Вы тут

Як бласлаўляць маладых?


Пытанні, якія задалі нашы чытачкі Таццяна Пятроўна Р. з Мар'інай Горкі і Алена Мікалаеўна Ф. з Салігорска, у нечым падобныя: «Як правільна выканаць провады жаніха і нявесты, калі яны едуць у загс?» і «Калі нашы маладыя будуць вянчацца, якая ікона павінна ў іх быць?»


Мы пастаянна падкрэсліваем, што так званы пераходны час і прастора, у межах якой разгортваюцца абрадавыя падзеі, уяўляюць сабой адкрытую структуру, абараняць якую і падтрымліваць жыццяздольную раўнавагу закліканы шматлікія абярэгі. Да шэрагу такіх абрадавых практык адносіцца і працяглы, складаны па сваёй цырыманіяльнай кампазіцыі вясельны абрад. Яго падзейная адкрытасць і безабароннасць памнажаюцца тым, што збіраецца вялікая колькасць гасцей, пастаянна мяняецца месца правядзення важных абрадавых дзеянняў, адначасова задзейнічана значная колькасць вясельных чыноў, за якімі стаяць людзі рознага ўзросту, полу, сацыяльнага статусу, ступені сваяцтва. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што якраз вясельны цырыманіял як ніякі іншы скіраваны ў аддаленую перспектыву (нароўні з ім можна паставіць толькі цыкл абрадаў, якія суправаджаюць нараджэнне дзіцяці). А калі ўлічыць, што маладым трэба было двойчы пераадолець прастору дарогі, якая яшчэ ў большай ступені ўяўлялася небяспечнай для вясельнага поезда, то становіцца зразумелым, чаму момант адпраўлення маладых да вянца лічыўся адным з самых непрадказальных. Гэтая акалічнасць патрабавала ад удзельнікаў уключэння ў кантэкст провадаў дадатковых магічных дзеянняў прэвентыўнага характару. Як толькі жаніх і нявеста разам са сваёй дружынай зоймуць месцы ў вясельным картэжы, бацькі нявесты выконваюць рытуал, накіраваны на захаванне яго цэласнасці і непадзельнасці на ўсім шляху — ад дома да храма або загса і назад.

Бацька выносіў дамашнюю ікону, а ўслед за ім ішла маці, трымаючы ў руках засцеленае белым ручніком вечка дзяжы, на якім узвышалася міса, напоўненая жытам. Бацька і маці тройчы абыходзілі вакол вясельнага картэжу, рухаючыся па ходзе сонца, і абсыпалі яго зернем.

Сэнс гэтага святочна-велічнага рытуальнага дзеяння зводзіўся да двух аспектаў. З аднаго боку, трэба было «замкнуць» усіх удзельнікаў абраду (перш за ўсё тых, хто ў складзе вясельнага картэжу паедзе ў храм або загс) у сімвалічнае кола, якое на працягу ўсяго шляху не павінна было разарвацца ні пры якіх абставінах. Бацькі абносілі поезд іконай і тым самым узводзілі своеасаблівы рытуальна-магічны «кокан», які і павінен быў выконваць ролю надзейнага абярэга і не дапускаць пранікнення ў яго прастору чужа-РОД-най сілы.

Але пасля ўсіх выкананых рытуальных дзеянняў і ў хаце, і ў двары ікону абавязкова вярталі на ранейшае месца — на покуць, у чырвоны кут.

Тыя, хто сёння жадае вянчацца, павінны ведаць: для маладых, асабліва ў тым выпадку, калі яны будуць браць шлюб, загадзя набываюць два абразы: выяву Дзевы Марыі і выяву Ісуса Хрыста, якія «адправяцца» ў вясельную дарогу, будуць «прысутнічаць» у храме пры шлюбе, імі ж святар блаславіць маладых. З гэтага моманту іконы стануць сямейнымі святынямі гэтай сямейнай пары.

Вось тут хацелася б правесці адно невялікае, але прынцыпова важнае параўнанне. Замест таго каб сустрэць маладых на парозе роднай хаты, на непрацяглы час пасадзіць іх у чырвоным куце («прапісаць іх тут на доўгі сумесны век») і толькі пасля гэтага кіравацца да рэстарана, дзе будзе праходзіць святочная імпрэза, нашы сучасныя бацькі робяць усё наадварот. Яны сустракаюць жаніха і нявесту іконай перад парогам рэстарана, а пасля пакладуць яе ў якім-небудзь пакеце проста на падлозе, дзе яна будзе ляжаць да завяршэння застолля. Дбайная гаспадыня ведае, што пакет прадуктаў не варта апускаць на падлогу, а тут самая вялікая святыня на нейкі час становіцца будзённай рэччу...

З галоўнай іконай храма ці хаты ў народзе заўсёды звязвалі будучыню. Так, калі яе з нейкіх прычын выносілі з храма, то гэта часцей за ўсё прадвяшчала яго разбурэнне і спусташэнне абіцелі. Калі хатні абраз выносілі з хаты і не вярталі, гэта прадказвала выміранне ўсяго Роду. Далей мяркуйце самі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: chasto.net

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?