ўсю гісторыю незалежнай Украіны. А калі не настолькі маштабна, прынамсі, адной з найлепшых за апошнія некалькі гадоў. Антыўтопія пра краіну 2025-га быццам бы праз год пасля заканчэння вайны ціха-мірна вядзе праз ужо непрыдатную да жыцця тэрыторыю і нясе горка-жыццесцвярджальны меседж, маўляў, жыць тут будзе немагчыма, але для герояў знойдуцца і сэнсы, і цеплыня, і любоў. І горкая частка гэтага, здавалася б, аптымістычнага пасылу заключаецца ў тым, што любоў любові не роўная.


Валянцін Васяновіч можа быць вядомы гледачу па рэзананснай у свой час карціне Міраслава Слабашпіцкага «Племя», дзе быў прадзюсарам і аператарам. У 2014 годзе фільм без слоў атрымаў Гран-пры «Золата Лістапада», не кажучы ўжо пра тое, што ў прынцыпе грымеў у той час на кінафестывалях сваёй грубай праўдай.

Рэжысёрская работа Васяновіча «Атлантыда», названая імем міфічнай дзяржавы, што ўяўляла сабой высокую цывілізацыю, а ў рэшце рэшт прыйшла ў заняпад і знікла, была паказаная на Венецыянскім кінафестывалі і названая найлепшай у яго конкурснай праграме «Гарызонты». І двух месяцаў не прайшло з сусветнай прэм'еры, як стужку літаральна з полымя, з жару паказалі на Мінскім кінафестывалі і ўзнагародзілі яе Гран-пры.

Значыць, усё пачынаецца з метадычнага забойства: група людзей дзейнічае, бачна, па напрацаванай схеме — капае магілу, прыцягвае чалавека, дабівае прыкладам у сківіцу і закопвае. Усё гэта праз цеплавізар, то-бок глядач не бачыць сцэну ў яе рэальных абрысах.

І далей фільм пачынае, таксама метадычна, расказваць гісторыю двух сяброў, што прайшлі вайну і засталіся ва ўжо мірнай Усходняй Украіне з посттраўматычным сіндромам. Іван не вытрымлівае псіхалагічных наступстваў мінулага, Сяргей мусіць знайсці сэнс жыцця. Калі ўмоўны еўрапейскі ці амерыканскі ўладальнік закрывае мясцовы завод, месца працы сяброў, Сяргей падраджаецца дапамагаць групе валанцёраў, што займаюцца эксгумацыяй памерлых падчас вайны. У пэўны момант ён выратоўвае жанчыну з узарванага аўтамабіля, і тая адкрывае яму магчымасць з'ехаць за мяжу, бо тэрыторыя, як мы даведваемся з яе слоў, вада, зямля сталі надоўга непрыдатныя. Галоўны герой адмаўляецца і знаходзіць сабе месца ў гэтай заняпалай Атлантыдзе. Не адбываецца быццам бы нічога, і пры гэтым адбылося ўсё.

Расказваючы пра карціну Васяновіча, спойлеры не становяцца спойлерамі: піетэт перад тайнай гісторыі ўвогуле не датычыцца гэтай стужкі. Самі па сабе дзеянне, сюжэт, развіццё падзей выступаюць у раўназначнай ролі з формай і візуалам фільма, дзе хаваюцца яго галоўныя вартасці, альбо нават з'яўляюцца іх дапаможнікамі. Асацыяцыя з антыўтопіяй ці постапакаліпсісам узнікае не толькі з-за рэжысёрскага вызначэння ці паведамлення «Усходняя Украіна, 2025-ы, год пасля вайны». Карціна складаецца з аднолькава важных, знятых статычнай камерай эпізодаў, і ў кожным з іх цяжар мінулага сачыцца з экрана. І што найбольш парадаксальна (альбо не), гэтыя доўгія, непарыўныя, постапакаліптычныя планы — амаль што дакументальныя, то-бок знятыя без аніякіх надбудоў і штучных дэкарацый. Нават акцёры тут не іграюць, а толькі вымаўляюць рэплікі і выконваюць функцыі — сігануць уніз, пакрычаць адзін на аднаго, «разнесці» пакой, максімальна раўнадушна паесці, сыграць любоўную сцэну і так далей. Эмоцыі як бы і ёсць, нават моцныя, але яны такія механічныя, што нівелююцца праз кантэкст, быццам забруджаная за час вайны прастора зламала іх значнасць.

З горыччу адзначаеш, што антыўтопія тут пляцецца са змрочнай рэальнасці, аскетычнымі сродкамі, без аніякіх звышнатуральных маніпуляцый, дастаткова толькі здымаць у дождж ці воблачнае надвор'е. Некаторая ступень умоўнасці таго, што адбываецца, дазваляе раскатаць набор раўназначных, мерных, ціхіх і рэальна-нерэальных сцэн у роўную паверхню. Што эпізод, дзе Іван саскоквае ў гарачы сплаў, а па сутнасці гэта, згадзіцеся, шакуючая сцэна, што эпізод, дзе Сяргей спакойна робіць сабе імправізаваную ванну ў каўшы экскаватара, а вакол пустэча, — усё адно. Альбо калі Сяргей адкрывае сваім ключом кватэру ва ўжо разбітым будынку: усё развернена, стаіць разбітае піяніна «Украіна», на падлозе дзіцячыя боцікі. Баланс ва ўспрыманні рыхтуецца той псіхалагічнай застыласцю траўмаваных прасторы і людзей. Што б тут ні адбывалася — усё падтаквае створанай умоўнасці і стрыманай логіцы фільма, ад чаго той безэмацыйнасцю лёгка заразіцца. «У мяне цяпер амаль няма ні суму, ні радасці. Затое ёсць маральны спакой да рыбінай абыякавасці», — так дарэчы прыходзіцца Тарас Шаўчэнка з адным са сваіх лістоў.

Дакладна так. Наваколле з'яўляецца чужым і негасцінным, горад — разбураным і нежылым, завод — пагрозлівым рудыментам былой сістэмы, зламаныя людзі вараць каву ў пустой кватэры бы запальваюць вогнішча ў пячоры.

Можа быць, гэта і суб'ектыўнае ўражанне, але хай будзе месца і для яго: праз «Атлантыду» ў свядомасць лішні раз уразаецца не да канца прынятая і не да канца звязаная з Украінай праўда — там ідзе вайна. А гэта скрабе па сфарміраваных у мозгу выявах з Уладзімірам Зяленскім, украінскім шоу-бізнесам і калядным Львовам. Мы часта імкнёмся падабраць далікатныя эўфемізмы і прапусціць лішнюю навіну з краіны-суседкі, але ў рэшце рэшт такое маладушша павінна перабівацца. Нездарма: прадстаўляючы карціну членам журы, журналістам і кінакрытыкам, праграмны дырэктар «Лістапада» абазначыў тэмай «канфлікт паміж усходам і захадам Украіны», што выклікала незадаволены вокліч майго кіеўскага калегі. Вайна, толькі вайна, хай нават лінгвістычна гэта адзін з відаў агульнага слова «канфлікт». У наступным сказе праграмны дырэктар сябе выправіў.

«Атлантыда» ў параўнанні з частай рэакцыяй украінцаў на адпаведную тэму надзвычай безэмацыйнае выказванне пра вайну, а калі падумаць — гэта страшна. Змрочная прыстасаванасць і неабходнасць прыстасоўвацца да «постапакаліптычных» умоў у рэшце рэшт завяршае стадыі ўспрымання рэчаіснасці, таму «Атлантыда» як чарговая карціна пра апошнія падзеі становіцца апафеознай, як бы дадаць ужо няма чаго.

Фінал — такая ж метадычная сцэна сексу, эмацыянальнае яднанне ў пустой кватэры і абдымкі зноў праз цеплавізар, вось і закальцоўванне, — паказвае, што ў гэтай жахлівай пустэчы, у фільме і, мяркую, у рэальнасці, людзі ўсё роўна знайшлі сваё жыццё, падладзіліся, прыстасаваліся і «палюбілі гэты агідны свет». Аптымізм у «Атлантыдзе», а мы ведаем гісторыю легендарнага горада, глядзіцца дваяка. Паўтаруся, любоў любові не роўная. Жыццесцвярджальная канцоўка не дае спакою: людзі зноў мусяць любіць агідны свет.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Пачаць за спачын, а скончыць за жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».