Вы тут

У трохгадовага кухара Марка — больш за 15 тысяч падпісчыкаў у Instagram


Ёсць усе спадзяванні, што калі-небудзь Магілёў стане беларускай кулінарнай сталіцай. Мы ўжо пісалі пра таленавітых кухараў Мікіту Цвяткова, першага пераможцу WоrldSkіlls Bеlаrus у гэтай кампетэнцыі, і Пятра Ануфрыенку, які зусім нядаўна быў прызнаны найлепшым шэф-кухарам года на першым міжнародным кулінарным кубку ў Мінску. Але гэта былі дарослыя майстры, а нядаўна пра сябе гучна заявіў зусім яшчэ юны. Марку ўсяго тры гады, а ён ужо дастаткова вядомы кухар. У «Інстаграме», куды яго маці выкладвае рэцэпты і відэаролікі з падрабязнасцямі прыгатавання, у яго болей чым 15 тысяч падпісчыкаў. 


Машынкі ў цесце

Марк — кухар, які яшчэ не гаворыць. Менавіта так прадстаўлена ў інтэрнэце юнае дараванне.

— Ён у нас гатаваць навучыўся раней, чым размаўляць, — усміхаецца яго маці Лізавета Пастухова. — Цяпер у нас з маўленнем прагрэс, не тое што год таму, калі я вырашыла прадэманстраваць яго здольнасці на ўвесь свет. Спачатку здымала асабіста для сябе, але знаёмыя паглядзелі і параілі: выкладвай у інтэрнэт, гэта ж так класна. Я нешта гатую, а ён увесь час да мяне цягнецца. Сама кухарыла, а яму дазваляла з крупамі пагуляцца, у місцы з вадзічкай ручкі памачыць. А ён стаў усё больш і больш цікавіцца, дапамагаць цеста замешваць. Але больш за ўсё любіў гатаваць амлеты. Падстаўляў крэсла да халадзільніка, адчыняў дзверцы і браў яйкі. Прыносіў, разбіваў аб міску і размешваў. Пэўны час у меню былі ў асноўным амлеты, пакуль я не вырашыла ўскладніць задачу. Дадала муку і цукар, і мы сталі гатаваць шарлотку. З гэтага наш блог, па сутнасці, і пачаўся.

Скептыкам заўсёды не хапае тэм для сумневу, але я асабіста пераканалася, што гэта не той выпадак. Не выключаю, што ёсць бацькі, якія літаральна са скуры лезуць, каб сваё дзіця праславіць. Але ў Марка з Лізаветай усё гэта атрымліваецца так непасрэдна, што сапраўды захапляе. Нездарма людзі з такім замілаваннем рэагуюць на Лізавеціны пасты ў сацсетках.

— Я спачатку крыху баялася, што будзе шмат негатыву, думала, што маці, дзеці якіх не гатуюць, пачнуць папракаць, што я выхваляюся перад імі. Марк, калі гатуе, можа і машынкі ў цеста «дадаць» або яшчэ што. Гэта ж гульня, мы ж не для кавярні або сталоўкі гатуем. Але я дарэмна хвалявалася — людзі ўсё разумеюць. Шмат хто дасылае відэа дзяцей, якія таксама гатуюць. Пішуць, што карыстаюцца нашымі рэцэптамі. Некаторыя прызнаюцца, што раней баяліся пускаць малых на кухню, а паглядзеўшы на нас, натхніліся.

Усе рэцэпты і фота гатовых страў, да якіх прыклаў руку Марк, — у інтэрнэце. Гляджу на гэтую прыгажосць і глытаю слінкі. Як жа смачна выглядае вунь той пірог з чарнічнай праслойкай! А вось гэты блінны торт — сапраўдны твор мастацтва. Бліны, начынка з курыцы і грыбоў плюс смятанна-сырны соус. М-м-м, як апетытна!

— Гэта звычайныя дамашнія рэцэпты, — усміхаецца Лізавета. — У тым жа «Інстаграме» шмат кулінараў ёсць. Калі нешта смачнае трапляе на вочы, бяру на заметку. Але з такім прыцэлам, каб Марк справіўся. Не люблю доўгія складаныя стравы, калі трэба гадзіну марынаваць, потым яшчэ дзве запякаць. Вельмі люблю салодкае і гатова з гэтым эксперыментаваць. Адзін дзень, напрыклад, гатуем кекс, другі — рулет. У працэсе дадаём нешта сваё і ствараем унікальны рэцэпт.

«Ням-ням тува», або Мама з жалезнымі нервамі

Кожны дзень маладой мамы і сына распісаны па хвілінах. Лізавета — настаўніца англійскай мовы — цэлы дзень у школе. Пакуль маці на рабоце, Марк у дзіцячым садку. Потым абодва бягуць на заняткі да лагапеда або ў тэатральны гурток, дзе для такіх маўклівых малых, як Марк, ёсць спецыяльная лагагрупа.

— Ну, а як толькі вяртаемся дадому, Марк адразу цягне мяне на кухню са словамі «папа ням-ням тува», што значыць — трэба прыгатаваць для таты нешта салодкае, — расказвае Ліза і дадае: — Наш тата — баскетбаліст магілёўскага клуба «Барысфен», а раней гуляў у розных клубах Расіі і Беларусі. Мы з ім знаёмы амаль з дзяцінства, а калі пабраліся шлюбам, разам ездзілі па яго спартыўным маршруце. Гады чатыры таму аселі ў Магілёве, цяпер вось выхоўваем дзіця.

Любоў да кухарскай справы ў Марка спадчынная. Лізавета таксама з дзяцінства прывыкла нешта гатаваць. Згадвае, што калі ёй было шэсць гадоў, разам з братам пад кіраўніцтвам маці рабіла «венскія вяночкі» — печыва з белага і карычневага цеста. Для дзяцей, вядома, гэта была цікавая гульня. Калі яны займаліся кухарствам, уся кухня была ў муцэ. Але ж маці ўспрымала гэта спакойна — напэўна, таму сам працэс і запомніўся як свята. Вядома ж, усё, што закладваецца ў дзяцінстве, потым становіцца характарам. Марк таксама не падарунак, бывае, што кухня падчас яго гатавання нагадвае бушуючы вулкан. Але ж Ліза не лічыць патрэбным пакрыкваць на сваё дзіця. Нават у іх з Маркам кулінарным блогу яна пазіцыянуе сябе як маці з жалезнымі нервамі.

— У мяне часта пытаюцца, адкуль маю столькі цярпення, і я стала пра гэта думаць, — канстатуе яна. — Раней мне здавалася, што гэта зразумела і натуральна. Ну раскідаў цацкі, ну збяром, што тут такога. А потым здагадалася. Я ж у школе працую. Калі цэлы клас гарлапаніць, мне трэба дзяцей не толькі супакоіць, але і чамусьці навучыць. Вось я і стрымліваюся, не зрываюся ні на кім.

Лізавета згадвае выпадак са свайго дзяцінства, калі настаўніца ў музычнай школе прыкрыкнула на яе і дзяўчынка расплакалася. А ўся справа была ў тым, што Ліза ўпершыню ўбачыла раз'юшанага чалавека. І яшчэ больш пераканалася ў тым, што крык — вельмі дрэнны стымул.

Як нараджаюцца кексы

Сёння Марк пры дапамозе маці можа прыгатаваць усё, што душа пажадае. Або амаль усё. І я гэта аўтарытэтна пацвярджаю. Мала таго, што ў яго ёсць нават свой кухарскі інструмент у выглядзе бяспечнага нажа і цэлай скрыні розных формаў, а таксама адпаведны фартушок, дык ён ужо і адмысловыя прафесійныя жэсты засвоіў. Бачылі б вы, як ён замешвае цеста! «Мішлен» адпачывае.

Ні Лізавета, ні тым больш я не ведаем, што зараз народзіцца ў руках юнага майстра. Напэўна, бісквіт, мяркуе маладая жанчына, калі Марк упэўнена бярэ крэсла і цягне яго да халадзільніка, каб узяць яйкі. У імгненне вока з дапамогай спецыяльнага венчыка яны ператвараюцца ў аднародную масу. А Марк дзелавіта цягне крэсла ўжо да шафы, каб узяць там цукар. «А кава?» — ці то цікавіцца, ці то загадвае маці сын. «Даводзіцца цяпер усё есці з кавай», — асуджана ўздыхае Лізавета і дастае пакецік. Цікава назіраць, як хлопчык дзелавіта ўзбівае яйкі з цукрам і кавай, пры гэтым спрытна круцячы міску. «Гэта прыходзіць само, — тлумачыць Лізавета. — Але ж зразумела, што ні ў кога так з першага разу не атрымаецца. Патрэбен час...»

Каб цеста паднялося, бяром соду. Лізавета перадае Марку лыжку з белым парашком, а ён упэўнена гасіць яго воцатам. Маці тым часам згадвае пра электрычны міксер, і справа пачынае ісці хутчэй. Маса ў місцы расце на вачах.

— Нам ужо прапаноўваюць праводзіць майстар-класы, — усміхаецца Лізавета. — Адзін мы зрабілі на ранішніку ў тэатральным гуртку. Часу было няшмат, таму загадзя спяклі печыва, узялі з сабой глазуру і харчовыя бліскаўкі, каб дзеці змаглі ўпрыгожыць гэтую смакату.

У міску тым часам сыплецца мука, і Марк пачынае ўзбіваць цеста. На выгляд атрымліваецца апетытна. Марк каштуе на смак і не можа адарвацца. Лізавета нагадвае магічнае «ням-ням тува», і сын бярэцца змазваць алеем сіліконавую форму. Потым пералівае ў яе цеста і нясе да ўжо разагрэтай пліты. Маці ўрачыста адпраўляе твор Марка ў духоўку і прапануе зрабіць музычны перапынак. Яна ж яшчэ і аматар танцаў, трынаццаць гадоў займалася гэтай справай і цяпер вядзе ў школе танцавальны гурток. Пад мілагучную кампазіцыю Рыты Дакоты, Ганны Хількевіч і Аксаны Дзмітрыевай «Любовь безвозмездно дарящие, мамы настоящие» маці з сынам кружаць па кухні. Яны пачулі гэтую песню на ранішніку, і абодва ў яе ўлюбіліся. Хутка прыемны пах выпечкі запаўняе ўсю кватэру. Так цёпла ў ёй і ўтульна!

«Хутка будзем ёлкі пячы, — дзеліцца планамі Ліза. — На мінулы Новы год, напрыклад, пяклі імбірныя пернікі, да Вялікадня цэлы тыдзень фарбавалі яйкі рознымі спосабамі, да дня Святога Валянціна рабілі сэрцайкі з джэмам. Не ведаю, як Марк гэта ўсё ўспрымае, але калі бачу, што ён паўтарае за мной, разумею — гэта не дарэмна. На кухні я заўсёды побач, але не ўмешваюся — толькі назіраю за працэсам. Даю яму болей самастойнасці. Калі мы забараняем дзіцяці гатаваць, на самай справе беражом не яго, а сябе: нам не хочацца лішні раз прыбіраць. Самой нашмат прасцей. Але маці мяне навучыла, і я таксама перадаю гэты вопыт сыну. Хай некалькі гадзін патрачу, каб навучыць яго, затое потым ён зможа рабіць гэта самастойна».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Смачныя гульні Марка Пастухова

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.