Вы тут

Ці складана для беларусаў вучыцца ва ўніверсітэце ў Кітаі?


Псіхолагі сцвярджаюць, што, каб зразумець сябе, няма спосабу, лепшага за выхад з зоны камфорту і за паездку на працяглы час у іншую краіну. Вы можаце адчуваць страх перад невядомасцю і непрадказальнасцю ці прыемнае хваляванне і расслабленне... Усе гэтыя эмоцыі зведала студэнтка чацвёртага курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Паліна Альшэўская, якой пашчасціла адправіцца на цэлы год на вучобу ў Кітай.


Пра тое, што ўніверсітэт дае магчымасць вывучэння моў па праграме абмену студэнтамі з замежнымі ВНУ, дзяўчына даведалася задоўга да таго, як паступіла туды. Зыходзячы з гэтага, выбар навучальнай установы, як і другой замежнай мовы, не быў выпадковы. Паліна заўсёды захаплялася кітайскай — цікавай, унікальнай і перспектыўнай. Ідэя яе асваення непасрэдна ў асяроддзі носьбітаў заўсёды здавалася дзяўчыне асабліва прывабнай і прыцягальнай. Абмеркаваўшы з роднымі ўсе нюансы і перавагі навучання ў Кітаі, атрымаўшы ад іх падтрымку і адабрэнне, студэнтка вырашыла сур'ёзна падысці да ўвасаблення сваёй задумкі ў жыццё...

Няхай дзяўчына і раней жыла на адлегласці ад бацькоў і сяброў — яны ў Маладзечне, а яна ў Гродне, — Паліна бачылася з імі як мінімум раз ці два на месяц і ведала, што ў любы момант можа прыехаць дадому. А калі ва ўсёй краіне нікога знаёмага? Калі няма ўсіх тых «падпорак», якія падтрымліваюць нас у жыцці? Але маёй суразмоўніцы пашанцавала: у кітайскую ВНУ разам з ёй па навучальнай праграме адправілася некалькі студэнтаў з гродзенскага ўніверсітэта, у тым ліку яе аднагрупніца. Гэты факт моцна палегчыў адаптацыю на новым месцы.

Каб прыступіць да вучобы, Паліна найперш прайшла тэст на веданне мовы, па выніках якога была размеркавана ў самую вялікую групу студэнтаў — з пачатковым узроўнем валодання. У першым семестры праграма ўключала ў сябе тры прадметы: базавую кітайскую мову, работу з аўдзіраваннем і гутарковую практыку. Навучальны працэс штодня доўжыўся да 12 гадзін дня, акрамя суботы і нядзелі — гэта былі выхадныя дні. У другім семестры асноўную ўвагу пачалі ўдзяляць граматыцы. Дзяўчына перайшла ўжо ў іншую групу з вышэйшым узроўнем валодання мовай: магла размаўляць, падтрымліваць агульныя тэмы.

Як кажуць студэнты: «Пары — гэта святое, але і адпачынак ніхто не адмяняў». Вольнага часу Паліне хапала спаўна: падчас сваіх двух законных выхадных яна паспявала не толькі знаёміцца са славутасцямі Пекіна, але і падарожнічаць за яго межамі. Але, як руплівая студэнтка, да панядзелка вярталася ў інтэрнат, выконвала дамашняе заданне і, напоўненая сіламі і энтузіязмам, ішла на вучобу. У Кітаі студэнты жывуць у кампусах, на тэрыторыі якіх размяшчаецца ўсё неабходнае: сталоўка, бібліятэка, спартыўны комплекс. І правілы падобныя на нашы: трэба вярнуцца ў інтэрнат строга да 12 гадзін ночы. Паліна жыла ў інтэрнаце з хлопцамі і дзяўчатамі, якія, як і яна, прыехалі ў ВНУ па праграмах абмену. Чалавек таварыскі і адкрыты, дзяўчына адразу ж пазнаёмілася і пасябравала з многімі з іх. Знаходзячыся ў міжкультурным асяроддзі, па суседстве са студэнтамі з розных куткоў свету, наша гераіня даведвалася шмат новага пра культуры далёкіх краін і пашырала свой кругагляд. Дзяўчына прызнаецца, што дзякуючы такой магчымасці яна развеяла для сябе шмат міфаў пра рэлігіі і звычаі розных народаў.

— У інтэрнаце ў нас была агульная гасцёўня, дзе мы досыць часта збіраліся вялікай кампаніяй, гаварылі на розныя тэмы і частавалі адно аднаго сваімі нацыянальнымі стравамі, — з цеплынёй прыгадвае наша гераіня. — Чым я толькі не ласавалася, пачынаючы ад пякучай ежы лаосцаў і заканчваючы прысмакамі афрыканцаў, якія раставалі ў роце. Да чаго так і не змагла прызвычаіцца — дык гэта да кітайскай ежы. У большасці выпадкаў яна была тлустая і вострая. Хоць многія за год вучобы прывыклі да такой кухні і, нават прыехаўшы дадому, ужо не маглі ад яе адмовіцца. Асабіста ж у мяне ад страў сыпаліся іскры з вачэй. У Кітаі зусім не такая малочная прадукцыя, як у нас, яна адрозніваецца смакам. Тварог, сыр, пудынгі — рэдкасць. А мне іх так не хапала! У асноўным я гатавала для сябе сама, але часам сілкавалася ў сталоўцы кампуса.

Да чаго было прызвычаіцца не лягчэй, чым да кітайскай ежы, — дык гэта да экалогіі. У Пекіне вельмі забруджанае паветра, часта ўзнікаў смог, асабліва ўзімку. Без маскі знаходзіцца на вуліцы было проста немагчыма.

Але, нягледзячы на такія нюансы, Паліна засталася ў захапленні ад часу, праведзенага ў Кітаі, і ад атрыманых ведаў па мове. Быць часткай новай культуры — даволі дзіўнае адчуванне. Падобны вопыт змяняе жыццё і дорыць незабыўныя ўспаміны.

Надзея БОБРЫК, студэнтка ІІ курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Загаловак у газеце: Па веды — у Кітай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».