Вы тут

Лідзія Ярмошына: Выбарчая кампанія ў цэлым праходзіць спакойна


Усе выбарчыя ўчасткі ўжо адкрытыя, акрамя тых, якія ствараюцца ў бальніцах і санаторна-курортных установах. Яны адкрыюцца і будуць працаваць толькі адзін дзень — 17 лістапада. Аб гэтым праінфармавала старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА ў відэазвароце на сайце ЦВК.


Фота БелТА.

«Выбарчая кампанія ў цэлым праходзіць спакойна. Цяпер у выбарах удзельнічаюць 515 кандыдатаў у дэпутаты (зарэгістравана было 562). Частка кандыдатаў у дэпутаты знялася з рэгістрацыі самастойна, з розных прычын — як уважлівых, так і няўважлівых. У дачыненні да чатырнаццаці кандыдатаў у дэпутаты рашэнні аб рэгістрацыі скасаваныя выбарчымі камісіямі за парушэнні», — паведаміла Лідзія Ярмошына. Знятыя з выбараў кандыдаты ў дэпутаты не выконвалі абмежаванні выбарчага заканадаўства, якое не дапускае злоўжывання правам на вядзенне перадвыбарнай агітацыі: абразу і паклёп, распальванне сацыяльнай варожасці, заклікі да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага строю.

Сёлетнюю колькасць акрэдытаваных міжнародных назіральнікаў — 1027 чалавек прыбудзе ў нашу краіну — старшыня Цэнтрвыбаркама назвала беспрэцэдэнтна вялікай. Частка з іх ужо ажыццяўляе сваю місію. Да справы прыступіла і каля трыццаці тысяч нацыянальных назіральнікаў.

Без пэўных канфліктных сітуацый не абыходзіцца. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што ў некаторых з іх вінаватыя ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія не гатовы да такой вялікай колькасці назіральнікаў, бо на перыяд датэрміновага галасавання размешчаны ў маленькіх памяшканнях. Частка скаргаў выклікана дзеяннямі назіральнікаў, якія злоўжываюць сваім правам.

«Усе правы назіральніка прадугледжаны артыкулам 13 Выбарчага кодэкса, дзе, уласна кажучы, ніякіх правоў, акрамя вядзення назірання, удзелу ў завяршальным пасяджэнні пры падліку галасоў і падачы скаргаў па розных парушэннях закона, у назіральнікаў няма», — нагадала Лідзія Ярмошына.

Тым не менш у сеціве ўжо размешчаны матэрыялы, якія сведчаць, што назіральнікі без згоды выбаршчыкаў і старшыні камісіі вядуць фота- і відэаздымку, умешваюцца ў працэс галасавання, груба паводзяць сябе ў дачыненні да выбаршчыкаў. Гэта ўсё — перашкода праву грамадзян выбіраць, звярнула ўвагу кіраўнік Цэнтрвыбаркама. За падобныя парушэнні назіральнікі могуць быць пазбаўлены акрэдытацыі.

У грамадзян ёсць з каго выбіраць, упэўнена старшыня ЦВК. Прытым што ні адна акруга не засталася безальтэрнатыўная, ёсць акругі з пяццю, шасцю і нават васьмю кандыдатамі.

«Гэта годныя людзі, і вы зможаце зрабіць свядомы выбар. Помніце, што выбарчая кампанія абыходзіцца вам, падаткаплацельшчыкам, у дваццаць тры мільёны рублёў. Гэта не вельмі вялікія грошы, але іх можна патраціць на іншае. Таму я ўпэўнена, што вы зможаце падтрымаць выбарчую кампанію. Вы мусіце гэта зрабіць як грамадзяне, якія любяць сваю радзіму. Спадзяюся на вас, веру ў вас», — звярнулася да выбаршчыкаў Лідзія Ярмошына.

За тры дні датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў у Беларусі склала 19,43 працэнта. Такі тэмп большы, чым у папярэднія парламенцкія выбары. І гэта дазваляе меркаваць, што заўтра выбар будзе зроблены.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Ёсць з каго выбіраць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.