Вы тут

Доўгае вяртанне з небыцця


Пра тое, як вядзецца добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, што засталіся ў Беларусі з часу мінулых войнаў, як арганізаваны пошукавыя работы, пашпартызацыя памятных месцаў, гаварылі на нядаўняй прэс-­канферэнцыі ў мінскім Доме прэсы


Фота пошукавага клуба "Виккру"

Слядоў мінулых войнаў на тэрыторыі Беларусі вельмі шмат. На прэс-канферэнцыі ў Мінску называлі, у прыватнасці, такую лічбу: 7 тысяч 769 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў. У іх спачывае больш за 2 мільёны 91 тысяча загінулых ва ўзброеных канфліктах, што ў розныя гістарычныя перыяды перажыла шматпакутная беларуская зямля. Звесткі ж устаноўлены далёка не пра ўсіх ахвяр — толькі пра 525 434 з іх. Імёны ж большасці пахаваных дагэтуль невядомыя.

Такія лічбы пасля заканчэння чарговых палявых пошукавых работ — а яны штогадовыя — журналістам агучыў Сяргей Варановіч, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны й ахвяр вайны Узброеных сіл Беларусі. Вядома ж, працяг у гэтай пошукавай гісторыі будзе, як і новыя знаходкі. Штогод новыя, няўлічаныя воінскія пахаванні знаходзіць, даследуе 52‑гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных сіл Беларусі. У нашай краіне, дарэчы, падобнымі пошукамі без яго суправаджэння ніхто не можа займацца: такі закон.

Сёлета палявыя пошукавыя работы байцамі батальёна былі праведзены на 117 пошукавых аб’ектах, яны — у 55 раёнах усіх абласцей Беларусі. Вайскоўцы знайшлі астанкі 1940 загінулых. Найбольш — 1214 астанкаў, — адшукалі на месцы былога Брэсцкага гета (пра тыя знаходкі, дарэчы, паведамлялі розныя СМІ). За час “ваенна-палявога сезону‑2019” выяўлены 6 медалёў “За адвагу” і “За баявыя заслугі”, 25 медальёнаў, 10 адзінак зброі, 989 выбухованебяспечных прадметаў, больш за 3700 патронаў і 1700 іншых знаходак. Вось такія трафеі ў байцоў 52‑га пошукавага батальёна, якому ў 2020‑м споўніцца 25 гадоў.

Камандзір батальёна, падпалкоўнік Аляксандр Трубека расказаў на прэс-канферэнцыі: “Пасля прызыву нашыя вайскоўцы праходзяць пачатковую і агульнавайсковую падрыхтоўку, атрымліваюць спецыяльнасць сапёра, вывучаюць падрыўную справу, асаблівасці ўладкавання розных міннавыбуховых загарод, вучацца працаваць з металашукальнікамі… Юнакі спачатку праходзяць тактыка-спецыяльныя вучэнні на нашым палігоне і ўжо потым адпраўляюцца на палявыя пошукавыя работы”.

Дапамагаюць батальёну ў часе ваенна-патрыятычных акцый грамадскія пошукавыя аб’яднанні. Акцыі ладзяцца ўпраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны ахвяр войнаў і камандаваннем батальёна. Напрыклад, найбольш актыўна працуе ў гэтым кірунку Магілёўскі абласны гістарычна-патрыятычны пошукавы клуб “Виккру”, ёсць і іншыя. Летась у такіх акцыях удзельнічалі грамадскія аб’яднанні з Расіі: з Арзамаса Ніжагародскай вобласці, Мыцішчаў Маскоўскай, з Пензенскай вобласці, Бранска, Казані (Татарстан). Сёлета з 26 жніўня па 4 верасня вайскоўцы пошукавага батальёна Узброеных сіл Беларусі ды іх калегі з 90-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Расіі правялі сумесныя палявыя пошукавыя работы ў Віцебскім раёне на 2-х аб’ектах.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».