Вы тут

Мір. Cляды літаратурныя


У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці. Мірскі замак, як помнік сярэднявечнага беларускага дойлідства, з 2000 года ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Мы, з павагай паставіўшыся да шматаблічнай гісторыі Міра, да памяці старажытнага замка, што ўпрыгожвае тыя мясціны, звернем увагу толькі на літаратурныя сляды ў гэтай старонцы.


Літаратурна-краязнаўчая біяграфія Міра таксама цягне як мінімум на кнігу, а мо й нават на добры энцыклапедычны даведнік. Як тое будзе — час пакажа. На пачатку ж расповеду пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Мірскай старонцы альбо падоўгу жылі там, працытую верш “Мір” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міколы Мятліцкага:

Мір кожнай хаце тваёй, Мір!

Выстаяў мужна ты ў грозных сечах.

Не раз тут напіўся вайны вампір

Гарачай крыві чалавечай.

Стагоддзе каторае ні крані —

Поўнае вогненных землятрусаў.

Міру вам, замкавыя камяні!

Міру табе, Зямля Беларусаў!

Мы ўсталі на полі колішніх сеч,

Мы жыта й песню сваю пажалі.

Міру табе, харалужны меч!

Міру вам, долі людской скрыжалі!

На пракаветных зямных бальшаках

Часаў гартаем сівых быліны.

Не зброю згубніцкую ў руках —

Годна трымаем кнігу Скарыны.

Колькі нас полем жыцця прайшло,

Ў смерчы суровым спаліўшы сэрца!

Божай лампады жывое святло

У далячыні часу пральецца.

Памяць не змыта ў слотных дажджах.

Колькіх сыноў Беларусі імёны

Скажуць не надпісы на крыжах —

Скажуць збалелыя нашы пісьмёны.

Мір кожнай хаце тваёй, Мір!

Сонца ў нябёсах вечна прабудзе.

Кажа блакіт і курганны жвір:

“Мы, беларусы, мірныя людзі”.

Такія прачулыя, шчырыя словы!.. У іх — і веліч, і зямны, звычайны лёс беларусаў, выпеставаных у Міры. У гожых паэтычных радках — партрэт краю й партрэт усёй Беларусі.

Згадаем, як адзін з блізкіх да нас фрагментаў літаратурнай памяці Міра, фестываль “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. Ён прайшоў сёлета ў паселішчы, ці, дакладней, у Мірскім замку, на цэнтральнай яго пляцоўцы. Разам 15 чэрвеня 2019 года сабраліся прадстаўнікі дзясяткаў кніжных выдавецтваў, дзясяткі пісьменнікаў, якія прыехалі ў госці, так бы мовіць, да Гісторыі. Шаноўныя госці гэтыя пастараліся распавесці пра тое, якія ў іх мастацкія, кніжныя стасункі з гісторыяй. І з Украіны нават прыехала пісьменніца — празаік Ірына Данеўская. Гэта яе раман “Багуслаў Радзівіл” перакладзены й выдадзены па-беларуску.

А беларускія літаратары тым чэрвеньскім днём проста запаланілі розныя пакоі, залы (там ладзілі сустрэчы, імпрэзы), пляцоўку перад замкам. Памятаю з гасцей Анатоля Бутэвіча, Уладзіміра Ліпскага, Віктара Хурсіка, Уладзіміра Навумовіча, Алену Стэльмах, Алеся Бадака, Людмілу Рублеўскую, Мікалая Ефімовіча (наш зямляк прыехаў з Расіі з кнігай пра знакамітую балерыну Маю Плісецкую, у якой таксама родавыя карані з Беларусі), Валерыя Казакова… Кожнаму з іх, падаецца мне, карцела выступіць, пагаварыць з чытачамі, распавесці пра свае новыя кнігі. А як жа патрэбны такія сустрэчы! Добра было б, каб фестываль, арганізаваны ў чэрвені 2019 года Гродзенскім абласным аддзяленнем “Белсаюздруку” й Гродзенскім абласным філіялам “Белкнігі”, стаў традыцыяй. Мо менавіта такі фармат прапаганды айчыннай кнігі, увогуле кнігі можа стаць падмуркам для развіцця большай цікаўнасці беларусаў да сваёй нацыянальнай гісторыі, асветніцтва?!.

Паслухаем, што кажуць пра фестываль “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” некаторыя літаратары.

Анатоль Бутэвіч, празаік, перакладчык, літаратурны крытык:

— Такія сустрэчы й кантакты вельмі важныя. Тут рэальна, блізка — вочы ў вочы і з узаемнай цікаўнасцю сустракаюцца пісьменнікі й чытачы. У сённяшніх умовах, калі ўсе інтэрнэтныя формы настойліва адцясняюць (і выцясняюць!) папяровую кнігу з духоўнага ўжытку, вельмі важна захаваць Яе Вялікасць Кнігу. Важна данесці да чытача, паказаць яму ўсю літаратурную каштоўнасць і мастацкую вартасць, непаўторнасць менавіта кнігі. Ну, а пісьменніку вельмі важна пачуць рэальнае, праўдзівае слова чытача — каб не заблудзіцца на бязмежных літаратурных дарогах і прасторах. Каб ствараць тое, што й сёння, і заўтра будзе запатрабаванае, карыснае, што будзе мець духоўную вартасць і каштоўнасць. Так што добрую справу рабіла й робіць Міністэрства інфармацыі ў справе разумнай прапаганды й пашырэння беларускай літаратуры. Поспехаў і надалей! Хай Мірскія дарогі да кнігі заўсёды будуць чыстымі, прасторнымі й запатрабаванымі!

Віктар Хурсік, гістарычны пісьменнік, выдавец:

— Кніжны фестываль у Міры паказаў, што беларусы маюць сваю гістарычную літаратуру, напоўненую нацыянальным зместам. Адраджаючы мінуўшчыну, мы малюем палатно праўдзіва, але не пераносім колішнія крыўды ў сёняшні дзень. Шырокае жанравае прадстаўленне кніг у Міры яшчэ раз пацвердзіла добразычлівае стаўленне беларускіх творцаў да суседніх народаў. “Ніхто не забараняе беларусу знаць мову суседніх нацый — расійскую й польскую, ад каторых яму ёсць чаму навучыцца. Расійскі ды польскі народ маюць вялікую навуку, вялікую культуру… Свайго не цурайся — чужому навучайся. Абы гэта было добра й разумна”, — як мне асабіста падаецца, гэтыя словы з газеты “Наша Ніва” за 1907 год вельмі стасуюцца да сустрэчы пісьменнікаў і выдаўцоў у Міры.

Адметным “месцам яднання” літаратурных сіл у Міры сёлета была й экскурсія туды на самым пачатку восені. Удзельнікі міжнароднага круглага стала “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, які праходзіў у межах XXVІ Дня беларускага пісьменства ў Слоніме, пажадалі сустрэцца з Мірам. І калі завершылася вялікая святочная праграма, то пісьменнікі з розных краін па дарозе ў Мінск 1 верасня завіталі ў замак. Старадаўняе паселішча, сядзібу магнатаў адкрывалі для сябе паэты, празаікі, перакладчыкі з Грузіі, Літвы, Казахстана, Украіны… Шчыраму захапленню ды ўражанням замежных літаратараў не было межаў!

Згадаем гэтым разам і пісьменнікаў, якія ў розныя часіны ў Міры нарадзіліся.

Янка Запруднік з Міра родам

З старажытнага паселішча родам беларуска-амерыканскі гісторык, публіцыст Янка Запруднік. Нарадзіўся ў 1926 годзе, жыве ў ЗША. З вершамі пачаў выступаць у 1947 годзе. Аўтар кніг “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях” (1993), “Гістарычны слоўнік Беларусі” (1998).

Мір — і радзіма Вольгі Іпатавай: там пачалося жыццё паэтэсы, празаіка ў 1945 годзе. Першая кніга яе — зборнік вершаў “Раніца” — выйшла ў 1969‑м. Аўтар гістарычных аповесцяў і раманаў.

У Міры ў 1879 годзе нарадзіўся яўрэйскі фалькларыст, гісторык Міхл-Іцхак Рабіновіч. Друкавацца з фельетонамі пачынаў у газетах Пецярбурга, Варшавы.

З старажытнага паселішча родам і празаік, паэт Залман Шазар (1889–1974). Калі ён пабачыў свет, Мір быў на тэрыторыі Мінскай губерні Расійскай імперыі. Што адметна: зямляк наш стаў з часам ізраільскім грамадскім дзеячам, палітыкам, быў трэцім прэзідэнтам Ізраіля (з 21 мая 1963 года па 24 мая 1973‑га). Публіцыстыку, мастацкую прозу й паэзію Залман Шазар пісаў на іўрыце ды ідыш. (Хто б узяўся перастварыць творы Залмана Шазара на, безумоўна, добра знаёмую яму з дзяцінства беларускую мову! Дарэчы, у інтэрнэце мы адшукалі цікавыя звесткі пра земляка. Сапраўднае прозвішча Залмана Шазара было: Рубашоў. Нарадзіўся ён у сям’і любавіцкіх хасідаў, і назвалі хлопчыка ў гонар заснавальніка руху ХАБАД Старога рабі Шнеура-Залмана Шнеерсона з Ляд (цяпер мястэчка ў Дубровенскім раёне). У 1892‑м (хлопчыку было тры гады) у Міры здарыўся вялікі пажар, і дом Рубашовых згарэў дашчэнту. І ў той жа год сям’я пераехала жыць у тагачаснае мястэчка Стоўбцы — там Залман пражыў 11 гадоў. Вось як ён успамінаў пра той перыяд жыцця: “Гэта былі гады вучэння ў хедэры (пачатковай яўрэйскай школе) і пачатак майго юнацтва … І ўсё, што я там спазнаў на досвітку майго жыцця, з такой любоўю адбілася ў маёй памяці, што працягвае жыць і дагэтуль”. Пасля пераезду ў Палесціну хлопец, паводле тамтэйшай моды, “гебраізаваў” прозвішча, прычым склаў яго з сваіх ініцыялаў Ш, З, Р. Так Шнеур-Залман Рубашоў пераўтварыўся ў Залмана Шазара. У кнізе “Ранішнія зоркі”, амаль цалкам прысвечанай успамінам пра дзяцінства й юнацтва, Залман пісаў: “…Я аб’ездзіў шмат краін, спазнаў шмат гарадоў і мястэчкаў, больш вядомых, чым горад майго дзяцінства, спазнаў гарады, багатыя навукай, культурай, багаццем. Але маё маленькае мястэчка засталося для мяне адзіным і незаменным”. — Рэд.)

Залман Шазар — наш зямляк

Мо з часам будзе выдадзена анталогія твораў пісьменнікаў Мірскага краю?.. Калі тое здарыцца, то, канешне ж, усім творцам знойдзецца месца ў кніжнай прасторы. А да чытача прыйдзе арыгінальны, шматслойны, шматчасавы мастацкі партрэт Міра й ваколіц.

Алесь Карлюкевіч

Ад рэдакцыі.

Гэтым тэкстам мы распачынаем цыкл публікацый “Крыніцы натхнення: Мір і ваколіцы”. Вядомы журналіст, краязнаўца, пісьменнік, Міністр інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч будзе расказваць пра “літаратурныя сляды” ў багатым на гісторыю рэгіёне. Спадзяемся, творчы праект паспрыяе папулярызацыі фестывалю “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”: чарговы прымеркаваны на чэрвень 2020-га. Заснавальнікамі ж літаратурна-гістарычнага фэсту, нагадаем, выступаюць Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі аблвыканкам, Мірскі музей-замак, Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства культуры Беларусі.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.