Вы тут

Выбарчая кампанія на Міншчыне праходзіла ў штатным рэжыме


Першай на Гагарынскі ўчастак для галасавання № 60 Смалявіцкага раёна прыйшла Вольга Зелянкевіч. «Галасую за будучыню, за тое, каб у нашых дзяцей усё добра склалася, каб у іх было доўгае і шчаслівае жыццё. А прыйшла да адкрыцця ўчастка таму, што дома мяне чакаюць госці», — сказала Вольга Валер’еўна.


Фота БЕЛТА

У жанчыны сёння трайное свята: Дзень выбараў, Дзень работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, паколькі працавала аграномам у калгасе, і 60-гадовы юбілей.

— Вольга Валер’еўна — былы член выбарчай камісіі, шмат гадоў дапамагала нам, працавала з насельніцтвам, — канстатавала старшыня выбарчай камісіі Алена Гарадзецкая.

Члены камісіі павіншавалі юбілярку, пажадалі ёй далейшай актыўнасці і ўручылі кветкі і падарунак — форму для выпечкі. «На нашым участку 691 выбаршчык. З іх датэрмінова прагаласавалі 292, гэта 34% ад агульнай колькасці. Людзі ішлі ахвотна, былі зацікаўлены ў сваім выбары. Сёння плануем забяспечыць асноўную яўку. У нас ёсць шмат заявак для выезду ў населеныя пункты ад людзей сталага ўзросту, і мы будзем выконваць іх пажаданне, — адзначыла старшыня камісіі. — Плануем, што на выездзе прагаласуюць каля 80 чалавек».

У ліку тых, да каго члены выбарчай камісіі выехалі на дом, — Надзея Палягошка з вёскі Малое Залужжа. Надзеі Іванаўне хутка споўніцца 90 гадоў. Яна вельмі ўсцешылася, калі да яе завіталі члены выбарчай камісіі разам з журналістамі.

«Зручна, калі на дом прыязджаюць з урнай, — сказала яна. — Бо мне самой праблематычна дабрацца да месца галасавання». Жанчына ўсё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе паляводам, жывёлаводам, вырасціла пяць дзяцей, якія часта наведваюцца да маці, прыязджаюць да бабулі таксама дзесяць унукаў і восем праўнукаў.

Даволі актыўна ішлі выбаршчыкі і на ўчастак для галасавання № 507 Старавіленскай акругі № 105 горада Мінска. Менавіта тут, па месцы жыхарства, прагаласаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Анатоль Міхайлавіч павіншаваў усіх прысутных са святам работнікаў сельскай гаспадаркі. Менавіта ім мы абавязаны тым, што у нас ёсць на стале, канстатаваў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

"Лічу, што кожны чалавек сёння павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак, аддаць голас за таго кандыдата, якога лічыць годным, здольным прадстаўляць яго інтарэсы ў парламенце, — падкрэсліў ён і дадаў, што выбарчая кампанія на Міншчыне праходзіць спакойна, стабільна, у штатным рэжыме.

«На 11 гадзін на нашым Ждановіцкім участку для галасавання № 2 прагаласавалі 916 чалавек з 2206, каля 40 % — датэрмінова, у асноўным — моладзь»,— расказала старшыня выбарчай камісіі Марына Дарожка.

На ўчастку наладжана вялікая культурная праграма, мерапрыемствы распісаны на ўвесь дзень. Гэта — інтэрактыўны канцэрт «Спяём разам», флэшмоб, майстар-класы, дэманстрацыя фільмаў. Праходзяць яны ў памяшканні са сцэнай, тут жа і буфет, што вельмі зручна. Людзі галасуюць і за кубачкам кавы або гарбаты могуць паслухаць артыстаў, адпачыць, а разам з тым набыць прадукты са зніжкай. «Купляюць ікру ласасёвую па цане 7,7 рубля за баначку, шпроты, сокі, рулет з птушкі, выпечку асабістай вытворчасці», — кажа прадавец кафетэрыя Ждановічы Валянціна Кавалевіч .

Дадам, што 17 лістапада на Міншчыне аб’яўлена днём адзіных скідак — ад 15 да 30% на харчовыя і нехарчовыя тавары.

У Мінскай вобласці зарэгістравана 73 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання. На тэрыторыі рэгіёна створана 17 акруг, 982 участкі для галасавання, у тым ліку 36 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, іншых установах аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама ў 7 воінскіх часцях. Усяго ў спісы выбаршчыкаў уключана 1 123 425 чалавек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?