Вы тут

Сяргей і Святлана Кабзарэнкі вырашылі жыллёвую праблему з дапамогай вёскі


Да Яснай Паляны ад Клімавічаў рукой падаць. Вядомых людзей, як у аднайменнай вёсцы ў Тульскай вобласці, дзе тварыў Леў Талстой, тут не было, але ж мясціны, калі і не літаратурныя, дык вельмі спрыяльныя для таго, каб жыць і гадаваць дзяцей. Сяргей са Святланай гэтым у першую чаргу і кіраваліся, калі пераязджалі сюды на пастаяннае месца жыхарства з Клімавічаў.


Мікіту ў вёсцы падабаецца.

Вёска з гісторыяй

Дарэчы, вёсак Ясная Паляна толькі на Магілёўшчыне тры. Такія назвы сустракаюцца і ў іншых абласцях Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Малдовы, Балгарыі. Вучоныя кажуць, што людзі так абыгрывалі назву паляны, дзе высякалі лес. Прычым за аснову бралася не любая паляна, а тая, што была бліжэй да святла — на ўзгорку. Клімавіцкая Ясная Паляна да рэвалюцыі належала пану Карлу Камінскаму. А калі прыватныя землі сталі народнымі, угоддзі падзялілі паміж сялянамі. У пачатку дваццатых сюды пачалі перасяляцца беднякі з навакольных вёсак. У гісторыі нават захавалася лічба 14 — менавіта столькі сем'яў тады справілі тут наваселлі. У кожнага было ў сям'і па восем-дзесяць дзяцей. Старажылы яшчэ памятаюць, як іх бацькі ставілі тут хаты, трымалі вялікія гаспадаркі. Цяпер карэнных жыхароў амаль не засталося. А на падворках ужо, на жаль, нямногіх старажылаў стала ціха і сумна. Узрост не дазваляе трымаць жывёлу. Каля трэці жыхароў сельсавета перасягнулі пенсійны ўзрост.

Але без увагі ніхто не застаецца. Нядаўна клімавіцкае прадпрыемства «Камунальнік» адрамантавала тут калодзеж, зрабіла новую лаўку, каб было куды вядро з вадой паставіць. Па графіку двойчы на тыдзень у вёску заязджае аўталаўка. Так што праблем з дастаўкай прадуктаў і іншых тавараў першай неабходнасці не існуе.

Да родных каранёў

Святлана і Сяргей Кабзарэнкі разам з маленькім Мікіткам перабраліся ў Ясную Паляну некалькі гадоў таму. Для жанчыны гэтая вёска, лічы, радавое гняздо. Тут жылі яе бабуля з дзядулем, нарадзілася маці. У маладосці бацькі Святланы паехалі ў Казахстан — падымаць цаліну, там жа нарадзіліся іх дзеці. Але ў выніку ўсё роўна вярнуліся на малую радзіму.

— Калі маці выйшла на пенсію, яна таксама змяніла прапіску на сельскую. Разбіла ў Яснай Паляне пчальнік, агарод. Нават кавуны вырошчвала! Цяпер з халадамі перабіраецца ў гарадское жыллё, але вясной зноў сюды, бліжэй да прыроды, — усміхаецца дачка.

Яна ж з мужам даглядае мамчын падворак. Сужэнцы купілі сабе дамок непадалёк — балазе, месца ў так званай неперспектыўнай вёсцы хапае. На ўчастку з паўгектара яны вырошчваюць усё, што неабходна ім для жыцця. Кавуны, дарэчы, таксама. Калі параўноўваць з астраханскімі, то яснапалянскія будуць меншыя, але такія ж салодкія. Эксперыментуюць гаспадары і ў садзе: акрамя яблынь, груш і сліў, вырошчваюць грэцкі арэх, чарэшню і вінаград. Сёлета збіралі свае дурніцы. А яшчэ — гібрыд малін і суніц.

Ёсць у сям'і і ўласны пчальнік. Мёд у гэтым месцы атрымліваецца сапраўды лясны і вельмі духмяны. Медагонку, дарэчы, Сяргей зрабіў сам — як і ложак для сына. Лаўкі, сталы, крэслы — калі з'явілася свая майстэрня, неабходнасць у куплі мэблі адпала. Але часцей за ўсё Сяргей майструе вуллі. Разбірае старыя пчаліныя дамкі і па гэтай жа схеме збірае новыя. «Нічога складанага ў гэтым няма. Было б жаданне!» — кажа ён.

Кабзарэнкі сцвярджаюць: хутарское жыццё ім больш даспадобы. А сувязь з «вялікай зямлёй» пры сучасных сродках камунікацыі сёння не праблема. Да таго ж Сяргей працуе на камбінаце хлебапрадуктаў у Клімавічах і ў горадзе бывае рэгулярна. Святлана ў дэкрэтным водпуску і апошнімі навінамі дзеліцца з сяброўкамі па мабільным тэлефоне. А гадаваць дзіця ў вёсцы, кажуць Сяргей і Святлана, нашмат камфортней, чым на асфальце. І дыхаецца ў вёсцы лягчэй, і пабегаць ёсць дзе. Прадукты да стала таксама выключна свойскія. Учарашнія гараджане не толькі апрацоўваюць агарод, але і гаспадарку трымаюць. Бывае, што лясныя жыхары ўрываюцца ў іх ціхае жыццё. Не так даўно ліса амаль дзесяць курэй задушыла. Спачатку Сяргей пастку паставіў, але потым прыбраў. Шкада, калі ў яго трапіць свой жа сабака. А ліса быццам бы адчула небяспеку. Больш на падворку не з'яўлялася.

Старшыня Ціманаўскага сельсавета Іван Драздоў не сумняваецца: чым больш такіх гаспадароў, як Кабзарэнкі, на зямлі з'явяцца, тым лепшае будучае будзе ў нашых вёсак.

— Ды і з жыллём тут ніякіх праблем, каштуе яно танна. Чым жыць у горадзе і будаваць нешта за вялікія грошы, лепш змяніць прапіску. Тым больш што горад не так і далёка. А калі ёсць свой транспарт, то наогул ніякіх праблем. Улады, у сваю чаргу, шмат робяць для таго, каб узровень камфорту вяскоўцаў быў як мага вышэйшы. У прыватнасці, з запускам у Ціманаве новай станцыі абезжалезвання вада ў дамах стала чыстай.

Усяго на тэрыторыі Ціманаўскага сельсавета 25 вёсак. Амаль у дзесяці з іх жыве ўсяго па тры-пяць сем'яў. Тым не менш з зоны ўвагі ніхто не выпадае. Асабліва ўважліва ставімся да адзінокіх і адзінока пражываючых, шматдзетных сем'яў, інвалідаў. Наведваемся да грамадзян, якія ўяўляюць небяспеку для грамадства. Правяраем печы і электраправодкі, наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў. Робім усё дзеля таго, каб жыццё на вёсцы было такім жа камфортным і паўнавартасным, як і ў горадзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Бліжэй да зямлі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.