Вы тут

Румас і Мядзведзеў знялі не менш за палову рознагалоссяў па інтэграцыйных дарожных картах


Прэм’ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў 19 лістапада знялі не менш за палову рознагалоссяў па інтэграцыйных дарожных картах. Пра гэта заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках больш чым сямігадзінных перамоў у Маскве, паведамляе БелТА.


«Каб у прадстаўнікоў СМІ было ўяўленне пра тую каласальную працу, якую прарабілі дзяржорганы, я прывяду вам некалькі лічбаў, — сказаў Сяргей Румас. — Усяго неабходна распрацаваць 31 дарожную карту, уключаючы больш за 700 мерапрыемстваў. З іх да сённяшняй раніцы каля 40 мерапрыемстваў па дарожных картах не былі ўзгоднены дзяржорганамі. І на працягу гэтых сямі гадзін мы падрабязна прайшліся па кожным з гэтых разыходжанняў. Цяжка сказаць, колькі дакладна іх засталося, але, я думаю, што не менш за палову з гэтых няўзгодненых пазіцый нам удалося сёння зняць».

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што не менш за 20 інтэграцыйных дарожных карт на гэты час ужо гатовыя да падпісання. «Разам з тым сапраўды засталіся складаныя пытанні, па якіх нам не ўдалося знайсці сёння развязку, — прызнаў ён. — Але гэта не значыць, што развязак па іх не існуе».

Сяргей Румас паведаміў, што прэм’ер-міністры далі дадатковыя даручэнні дзяржорганам прапрацаваць гэтыя развязкі. «І, напрыклад, калі па адчувальных для Беларусі картах — па рынку газу або па нафтавым рынку — былі чатыры неўрэгуляваныя пытанні, то сёння іх засталося два, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада. — Разам з тым яны складаныя і, напэўна, па іх кіраўнікам дзяржаў будуць прапанаваныя развязкі».

«Мы сёння вельмі значна прасунуліся і добра разумеем, дзе ў нас засталіся разыходжанні, — працягнуў Сяргей Румас. — Узялі прыкладна тыдзень тэрміну, каб іх яшчэ раз абмеркаваць, а далей гэты пакет дакументаў з рознымі пазіцыямі бакоў будзе ўнесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў».


Вынікі інтэграцыі ў СД відавочныя і бясспрэчныя

У якасці пацверджання сваіх слоў Сяргей Румас назваў роўныя правы грамадзян Беларусі і Расіі, адзіную міграцыйную прастору, адсутнасць пагранічнага кантролю. Паводле яго слоў, дагаворная база беларуска-расійскага супрацоўніцтва складае больш за 300 міждзяржаўных дагавораў і пагадненняў, якія ахопліваюць практычна ўсе сферы. Разам з тым ён падкрэсліў, што бакам трэба прыняць важныя рашэнні па развіцці інтэграцыі ў паліўна-энергетычным комплексе, фінансава-крэдытнай сферы, транспартнай сістэме. «Менавіта трэку саюзнай інтэграцыі на доўгатэрміновую перспектыву мы надалі сёння асноўную ўвагу», — адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі.

«Мы сапраўды прасунуліся на гэтым шляху і па нявырашаных пытаннях далі дадатковыя даручэнні органам кіравання», — паведаміў ён.

Сяргей Румас выказаў упэўненасць, што на маючым адбыцца пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы будзе дадзены старт новаму этапу будаўніцтва СД.


Мядзведзеў не выключыў яшчэ адну сустрэчу па інтэграцыйных дарожных картах

Абмеркаваныя на перамовах пытанні прэм’ер-міністр Расіі назваў звышскладанымі, але ў той жа час важнымі для дзвюх дзяржаў. Ён нагадаў, што бакам неабходна распрацаваць 31 інтэграцыйную дарожную карту, якія тычацца практычна ўсіх сфер эканамічнага супрацоўніцтва: энергетыкі, фінансаў, прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, сувязі, падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, пытанняў макраэканомікі. «Значная частка дарожных карт ўзгоднена», — адзначыў ён.

«Гэта былі прадуктыўныя перамовы з расстаноўкай акцэнтаў, дзе мы дамовіліся, а дзе — не, — паведаміў Дзмітрый Мядзведзеў. — Дзе ёсць яшчэ рэсурс на ўзроўні ўрадаў, а па якіх пытаннях нам прыйдзецца звярнуцца да прэзідэнтаў дзвюх краін».

Расійскі прэм’ер-міністр растлумачыў, што некаторыя з рознагалоссяў носяць чыста тэхнічны характар, а некаторыя датычацца досыць сур’ёзных пытанняў, якія можна будзе ўрэгуляваць у фармаце абмеркавання кіраўнікоў дзяржаў з удзелам урадаў.

Ён дадаў, што пазіцыі бакоў кожны дзень збліжаюцца і ў бліжэйшы тыдзень будуць падрыхтаваны новыя версіі дарожных карт, у якія ўвойдуць у тым ліку і вынікі сённяшніх перамоў. «Магчыма, нам спатрэбіцца яшчэ адна сустрэча на ўзроўні прэм’ер-міністраў», — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Па матэрыялах БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».