Вы тут

Работнікі дзіцячай школы мастацтваў пераўтвараюць 100-гадовы будынак


Аднойчы яны раззлаваліся і вырашылі пакончыць са стэрэатыпам, што ўстанова культуры на сяле, асабліва калі яна працуе ў старым прыстасаваным будынку, гэта нешта закінутае, убогае, ну зусім нягеглае. І вырашылі зрабіць сваю школу мастацтваў рамантычным, узнёслым, стыльным памяшканнем, у якое хочацца вяртацца зноў і зноў. Не проста вырашылі — зрабілі. Калі з ганка заходзіш у тамбур, затым у калідор Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў, адразу пачынаеш з цікаўнасцю разглядваць сцены, столь. Потым зазірнеш у кабінеты — вока натыкаецца на незвычайныя гарадскія пейзажы, абстрактныя сюжэты. Адусюль патыхае пазітывам. Аказваецца, можна.


Названая школа размяшчаецца ў будынку пачатку мінулага стагоддзя, які «за польскім часам» выконваў ролю сацыяльнага аб'екта пад назвай Дом людовы. Было нешта накшталт клуба. А ў сярэдзіне 70-х гадоў дом аддалі пад дзіцячую музычную школу. За гэты час будынак перажываў рамонты, пэўнае абнаўленне, але ж да 2013 года ён прыйшоў у заняпад. Менавіта ў 2013-м зроблены здымкі, якія захоўваюцца ў адмысловым альбоме, каб параўнаць, што было «да» і «пасля». У асобных месцах сцены, столь, вучэбныя класы такія, што глядзець страшна: дзіркі ў падлозе, абсыпаная тынкоўка, цёмныя разводы на сценах.

Вядома, грошы на асноўны рамонт выдзеліў райвыканкам. За бюджэтныя сродкі патынкавалі і пафарбавалі сцены, правялі ваду, зрабілі каналізацыю. Былое падсобнае памяшканне ў паддашку ператварылі ў другі паверх. Там размясцілі кабінеты дырэктара школы і яго намесніка, а першы паверх поўнасцю адвялі пад вучэбныя класы і студыі. Але ўсё роўна пасля праведзенага рамонту школа выглядала б надзвычай сціпла.

— Аднойчы спецыялісты арганізацыі, якая рабіла рамонт у калідоры, прывезлі лінолеум — успамінае дырэктар школы Вадзім ГАЛОЎЧЫК. — Высветлілася, што пакласці яго каштуе амаль столькі, калькі само гэта пакрыццё. І тады мы адмовіліся ад паслуг майстроў. Зрабілі ўсё самі, а за сэканомленыя грошы адрамантавалі сцэну і тамбур.

Захацелася таксама ажывіць сцены ў калідорах. Ідэі нараджаліся адна за адной. Школьныя мастакі іх паступова ўвасаблялі ў жыццё. Так з'явіліся скрыпка з падсветкай, сцяна са старымі кварталамі ў класе камп'ютарнай графікі. Нават дзверы ў туалетны пакой тутэйшыя прафесіяналы вельмі арыгінальна размалявалі.

— У нас працуюць надзвычай творчыя людзі, — працягвае намеснік дырэктара Анжаліка ТЫСЕВІЧ. — Андрэй Белякоў, выкладчык камп'ютарнай графікі, Наталля Фядковіч, выкладчык выяўленчага мастацтва — галоўныя аўтары і натхняльнікі работы па стварэнні карцін і інтэр'ераў.

Арыгінальна аформлены тут кожны клас, і пры гэтым усё зроблена функцыянальна. У доме памяшканні зусім невялікія. Таму ўмудрыліся зрабіць нагляднасць, шуфлядкі для кожнага навучэнца так, каб яны займалі мінімум месца. «Такую мэблю, відаць, нідзе не закажаш, — разважае Вадзім Галоўчык, — ды яшчэ за такі кошт».

Варта сказаць, што школе пашанцавала з рабочым, які працуе ў штаце навучальнай установы. Пра Віктара Стэцэнку кажуць, што ў яго залатыя рукі. Ён умее фактычна ўсё. Напрыклад, калі спатрэбілася для кабінета выяўленчага мастацтва зрабіць дошку, якая высоўваецца, Віктар Уладзіміравіч тыдзень мудрыў ва ўласным гаражы, але механізм змайстраваў. Цяпер педагог націскае на спецыяльны рычажок, дошка выязджае і становіцца даступнай для прагляду з кожнай парты, а пасля заняткаў яна заязджае на месца і амаль не вытыркае са сцяны і не перашкаджае праходу. І такіх прыкладаў можна знайсці ледзь не ў кожным куточку школы.

Калі збольшага прыбралі ўнутры, узяліся за двор і знешні выгляд будынка. Зрабілі новы ганак. Дарожку ад брамкі таксама выкладалі пліткай сваімі сіламі, каб танней было. І брамка тут асаблівая, з выкаванымі музыкамі. Зроблена яна ўмельцамі.

— Прыгажосць заражае і здольная даваць наступную рэакцыю, — лічыць Анжаліка Тысевіч. — Калі зрабілі першыя крокі на шляху да паляпшэння і ўпрыгожання інтэр'ера, то захацелася лагічнага працягу. Такім чынам адна цікавінка становіцца трамплінам для з'яўлення другой. А шлях ад ідэі да ўвасаблення напаўняе жыццё дадатковым пазітыўным зместам. Вось, скажам, у службовых кабінетах стаялі звычайныя крэслы. Купілі паралону, тканіны, абцягнулі іх, і, калі ласка, гэта ўжо стыльная мэбля.

— Галоўнае, што дзеці з большай ахвотай сталі наведваць папрыгажэлую школу і доўга тут затрымліваюцца, — усміхаецца Вадзім Леанідавіч — Часам нават даводзіцца напамінаць, што вучэбны дзень скончыўся.

Цяпер у Целяханскай школе мастацтваў займаецца 141 школьнік з Целяханаў і дзясятка навакольных вёсак. Выхаванцаў гэтай вясковай школы ведаюць у многіх краінах свету. У скарбонцы тутэйшых баяністаў — Гран-пры, першыя месцы самых розных прэстыжных конкурсаў. Сёлетняя выпускніца Яўгенія Крываль з Вялікай Гаці перамагала ў міжнародных конкурсах, дзе спаборнічалі па 400 і больш удзельнікаў. І кожны год тут падрастаюць новыя музычныя зорачкі. А нядаўна з дапамогай райвыканкама і спонсараў набылі прафесійны баян, з якім можна выходзіць на сцэну фактычна любога конкурсу альбо агляду. Апошняе, вядома, стала новым стымулам для работы. Тым больш у такой прыгожай школе.

У канцы нашай сустрэчы пацікавілася ў дырэктара Вадзіма Галоўчыка, ці не прыкідваў ён прыблізна, колькі каштавалі б рамонт і аздабленне школы, каб на ўсю работу наймалі майстроў. «Не, — сказаў Вадзім Леанідавіч, — нават не задумваўся. У нас за год бывае 25—30 перамог на міжнародных конкурсах. Вось гэтыя велічыні цікавей лічыць».

Святлана ЯСКЕВІЧ, Івацэвіцкі раён

Загаловак у газеце: Стварыць прыгажосць без грошай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».