Вы тут

У Вялікім тэатры вялікая балетная прэм'ера — «Ганна Карэніна»


14 і 15 лістапада ў Мінску прадстаўляюць новую пастаноўку маладога харэографа Вольгі Костэль — балет «Ганна Карэніна». Нягледзячы на далёка не танныя білеты (да 140 рублёў), прэм’ерныя паказы ў Вялікім тэатры Беларусі прайшлі з аншлагам.


Гісторыю, расказаную Львом Талстым, перакладалі на мову танца ўжо неаднойчы. Адна з самых вядомых пастановак «Ганны Карэнінай» — балет 1972 года на музыку Радзівона Шчадрына, у якім галоўную партыю выканала славутая Мая Плісецкая. Таксама «Карэніну» ставілі ў Новасібірску і Ташкенце, Вільнюсе, Адэсе, Свярдлоўску, Таліне, Санкт-Пецярбургу, Маскве. А акрамя Расіі і СССР — у Германіі, Аўстраліі, ЗША, Канадзе... Таму, прызнаецца мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар’еў, у яго натуральна былі сур’ёзныя сумненні, ці варта наогул ствараць яшчэ адзін балет, які непазбежна будуць параўноўваць з мінулымі: «Але Вольга сказала: у мяне будзе жаночы погляд, і я зразумеў, што ідэя вартая ўвагі».

У чым заключаецца жаночы падыход, канцэпцыя, якую балетмайстар з айчыннай і еўрапейскай адукацыяй Вольга Костэль выношвала каля трох гадоў? «Што я закладвала ў спектакль? Перадусім мяне хвалявала пытанне шчырасці, сапраўднасці пачуццяў — тады і цяпер, канфлікт жывога чалавека і механістычнага грамадства, натоўпу. Канешне, я падняла і канфлікт паміж ролямі маці і каханкі, тое, што Ганна не змагла ў сабе сумясціць, — таму ў нас з’явілася роля сына Сярожы, прычым гэта не сілуэт на заднім плане, а паўнавартасны персанаж, — кажа Вольга, якая, дарэчы, з’яўляецца і аўтарам лібрэта. — Мы, сённяшнія, насамрэч недалёка адышлі ад герояў Талстога і жывём гэтак жа складана, як яны, замест сапраўдных рэчаў нам пастаянна падсоўваюць эрзац, латэкс і кажуць, што гэта і ёсць шчасце...»

Каб раскрыць задумку найбольш поўна, балетмайстар-пастаноўшчык падабрала музыку з трох апошніх сімфоній і асобных частак сімфанічных твораў Пятра Чайкоўскага, яшчэ шчыльней звязваючы двух класікаў эпохай і страсцямі чалавечымі. Пры гэтым, падкрэслівае дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, на сцэне — не ілюстрацыя твора Талстога музыкай Чайкоўскага ці наадварот. Гэта аўтарскае, новае і нетрывіяльнае прачытанне класікі.

«Ганна Карэніна» стала апошняй работай галоўнага мастака тэатра Аляксандра Касцючэнкі, які пайшоў з жыцця некалькі месяцаў таму. Яго сцэнаграфія — неад’емная частка спектакля, і ў кожным з элементаў чыгункі, вакзала, люстэркаў, чамаданаў — свой сэнс і падказка, якая дазваляе глыбей зразумець гісторыю, герояў і іх памкненні. Атрымаўся балет, у якім усе пачуцці — навідавоку, драма — на разрыў, метафары — на смакаванне, так што многія тэатральныя заўсёднікі (будзем шчырыя, заўсёдніцы) падчас спектакля не стрымліваюць слёз. А гледачы-мужчыны, здаецца, усю дарогу да і пасля антракту спрабуюць зразумець: Ганна — ахвяра ці ганебная здрадніца, яна добрая ці дрэнная? «Я яе не асуджаю і магу зразумець, але я сама — спадзяюся на гэта — зрабіла б інакш, — разважае вядучы майстар сцэны Людміла Уланцава, адна з Карэніных, якіх убачыла беларуская публіка. — На мой погляд, пераважаць мусіць усё ж розум, а тая хімія, якая існуе паміж мужчынам і жанчынай, павінна натхняць, акрыляць, але не разбураць тваё жыццё і жыцці іншых людзей...» Да чаго давяла «хімія» і пачуццёвыя адажыа Вронскага і Карэніну, якая не можа разарвацца паміж сынам і каханым, усе добра памятаюць. Але ў новым балеце фінал эфектны: і цягнік не цягнік, і пасля кропкі над «і» застаецца шматкроп’е... Наступным разам «Ганну Карэніну» ў Вялікім тэатры дадуць у лютым 2020 года — не прапусціце.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Ган­на Ка­рэ­ні­на на пу­ан­тах

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.