Вы тут

Лілія Ананіч: Тое, што нас каштавалі на зуб, добра разумее беларускае грамадства


Галоўная палітычная падзея бягучай восені — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — адбылася. Але «рэха» выбараў яшчэ добра чуваць, у тым ліку і датычна вынікаў, ацэнак, скандалаў, якія правакаваліся проста на выбарчых участках. Што датычыцца канчатковых вынікаў — пра іх усё паведаміць Цэнтрвыбаркам пасля пасяджэння 22 лістапада. А вось пра ўражанні ад ужо мінулага выбарчага працэсу і ад таго, што вакол яго адбывалася сёлета, мы запыталі непасрэдных удзельнікаў выбараў (калі разабрацца, імі былі ўсе, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі).


Лілія АНАНІЧ, абраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын»:

«Гэтая выбарчая кампанія для мяне была вельмі змястоўным перыядам часу, хацелася рэалізаваць сябе як асобу, грамадзянку Рэспублікі Беларусь, якае мае вялікі вопыт дзяржаўнай, грамадскай дзейнасці. Я лічу, што вельмі важна праяўляць актыўнасць, умацоўваць нашу краіну. Я балатавалася па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 63. Для мяне гэта адметны рэгіён — мая малая радзіма. Я ніколі ад яе не адрывалася, таму мела вялікае жаданне працаваць так, каб кожны, з кім я сустракалася, знаходзіў у маёй праграме тое, што адпавядае яго запыту. Дарэчы, мая праграма «Умацоўваем сям'ю — умацоўваем краіну» была складзена менавіта з пункту гледжання вопыту работы ў грамадскім аб'яднанні «Беларускі саюз жанчын».

Суразмоўца адзначае, што падчас выбарчай кампаніі адчула прыязнае стаўленне землякоў. Яны ведаюць і памятаюць нават бацькоў Ліліі Ананіч, якія працавалі настаўнікамі. Менавіта землякі падалі ёй ідэю ісці ў парламент і садзейнічалі падчас збору подпісаў.

Новаабраны дэпутат адзначае актыўнасць і цікаўнасць жыхароў да працэсу выбарчай кампаніі. «Магчыма, камусьці здаецца, што сельская акруга адрозніваецца па сваіх поглядах: маўляў, людзі цішэйшыя, няшмат чым цікавяцца. Я з гэтым не згодна. Я правяла больш за сто сустрэч у розных калектывах і ў разнастайных формах. І людзі прыходзілі, каб пабачыць свайго кандыдата. Мая задача была — пачуць грамадзян, паслухаць іх наказы, каб дапамагчы вырашыць праблемы», — расказвае Лілія Ананіч. Па словах дэпутата, гэтыя сустрэчы далі ёй упэўненасць у тым, што ў нас неабыякавае грамадства, якое імкнецца да далейшага развіцця.

На погляд Ліліі Ананіч, тыя негатыўныя інцыдэнты, якія адбываліся падчас выбарчай кампаніі, не характэрныя наогул для нашага грамадства і менталітэту. «Гэта тое, што не з'яўляецца для нас натуральным. Мы бачылі добра спланаваныя акцыі, якія мелі мэтай нейкую дэстабілізацыю сітуацыі і падвядзенне грамадскай думкі да таго, што выбары несправядлівыя. А вы правядзіце сто сустрэч у сваёй акрузе, пайдзіце да людзей, а пасля разважайце пра справядлівасць. Людзі адчуваюць фальш. І тое, што нас каштавалі на зуб, добра разумее беларускае грамадства», — адзначае Лілія Станіславаўна.

Яна расказала пра выпадак, калі на адну з яе сустрэч (з працаўнікамі аграгаспадаркі) прыехалі назіральнікі АБСЕ: «Яны, відаць, здзівіліся, што не было поўнай залы людзей. Ніхто не зганяў, не прымушаў ісці на сустрэчы, а была звычайная абвестка. Сустрэча атрымалася сціплая па часе, але людзі былі задаволеныя, што ўбачылі свайго кандыдата. Назіральнікі амаль паўгадзіны мелі гутарку са мной, чаму я іду ў дэпутаты, чым важная мая праграма пра сям'ю і краіну. Прагучала і пытанне наконт датэрміновага галасавання, — маўляў, могуць быць злоўжыванні. Адказала: навошта адразу прагназаваць негатыў? Нацыянальным выбарчым заканадаўствам, як,  дарэчы, і ў іншых краінах датэрміновае галасаванне прадугледжана, таму мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, маем права на сваё ўласнае развіццё і гатовы да далейшага дыялогу».

Алег БУХАВЕЦ, прафесар кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

«Я салідарны з назіральнікамі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія канстатавалі спакойны, канструктыўны ход выбарчай кампаніі.

Я напярэдадні выбараў нават пабіўся аб заклад са сваімі студэнтамі аб тым, ці будзе хоць некалькі прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ніжняй палаце парламента. Дык я прайграў — сцвярджаў, што будуць. Мушу на занятках прызнаць сваю памылку. Нехта з паэтаў ёмка сказаў: «Без меня народ не полон». Хоць яны (сілы, процілеглыя дзеючай уладзе. — «Зв.») і неістотныя велічыні, але таксама частка народа. Трэба быць больш пераканаўчымі. На мой погляд, іх сістэмныя памылкі вырашылі вынік не на іх карысць».

Сярод памылак Алег Рыгоравіч назваў такія характарыстыкі ў біяграфіі кандыдатаў, як «беспрацоўны» ці «на ўтрыманні бацькоў». «Зразумела, якія адносіны ў сярэднестатыстычнага беларуса гэта выклікае! Мы, канешне, не такія працаголікі, як японцы, але дакладна не абібокі. І для беларусаў такія характарыстыкі — нешта анамальнае», — лічыць палітолаг.

Не пакінуў па-за ўвагай суразмоўца і сюжэт на канале «Еўраньюс», у якім паказваліся крытычныя выказванні аднаго з прадстаўнікоў апазіцыйных сіл, які лаяў нашу палітычную сістэму. «Ведаеце, у гісторыі быў выпадак, калі нейкі шах ці эмір загадаў адлупцаваць акіян, таму што ён загубіў караблі. Мне гэта выказванне нагадала яго. Што ж наракаць на электарат? Некаторым, відавочна, не падабаецца наш народ. Ім бы хацелася перавыбраць народ, але гэта зрабіць немагчыма...» — жартуе Алег Бухавец.

Па словах палітолага, яго парадавала, што павялічылася колькасць удзельнікаў галасавання. Пакуль няма дакладных даных па структуры выбаршчыкаў, але ён мяркуе, што яўка ў цяперашніх выбарах павялічылася за кошт моладзі. «Гэта зразумела, што моладзь актывізуецца ад выбараў да выбараў. Моладзь — самая перспектыўная частка грамадства, яна ўкамплектуе будучыя эліты бізнесу, палітыкі, культуры», — заключыў прафесар кафедры паліталогіі.

Кіраўнік місіі назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, выканаўчы сакратар СНД Сяргей ЛЕБЕДЗЕЎ адзначыў: назіральнікі ад СНД прыйшлі да высноў, што выбары праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, Выбарчым кодэксам Беларусі.

«Мы пачалі сваю работу чацвёртага верасня гэтага года. На доўгатэрміновай аснове працавалі 48 назіральнікаў, апошнія тры дні гэтая місія ўзрасла да 475 чалавек. У кожнай з абласцей прысутнічала прыкладна 50 назіральнікаў, — паведаміў Сяргей Лебедзеў. — У нас склалася меркаванне, што кампанія была арганізавана дастойна, былі ўлічаны пэўныя недапрацоўкі, якія прысутнічалі ў мінулых выбарчых кампаніях».

Асабліва Сяргей Лебедзеў адзначыў дакладную зверку спісаў выбаршчыкаў. На выбарчых участках, дзе прысутнічалі назіральнікі СНД, не было зафіксавана выпадкаў, калі грамадзяне не знаходзілі сябе ў спісах. Плюсамі назвалі таксама наяўнасць інфармацыйных матэрыялаў аб кандыдатах, вылучэнне большай колькасці прэтэндэнтаў, чым у мінулай кампаніі, канкурэнтнасць і альтэрнатыўнасць выбару.

Выявілі і зафіксавалі назіральнікі СНД і недахопы, якія насілі тэхнічны характар. Напрыклад, на некаторых участках на месцы размяшчэння назіральнікаў не былі бачныя скрыні для галасавання.

«Хачу сказаць, як правіла, калі назіральнікі з місіі СНД звярталі ўвагу на гэтыя недахопы, арганізатары выбарчага працэсу, члены ўчастковай выбарчай камісіі, як правіла, уносілі карэктывы і ліквідавалі гэтыя недахопы».

Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: РИА Новости

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.