Вы тут

Вось такая Рэч...


У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі працуе часовая экспазіцыя “Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі”, арганізаваная Польскім Інстытутам у Мінску.


Рэч Паспалітая займала вялікія плошчы на палітычнай карце тагачаснай Еўропы.

Хто не чуў пра Рэч Паспалітую! Выстава й прысвечана 450‑м угодкам падпісання Люблінскай уніі. Заключаны ў 1569 годзе міжнародны прававы акт замацаваў дзяржаўны саюз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. І ўтварылася-нарадзілася Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, тады адна з найвялікіх і наймагутных краін у Еўропе.

На часовай экспазіцыі ў Гістарычным музеі мы бачым дакладную гістарычную рэканструкцыю Акта Люблінскай уніі са збору Музея гісторыі Польшчы. Ёсць у зале таксама й выява аднайменнага твора Яна Матэйкі — карціна “Люблінская унія”, што мастацкімі сродкамі фіксуе гістарычную падзею ў Люблінскім замку, паказвае галоўных дзейных асоб. Пісалася карціна да 300‑гадовага юбілею падзеі: у 1869‑м. Калі Рэчы Паспалітай, як мы ведаем, не было ўжо на палітычных картах свету. Вялікае палатно дапамагае нам лепш адчуць, зразумець гістарычныя рэаліі, акалічнасці падпісання старадаўняга дакумента. Надзвычай глыбокае, з веданнем многіх нюансаў даўняй гісторыі “прачытанне” сімволікі каштоўнага твора знаходзім у інтэрнэце — гляньце па спасылцы https://fon-eіchwald.lіvejournal.com/99987.html.

Гісторыкі ўдакладняюць: арыгінал Акта Люблінскай уніі знаходзіцца ў калекцыі пергаментных дакументаў Галоўнага архіва старажытных дакументаў у Варшаве. У тую даўнюю пару тэкст Акта быў, вядома ж, падрыхтаваны ў двух асобніках, прызначаных для кожнага з бакоў: для Кароны й для Княства. Ды так сталася, што польскі асобнік, падпісаны дэпутатамі Польскай Кароны, які прызначаўся для ВКЛ, не захаваўся да нашых часоў. Яно й зразумела: ну вельмі шмат розных “гаспадароў” з таго часу на нашых землях пагаспадарыла — канцоў не знайсці. Збярогся ў польскіх сховах асобнік Вялікага Княства Літоўскага. Ён зацверджаны пячаткамі сенатараў і дэпутатаў ВКЛ і быў прызначаны для Кароны.

Арыгінал Акта Люблінскай уніі, сцвярджаюць тыя, хто яго бачыў, захаваўся ў адносна добрым стане, але ён не даступны шырокай грамадскасці. Бо вельмі ж далікатны артэфакт, і патрэбны асаблівыя ўмовы, каб яго экспанаваць. Ды мы й копіі верым! Заслугоўвае павагі, што было прынята рашэнне аб стварэнні яго дакладнай гістарычнай рэканструкцыі. Вынік працы рэстаўратараў, што заняла каля двух гадоў, мае назву: рэстаўрацыйная копія. Былі паўтораны матэрыялы, тэхналогія вырабу арыгінала.

Глядзім на акт і думаем: эх, не ўсё так сталася на справе, як запісана было ў Любліне… З цягам часу нават назва Вялікага Княства Літоўскага, дый самі ягоныя грамадзяне-ліцвіны неяк раствараліся ў водах Леты-ракі. А хацелі ж тамтэйшыя ўладары ВКЛ як лепш: дзяржаву ўмацаваць, ад небяспекі з усходу яе абараніць. Таму й вымушаныя былі шукаць саюзнікаў на захадзе. Не сакрэт, у гісторыі многія дзяржавы заключалі розныя уніі, саюзы. І наш час — не выключэнне. Незалежная Беларусь і цяпер уваходзіць у шэраг міждзяржаўных аб’яднанняў. Таму варта прыгледзецца й да назвы даўняга “міжнароднага праекта” Рэч Паспалітая, каб паглыбіцца ў ягоны сэнс.

Rzeczpospolіta — гэта дакладны амаль пераклад з лаціны на польскую мову выразу Res Publіca (літаральна азначае: рэч грамадская, грамадская ўласнасць): rzecz — рэч і pospolіta — агульная. Лацінскае слова pospolіta фіксуецца ў слоўніках са значэннем: просты, народны. Ну й publіca перакладаецца як “народ”. Паспаліты — значыць агульнанародны. Дарэчы, слоўца спрадвеку жыве і ў беларусаў. Згадаем: яшчэ Францыск Скарына друкаваў кнігі з прысвячэннем “Люду посполитому к доброму научению”. Такой была старабеларуская мова 500 гадоў таму. А вось яшчэ сведчанне з інтэрнэту (падаем у арыгінале): “Посполитые крестьяне, лично свободное население Левобережной и Слободской Украины, во второй половине 17–18 веков, к концу 18 века превратились в крепостных крестьян”. Дапытлівыя людзі лёгка знойдуць адказ, чаму ў тую пару такое закабаленне сялян адбылося: не стала Рэчы Паспалітай, рэспублікі, бо ўзяла тых сялян пад сваю апеку Расійская імперыя.

 Рэстаўрацыйная копія Акта Люблінскай уніі

Вялікая, агульнанародная рэч, з надзеяй на развіццё, цяпер сказалі б, грамадскіх дэмакратычных інстытутаў (што зафіксавана ў самой назве), у тагачасным грамадстве была задумана ды ў Акце Люблінскай уніі аформлена 450 гадоў таму. Аднак, можна сёння разважыць, на практыцы ўсё пайшло не так. Нібыта фокуснік паклаў два яблыкі ў капялюш — а дастаў адзін. І капялюш публіцы дэманструе: ма… Польшча як дзяржава й сёння ёсць — а дзяржава ВКЛ засталася ў цемры “палітычнага фокусу”. Гісторыкі лічаць, што паставіла канчатковы крыж як на Люблінскай уніі, так і на ВКЛ вядомая Канстытуцыя 3 мая 1791 года. Тады адмяніла яна прынцып уніі на карысць унітарызму (і тое, вядома ж, палітыкі вытлумачвалі добрымі намерамі: каб умацаваць цэласнасць і бяспеку Рэчы Паспалітай). А ў выніку, па факце, ВКЛ паглынулася Польшчаю.

А тым часам яшчэ больш старанна “заціралі сляды” ВКЛ і тры іншыя аншлюсы, з удзелам іншых палітычных гульцоў. Мы ведаем цяпер пра тую трагедыю нашых продкаў, якую за савецкім часам ад нас прыкрывалі мілым эўфемізмам: Тры падзелы Рэчы Паспалітай. За тое, дарэчы, не варта сёння ні на кога крыўдаваць — лепш дзякававаць дабрадзеям за вельмі наглядную навуку. Хто ўрок не засвоіў — абавязкова наступіць на тыя ж граблі. “У сильного всегда бессильный виноват. Тому в истории мы тьму примеров слышим…”, як пісаў вялікі рускі байкапісец Іван Крылоў. Важна рабіць высновы, бо вельмі ж актуальна ўсё тое і ў нашым часе: хто не шануе свае нацыянальныя інтарэсы, той можа лёгка патрапіць пад чый-небудзь капялюш. Будзем памятаць, як былі калісьці ў беларусаў і ВКЛ, і Рэч, ды растварыліся, зніклі, сышлі прэч…

Цяпер, імкнучыся разбудоўваць маладую беларускую дзяржаву, нашы палітычныя эліты праводзяць шматвектарную палітыку. Вядома ж, не ўсім такое даспадобы. Часам на палітычнае поле падкідваюцца меседжы накшталт: вызначайцеся, з кім вы, куды ідзяце. На Усход ці на Захад? А мы рухаемся — у будучыню. І нам трэба спяшацца, нам вельмі шмат яшчэ трэба зрабіць, адбудоўваючы суверэннасць і незалежнасць. Бо такой магчымасці — будаваць сваю незалежную дзяржаву — мы вельмі даўно чакалі. У сувязі з гэтым мне згадваецца эпізод з жыцця вядомай дзяячкі Ізраіля Голды Меер. Кажуць, у 40‑я гады, калі ў Палесціне толькі стваралася Дзяржава Ізраіль, Голда вырашыла сустрэцца з каралём Іярданіі Абдулой І — каб прадухіліць вайну, што насоўвалася. Хоць сябры папярэджвалі пра небяспеку, аднак будучая прэм’ер-міністр адказала: “Я гатовая пайсці ў пекла, калі гэта дасць шанец выратаваць жыццё хаця б аднаго яўрэйскага салдата”. Пераапранулася ў арабскую жанчыну — і перайшла граніцу. Кароль у часе тае сустрэчы запытаў: чаму гэта яна з такім нецярпеннем змагаецца за незалежную дзяржаву? І Голда Меер яму адказала: “Я не думаю, што 2000 гадоў можна ўспрымаць як «вялікі спех»”.

Велізарная, найбагацейшая гісторыя ў беларусаў. І выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі — добрая нагода, каб яшчэ лепш засвоіць каштоўны гістарычны досвед нашых продкаў. А калі ж некаму ў сілу адметнасцяў атрыманай адукацыі падаецца, нібыта сучасная Беларусь не мае да колішняй Рэчы Паспалітай ніякага дачынення — тады звярніце ўвагу на такі паказальны факт. У 2018 годзе Акт Люблінскай уніі 1569 года быў унесены ў Міжнародны рэестр ЮНЭСКА “Памяць свету” па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Прычым гэты дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці краін — Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі ды Латвіі. Так што ў гістарычным развіцці Рэч Паспалітую ўжо можна лічыць не толькі дзяржавай Абодвух Народаў, але й каштоўнай спадчынай Пяці Народаў.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.