Вы тут

Наша Паліна — беларуская дзяўчына


Беларускае зямляцтва Браншчыны ва Усерасійскім міжнацыянальным маладзёжным лагеры “Поколение” годна прадставіла Паліна Марозава


Паліна Марозава і Зарына Алімава ў маладзёжным лагеры

З 16 па 21 кастрычніка пад Масквой, у Нара-Фамінску працаваў ІІІ Усерасійскі патрыятычны міжнацыянальны маладзёжны лагер “Поколение” — пад эгідай Федэральнага Агенцтва па справах нацыянальнасцяў Расіі. Маладыя людзі абмяркоўвалі праблемы міру, дружбы, патрыятызму, адзінства нацый ды іншыя пытанні жыцця грамадства. Бранскую вобласць прадстаўлялі ў лагеры дзве дэлегаткі: Паліна Марозава — ад Беларускага зямляцтва, Зарына Алімава — ад таджыкскай дыяспары вобласці.

Палінаю мы ганарымся: яна цяпер — аспірантка, стажор-даследчыца Сколкаўскага інстытута навукі й тэхналогій. Пасля працы лагера дзяўчына расказала, што паўдзельнічала ў патрыятычным зборы 170 маладых дэлегатаў з 52 расійскіх рэгіёнаў. Многія пасябравалі, абменьваліся тэлефонамі, адрасамі — каб і надалей не губляцца. Цікава, што апошнім акордам у працы лагера стала падвядзенне вынікаў працы над кароткаметражкамі, якія стваралі 8 груп удзельнікаў на тэму міжнацыянальных адносін, маладзёжных праблем. Журы вызначыла з іх 5 найбольш удалых, змястоўных і рэкамендавала Федэральнаму Агенцтву па справах нацыянальнасцяў Расіі да паказу на рэгіянальных тэлеканалах. А Гран-пры атрымаў фільм “Не прыгай!”, у стварэнні якога паўдзельнічала, прычым актыўна, Паліна Марозава. Дарэчы, яна была ў лагеры адзіная ад беларускіх суполак у Расіі.

Сярод розных цікавых імпрэзаў, якія ладзіліся ў лагеры, была й сустрэча з касманаўтам, Героем Расіі Алегам Арцем’евым, у якога — беларускія родавыя карані, а бацькі яго жывуць у Віцебску. (Пра тое наша газета пісала: “З Друі шлях на Байканур” — ГР, 12.04.2019. — Рэд.). На сустрэчы з Марыяй Захаравай, дырэктарам Дэпартамента інфармацыі й друку Міністэрства замежных спраў Расіі, Паліна Марозава мела магчымасць задаць пытанне пра развіццё Саюзнай дзяржавы, уніфікацыю законаў дзвюх брацкіх краін — і атрымала змястоўны адказ.

Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага зямляцтва Браншчыны

Ад рэдакцыі.

Паведамляючы пра ўдзел Паліны Марозавай у рабоце маладзёжнага лагера, Мікалай Іванавіч прапанаваў нам заглянуць на сайт суполкі: http://bznb.ru/. А там нас чакаў прыемны сюрпрыз пад назвай “Голас Радзімы” чуваць у Бранску. Такую нататку размясціў зямляк на інтэрнэт-рэсурсе. Чытаем: “Цікавая, змястоўная газета “Голас Радзімы” выдаецца ў Мінску на беларускай мове для суайчыннікаў, якія жывуць за межамі Беларусі. Яна дазваляе пазнаёміцца з навінамі ў беларускіх дыяспарах, а таксама даведацца пра навіны на малой Радзіме. Апублікаваныя артыкулы й пра Беларускае зямляцтва на Браншчыне, якія даюць магчымасць чытачам даведацца пра жыццё беларусаў Браншчыны, знаёмяць з дзейнасцю адной з самых актыўных суполак рэгіёну. Хочацца падзякаваць Івану Ждановічу, які ўкладвае душу ў газету, прымушае яе быць жывой, актуальнай, запатрабаванай. Да таго ж ён падказвае нам кірункі працы арганізацыі”. Далей на сайце пададзены спасылкі на тэксты артыкулаў з газеты, якія тычацца зямляцтва.

Дзякуем, Мікалай Іванавіч, за добрае слова, папулярызацыю выдання: цяпер жа ідзе падпіска. Усе, хто працуе ў рэдакцыі “Голасу Радзімы”, а таксама ў Выдавецкім доме “Звязда” (пад яго крылом газета другі год), укладваюць у газету часцінку душы. Але ж і без падзвіжніцкай працы такіх, як вы, актывістаў беларускага руху ў замежжы — не было б такой адметнай газеты, як маем сёння. Аніводнае выданне Беларусі не мае цяпер столькі замежных — няштатных — карэспандэнтаў, як наша! Імкнемся пашыраць сетку “замкараў”, ніводнае электроннае пісьмо не пакідаем без увагі. Калі нешта з дасланага й не дацягвае да публікацыі — то імкнемся, часам і разам з аўтарам допісу, “дацягнуць”. І толькі “надводная частка” айсбергу нашай працы бачна ў газеце… Аднак мы свядома ідзем “на кантакт” з актывістамі суполак, па магчымасці падказваем ім тое, што прыдасца ў рабоце, паспрыяе міжнароднаму аўтарытэту Бацькаўшчыны. Мяркуем так: чым больш беларускіх спраў, допісаў з месцаў — тым большы наш Беларускі Мацярык у свеце. І, вядома ж, мы зацікаўлены ў тым, каб Голас Радзімы гучаў у кожным беларускім сэрцы: ці то ў Беларусі, ці то ў замежжы.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».