Вы тут

Найвышэйшай пробы галасы


У Мінску, на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, 25 кастрычніка, калі  ўпершыню адзначаўся Сусветны дзень оперы, з вялікім поспехам  выступілі Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў. Знаўцы й шматлікія аматары элітарнага мастацтва лічаць іх самай яркай опернай парай у свеце.


У фінале зорнага гала-канцэрта ў Мінску

Нашы, журналісцкія месцы ў глядзельнай зале Вялікага тэатра, як тое звычайна бывае на такіх знакавых спектаклях, канцэртах, міжнародных оперных форумах — на прыстаўных крэслах, пад праваю ложай. Блізка да сцэны. І з такога ракурсу часам бачны й прыхаваны для іншых закулісны свет. Сярод гледачоў, якія запаўняюць залу, пазнаем вядомых у краіне людзей, заўважаем гасцей з замежжа.

Элітная зала. Элітная публіка. Элітнае мастацтва.

Што хаваць: некаму больш даспадобы вечары гумару ці канцэрты шансона. Хтосьці пойдзе “на Басту” (нядаўна выступаў у Мінску), нехта — на Макса Каржа. Кожнаму — сваё. І ёсць тыя, хто здольны знаходзіць асалоду і ў оперных спевах. Напрыклад, у холе сустрэлі мы як былога Міністра культуры Барыса Святлова з жонкаю, так і Юрыя Бондара, Міністра цяперашняга. Не хаваў цудоўнага настрою, сардэчна, з шырокай усмешкай вітаючы ганаровых гасцей, гендырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. Прадстаўнікі Урада, Парламента, прадпрымальнікі, дзеячы культуры... Потым даведаліся: некаторыя аматары оперы ехалі й з Расіі, каб паслухаць гэтых “зорак сусветнай велічыні”. Бо ў Маскве ці Піцеры, кажуць, тое цяжка зрабіць. Увогуле Ганна з Юсіфам (гэта для тых, хто далёкі ад опернага мастацтва) — самыя запатрабаваныя цяпер оперныя спевакі ў свеце. І калі казаць пра іх галасы моваю ювеліраў, то гэта — галасы найвышэйшай пробы.

Мінчанам пашанцавала. І ў шанцаванні ёсць важная (прынамсі, для чытачоў “Голасу Радзімы”) акалічнасць: прэзідэнт холдынга Berіn Іglesіas Art, заснаванага ў 2003 годзе ў Германіі, мае родавыя карані ў Беларусі. Холдынг, які называюць яшчэ й кампаніяй, арт-агенцтвам, і прывёз оперных зорак у Вялікі тэатр — бо Berіn Іglesіas Art з’яўляецца эксклюзіўным прадстаўніком Ганны Нятрэбкі ды Юсіфа Эйвазава. У шыкоўным глянцавым буклеце, які раздавалі гледачам, сам Максім Берын піша: “Мне неверагодна прыемна ўсведамляць сваё дачыненне да падзеі, якая мае ўсе падставы стаць знакавай вяхой у гісторыі опернай музыкі. Асаблівую гордасць выклікае той факт, што канцэрт адбудзецца на маёй Радзіме, у Беларусі. Я прадчуваю гэтую грандыёзную музычную феерыю і віншую нас з вамі з гэтым святам для кожнага цаніцеля цудоўнага!”

Зорная пара: Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў

Дзякуем, шаноўны зямляк, за шыкоўны падарунак да Сусветнага дня оперы! Свята сапраўды ўдалося. На канцэрце ў двух аддзяленнях Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў, а таксама запрошаны італьянскі спявак Лука Сальсі выконвалі партыі з вядомых опер. Іх галасы гучалі сольна, у дуэтах, і тэрцэт з оперы Джузэпэ Вэрдзі “Трубадур” быў. Апісваць самі спевы — не бяруся: не спецыяліст, аматар. Найбольшыя ж авацыі выклікалі ўжо пад канец канцэрта знакамітая арыя Каварадосі з оперы Джакама Пучыні “Тоска” (спяваў Юсіф Эйвазаў) і арыя Лаурэты з оперы таго ж кампазітара “Джані Скікі” (выконвала Ганна Нятрэбка). І мінская публіка была, як кажуць, на вышыні — апладысментаў і крыкаў “брава”, потым і кветак не шкадавала. Так што “ўквечаныя” зорныя госці з бачным задавальненнем спявалі й на “біс” — тую самую знакамітую арыю “Заздравную”, без якой не абыходзіліся ў савецкую пару навагоднія тэлевізійныя “Блакітныя агеньчыкі”. Толькі, вядома ж, руская прымадона Ганна, яе абраннік азербайджанец Юсіф ды іх сябар-італьянец Лука спавялі ў Мінску “Заздравную” арыю з оперы Дж. Вэрдзі “Травіята” ў арыгінале: па-італьянску.

...І хто цяпер скажа, што Мінск — не еўрапейскі горад? І, дарэчы, чарговы Мінскі міжнародны Калядны оперны форум ужо не за гарамі.

Іван Ждановіч

Фотаздымкі прадастаўлены кампаніяй Berin Iglesias Art

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».