Вы тут

Экспазіцыя «Прашу прыняць у дар...» прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі


Час, калі Нацыянальны мастацкі музей адзначае свой 80-ы дзень нараджэння, асабліва плённы для наведвальнікаў: адметныя праекты, сустрэчы ды нават падарункі. Іх музей не кладзе на паліцы ў сховішчах, а прадстаўляе гледачу.


Напрыклад, напярэдадні свята падарункі склалі экспазіцыю «Прашу прыняць у дар...», дзе выстаўленыя самыя значныя экспанаты, атрыманыя ў апошнія дзесяцігоддзі. За апошнія 20 гадоў музейную калекцыю папоўнілі 4972 падарункі.

І літаральна днямі калекцыя зноў папоўнілася каштоўнасцямі для нацыянальнай культуры: дзякуючы ганароваму консулу Рэспублікі Беларусь у Лазане Андрэю Нажэскіну наша краіна цяпер мае яшчэ тры карціны нашага знакамітага земляка Фердынанда Рушчыца. Дагэтуль у музеі быў адзін яго твор — з больш чым 30 тысяч экспанатаў. Аснову калекцыі музея, гісторыя якога пачыналася ў 1939 годзе з заснавання Дзяржаўнай карціннай галерэі, заклала Алена Аладава, апантаны дырэктар, якая ўзначаліла ўстанову ўжо пасля вайны. Дзякуючы ёй, у прыватнасці, у Беларусі ёсць творы знакамітых рускіх мастакоў. Частка самых адметных работ уключана ў пастаянную экспазіцыю. А шэраг твораў, якія даюць магчымасць атрымаць уяўленне пра пэўны пласт мастацтва, дэманструюцца на адмысловых выстаўках. Адна з такіх — «Рускі імпрэсіянізм», што праходзіць зараз.

Колеравыя ўсплёскі, праз якія праступае не столькі жыццё, колькі яго адчуванне, ды няпэўнасць ліній, за якой стаіць упэўненасць аўтараў у абраным кірунку — тое, што прымушае верыць у магчымасць чыстага мастацтва і праз 100 гадоў пасля таго, як былі створаныя гэтыя работы. Але ёсць яшчэ адно, чым кранае гэта выстаўка: дае падставу перагледзець уласныя адносіны да рускага мастацтва мяжы XІX—XX стагоддзяў, адысці ад стэрэатыпнага погляду, абумоўленага ведамі пра неўміручы рэалізм. Прытым што пад увагай мастакоў-імпрэсіяністаў (якія стаялі ля вытокаў гэтай плыні) была ўсё ж рэчаіснасць. Але ж погляд на яе і выніковае адчуванне моманту выклікалі настолькі моцныя эмоцыі, што кірунак, які ўразіў Парыж у прыканцы ХІХ стагоддзя, аказаўся даволі плённы і перайшоў межы эпох і краін.

Канстанцін Каровін. Вячэрні Парыж.

...Рускі мастак Канстанцін Каровін быў захоплены Парыжам і любіў яго адлюстроўваць — розным, у розныя часы дня, з розным настроем, адчуваннем. Вучань Аляксея Саўрасава і Васілія Паленава, ён імкнуўся да творчай адметнасці, што яму не маглі дараваць настаўнікі, адданыя акадэмізму. А ён толькі больш умацоўваўся ў жаданні быць іншым, магчыма, калі прыслухоўваўся да сваіх адчуванняў у розных вандроўках. Але Парыж стане для яго горадам-марай, горадам-лёсам: ці прадчуваў Каровін, што тут яму выпадзе памерці ў 1939 годзе, амаль у галечы?.. Але не хочацца думаць пра гэта, калі глядзіш яго «Вечаровы Парыж» — ён вабіць і натхняе на вірлівае жыццё. Гэты твор знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, як і яшчэ больш за дзясятак работ майстра.

І не толькі яго. Сярод тых, каго можна назваць рускімі імпрэсіяністамі, — шэраг імёнаў, якія шмат для каго могуць стаць персанальнымі адкрыццямі. Сяргей Вінаградаў, Абрам Архіпаў, Аляксандр Мараваў, Леанід Туржанскі, нават Валянцін Сяроў ды іншыя стваралі ў імпрэсіяналістычнай манеры. Уплыў імпрэсіянізму быў настолькі моцны, што не абмінулі яго сваімі прыхільнасцямі некаторыя савецкія мастакі, праўда, умела хавалі свае «фармальныя» пошукі ў час панавання «правільных» поглядаў. Аднак імпрэсіянізм аказаўся непераможны і ўсё роўна прабіваўся праз рэалістычны погляд на жыццё. Як таленавіта гэта можна было рабіць, сведчыць выстаўка, дзе назіраеш асоб у мастацтве, якіх не здолела перамагчы рэчаіснасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Смак колераў у юбілейным святле

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.