Вы тут

Нязграбны вопыт замежнага «майстар-класа» на беларускай палітычнай «кухні»


Восень — багатая, вельмі прыгожая пара года. Час упарадкаваць ураджай на палетках і падводзіць вынікі. Для гаспадарлівых беларусаў так было спрадвеку. Сёлетняя восень апроч усяго іншага песціла небывалай цеплынёй. Няхай кажуць пра глабальныя змены клімату, аднак неяк так не хочацца не тое што халадэчы, а больш слотнага «каля нуля». Усё ж лепш сонца і рознакаляровая лістота. Настрой яны ствараюць адпаведны.


Бадай што ў многіх такое святочнае адчуванне панавала ў душы і ў мінулыя выхадныя, ці не апошні ўтульны ўік-энд перад амаль паўгадавым выпрабаваннем «нябеснай канцылярыяй». З такім настроем, ведаю, многія прыйшлі на свае выбарчыя ўчасткі. Галасаваць за «свайго» кандыдата ў дэпутаты. Не за абстрактнага адасобленага заканадаўцу, а канкрэтнага чалавека, які мае ў сваёй жыццёвай скарбонцы добрыя справы, зробленыя для людзей. Менавіта такім чынам і ствараецца каманда прафесіяналаў, здольная адлюстраваць грамадства, а значыць дзейнічаць у яго інтарэсах. І гэта зусім не высокія матэрыі, а практычны, эфектыўны падыход да справы, які мае на ўвазе канкрэтныя вынікі.

Тут усё проста. Як заўважыла спецыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ Маргарэта Седэрфельт, «легітымнасць не гарантуецца міжнароднай арганізацыяй, яна гарантуецца самім народам, народам Беларусі, не намі». Яна асабліва падкрэсліла, што «Беларусь з'яўляецца дзяржавай — членам АБСЕ». Са спадарыняй Седэрфельт салідарны і прадстаўнік Парламенцкай асамлеі Савета Еўропы. «Мы не можам выносіць меркаванні ў дачыненні да легітымнасці абраных кандыдатаў. Гэта вырашае народ Рэспублікі Беларусь», — адзначыў у сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ Лорд Бленкатра. Па-мойму, вельмі паказальныя выказванні, якія пераважваюць усё тое, што было сказана еўрапейскімі назіральнікамі ў дачыненні да вынікаў парламенцкіх выбараў у нашай краіне. Іх вы, напэўна, ведаеце — рыторыка з гадамі не змяняецца. Аднак змяняемся мы, і гэта радуе. Афіцыйныя каментарыі не прымусілі сябе чакаць, іх узважаны, упэўнены тон выклікае павагу.

«Беларускі бок азнаёміўся з заявамі міжнародных назіральніцкіх місій па выніках мінулых парламенцкіх выбараў у Беларусі. Прынята таксама да ведама заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па азначаным пытанні. У гэтай сувязі хацелі б нагадаць, што не існуе ідэальных выбарчых сістэм, пры жаданні можна знайсці заганы ў любым выбарчым працэсе ў любой краіне на прасторы АБСЕ, — адзначаецца ў заяве прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза. — Беларусь праявіла максімальную транспарэнтнасць і запрасіла на выбары, якія прайшлі, рэкордную колькасць міжнародных назіральнікаў. Паводле ацэнак многіх з іх, выбарчая кампанія прайшла спакойна, арганізавана, адкрыта, публічна і на канкурэнтнай аснове, у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і нашымі міжнароднымі абавязальніцтвамі, што пацвярджаецца, у прыватнасці, заявамі місій СНД і ШАС.

Шкадуем, што місіі АБСЕ, як і ў ранейшыя гады, не ўдалося цалкам адысці ад палітызаваных ацэнак і высноў. Лічым таксама, што асабістая ангажаванасць і суб'ектыўны падыход не павінны ляжаць у аснове высноў і ацэнак міжнародных назіральнікаў. Што ў гэтым выпадку можна чакаць ад кіраўнікоў назіральных місій, якія яшчэ да прыезду ў краіну негатыўна выказваюцца пра Беларусь і публікуюць абразлівыя артыкулы пра краіну? Гэта, дарэчы, — сур'ёзнае пытанне да структур АБСЕ, якія ажыццяўляюць падбор адпаведных персаналій.

Мы неаднаразова казалі нашым заходнім партнёрам, што гатовыя да канструктыўнай крытыкі, але ніколі не прымем беспадстаўнае і татальнае шальмаванне, а нашы выбарчыя працэдуры і заканадаўства калі і будуць удасканальвацца, то не па чыёйсьці ўказцы, а па запытах нашага грамадства і эвалюцыйным шляхам. Мы праводзім выбары для сваёй краіны і народа, а не каб дагадзіць знешнім сілам.

Беларусь гатовая да далейшага развіцця канструктыўнага ўзаемадзеяння ў сферах узаемнай цікавасці з усімі нашымі міжнароднымі партнёрамі. Толькі дыялог і супрацоўніцтва, а не ціск, шантаж і санкцыі дазволяць рухацца наперад па пытаннях, якія адпавядаюць інтарэсам як самой Беларусі, так і нашых партнёраў».

Гатовы падпісацца пад кожным словам прэс-сакратара нашага знешнепалітычнага ведамства, як, напэўна, многія з вас. Ацэнкі павінны быць аб'ектыўныя, у гэтым іх асноўны сэнс. Нас яшчэ са школы да гэтага прывучылі. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла РІА «Навіны», што агучаная назіральнікамі АБСЕ папярэдняя ацэнка выбараў у беларускі парламент з'яўляецца павярхоўнай, аднабаковай і недастаткова аргументаванай. «Ёй не хапае аргументацыі», — канстатавала кіраўнік ЦВК.

«А што вы чакалі ад назіральнікаў ад АБСЕ? Яны кажуць тое, што яны кажуць ва ўсіх краінах СНД. І ўсё, што не адпавядае іх уяўленню пра жыццё, іх светаадчуванню, яно, так бы мовіць, іх расчароўвае», — выказаў журналістам сваё меркаванне дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў Маскве падчас экспертна-медыйнага форуму «Саюзная дзяржава 2030 — траекторыя будучыні», адказваючы на пытанне аб ацэнцы назіральнікамі ад АБСЕ вынікаў парламенцкіх выбараў у Беларусі.

Выстаўляць такія ацэнкі — гэта, мабыць, тое ж самае, як прыехаць у Беларусь са сваімі дранікамі. Атрымаецца прынамсі смешна. Тым больш што на ўзаемаадносіны, якія выстройваюцца апошнім часам паміж нашай дзяржавай і краінамі Старога Свету (у прыватнасці, пазітыўнае супрацоўніцтва апошніх трох гадоў згадваецца ў заяве знешнепалітычнай службы Еўрасаюза) палітызаваныя, неаргументаваныя ацэнкі наўрад ці паўплываюць. Такую думку выказаў шэраг замежных экспертаў. Беларусь адыгрывае важную геапалітычную ролю ў Еўропе — гэтым тлумачыцца такая вялікая колькасць міжнародных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах. Такое меркаванне БелТА выказаў саветнік па пытаннях палітыкі Еўрапарламента, незалежны назіральнік Грэгары Жульен. На думку эксперта, у цэлым у яго склалася добрае ўражанне ад правядзення выбарчай кампаніі.

Так што запрашаем усіх на дранікі!

Міхась ДУНЬКО

Прэв'ю: OSCE

Загаловак у газеце: Еўрапейскія дранікі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.