Вы тут

Чым парадаваў VІІ рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі


За шэсць дзён лістапада 11 тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны і Грузіі паказалі на бабруйскай сцэне 12 спектакляў. А калі быць дакладным, то ўсе 15, бо некаторыя пастаноўкі гледачы ўбачылі двойчы. Асаблівасць фестывалю ў тым, што на ім прадстаўлены выключна творы беларускіх драматургаў — і вельмі радуе, што яны блізкія не толькі беларусам. Было цікава ўбачыць інтэрпрэтацыю п'есы маладой аўтаркі Марыі Іванюшэнкі «Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам» у выкананні грузінскага тэатра. А твор Паўла Пражко «Два пярсцёнкі» ў прачытанні гасцей з Санкт-Пецярбурга так уразіў тэатразнаўцаў, што некаторыя назвалі яго адкрыццём фестывалю.


— Гэта вопыт візуальнага тэатра, звязанага з вялікім уплывам музыкі. Такога яшчэ не было, гэта цалкам эксперыментальная работа. Цікава, як працуе акцёр, як выбудоўваюцца ўзаемаадносіны ў такім тэатры, дзе няма дыялогу і слоў, — падзялілася ўражаннямі загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вераніка ЯРМАЛІНСКАЯ. Яна неаднаразова прысутнічала на фестывалі як крытык, а сёлета ўпершыню ўзначаліла журы.

Наогул сёлетняя афіша была вельмі насычаная і разнастайная. На ўдзел у форуме было пададзена 27 заявак, але ў праграму ўвайшло толькі 12 спектакляў. Але і гэта таксама рэкорд. «Фестываль быў больш насычаны спектаклямі, чым папярэднія, з'явіліся новыя госці, — адзначыла Вераніка Ярмалінская. — Гэтым разам было больш эксперыментальных работ, новых формаў: гэта і Павел Пражко з яго «Двума пярсцёнкамі», і вельмі папулярны сёння Канстанцін Сцешык, «Ляцелі арэлі» якога паказаў гомельскі тэатр, і модны драматург Дзмітрый Багаслаўскі».

Эксперты адзначылі ўкраінскі «варыянт» спектакля «Тата, ты мяне любіў?» Дзмітрыя Багаслаўскага ад Кіеўскага акадэмічнага тэатра «Залатыя вароты»: прыгожая сцэнічная мова, высокі ўзровень школы акцёрскага мастацтва. Пастаноўка, дарэчы, стала сёлета фаварытам, атрымаўшы ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшы спектакль». Для драматурга Багаслаўскага фестываль наогул быў зорны, бо ягоны твор «Ціхі шоргат адыходзячых крокаў» назвалі найлепшай п'есай сучаснага беларускага аўтара.

Акцёра Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра Дзмітрыя Попчанку, які сыграў Стаса ў спектаклі «Ляцелі арэлі» (на фота), прызналі пераможцам у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля». Узнагарода за найлепшую жаночую ролю дасталася Ганне Семяняцы — яе Дзіна са спектакля «Сірожа» была непараўнальная. За найлепшыя ролі другога плана ўзнагародзілі Аляксандра Ярэму (спектакль «Тата, ты мяне любіў?») і Лізу Астрахову (спектакль «Ляцелі арэлі»). Вердыкт «Найлепшая рэжысура» атрымаў спектакль «Сірожа» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. А найлепшая сцэнаграфія, на думку журы, была ў спектакля «Сіртакі» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча.

Тое, што ў беларускай драматургіі ёсць будучае, тэатразнаўцы не сумняваюцца.

— З'яўляюцца новыя п'есы, новыя імёны. Юлія Чарняўская, напрыклад, — рэзюмуе старшыня журы. — Яна педагог, выкладае ва ўніверсітэце, а паралельна піша п'есы, якія запатрабаваныя ў тэатрах. Мы ж ведаем, што сёння вельмі складана трапіць на сцэну, трэба, каб рэжысёр аддаў перавагу менавіта твайму твору. А сёння пайшла такая тэндэнцыя, што рэжысёры самі шмат ствараюць п'ес і шмат займаюцца інсцэніроўкамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Фармат эксперыментаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.