З 18 лістапада авіякампанія “Белавія” пераходзіць на новую сучасную структуру тарыфаў, якая дазволіць пасажырам самастойна выбіраць набор паслуг для пералёту. У рамках новай канцэпцыі перавозчык павялічвае вагу ручной паклажы з 8 да 10 кілаграмаў, паведамляе яго прэс-служба.
У новай сістэме тарыфаў будуць даступныя безбагажные тарыфы. Колькасць месцаў і кошт авіябілетаў у розных тарыфных брэндах будзе вар'іравацца ў залежнасці ад ёмістасці паветранага судна, колькасці пасажыраў на рэйсе і іншых фактараў. Розніца паміж коштам безбагажнага пералёту і мінімальным коштам квітка з багажом па маршруце “туды-назад” будзе складаць да 65 еўра ў залежнасці ад кірунку.
Так, напрыклад, мінімальны кошт квітка “туды-назад” без багажу ў Калінінград будзе пачынацца ад 85 еўра (раней мінімальны кошт авіяперавозкі з багажом пачынаўся і застаецца на дадзены момант ад 115 еўра), з Мінска ў Прагу кошт перавозкі "туды-назад” без багажу будзе пачынацца ад 166 еўра (мінімальны кошт раней з багажом - ад 204 еўра, цяпер - ад 191 еўра), з Мінска ў Кіеў авіябілет “туды-назад” без багажу - ад 109 еўра (мінімальны кошт раней з багажом - 134 еўра, зараз - 139 еўра).
Усе тарыфы авіякампаніі падзеленыя на пяць груп: “Прома”, “Лайт”, “Смарт”, “Флекс” і “Бізнес”.
Спартыўны рыштунак перавозіцца без дадатковай аплаты згодна з дзейнымі правіламі авіякампаніі па тарыфах груп “Смарт”, “Флекс” і “Бізнес”.
Новыя правілы тарыфаў распаўсюджваюцца на авіябілеты, набытыя з 18 лістапада ў рамках новай тарыфнай канцэпцыі. Да квіткоў, аформленых раней, прымяняюцца правілы, якія дзейнічалі на момант пакупкі авіябілета. У той жа час новыя правілы па памерах кожнага месца ручной паклажы з 18 лістапада будуць прымяняцца да ўсіх авіябілетаў.
На працягу недоўгачасовага перыяду тэставання авіякампанія будзе ўважліва сачыць за аператыўнай ліквідацыяй магчымых памылак, з улікам атрыманага вопыту ўносіць дапаўненні і змяненні ў работу новай канцэпцыі.
У прэс-службе авіяперавозчыка таксама звярнулі ўвагу, што па безбагажным тарыфах ручную паклажу нельга будзе здаваць у багаж. У сувязі з гэтым неабходна загадзя азнаёміцца з правіламі правозу ручной паклажы, якія захоўваюцца, як і раней: забаронены правоз усіх вострых, рэжучых і колючых прадметаў, выбуховых рэчываў, сціснутых і звадкаваных газаў. У ручной паклажы дазваляецца правозіць вадкасці агульным аб'ёмам адзін літр ва ўпакоўках не больш за 100 мілілітраў. Больш падрабязную інфармацыю аб правілах правозу багажу можна знайсці ў раздзеле "Ваш багаж” на сайце.
Сяргей РАСОЛЬКА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.