Вы тут

У Гродне з пачатку года за камунальныя неплацяжы выселена больш за 20 сем'яў


Здавалася б, лічба неадназначная, мы паспрабавалі даведацца, што за ёй стаіць. У асноўным гэта жыхары арэндных кватэр, якія не плацяць камунальныя плацяжы некалькі месяцаў. Да ўласнікаў кватэр спачатку прымяняюць папераджальныя меры. Гэта значыць, адключаюць святло, газ і ваду. Што датычыцца сацыяльнага жылля, яго жыхары пры адсутнасці плацяжоў звыш шасці месяцаў, перасяляюцца ў менш камфортныя ўмовы.


Неплацельшчыкі — сапраўдны галаўны боль і камунальных службаў, і судовых выканаўцаў. Бывае, што яны ходзяць да такіх жыхароў, як на работу. Але спагнаць запазычанасць удаецца далёка не ўсюды. Аб адной такой гісторыі расказалі ў гарадскім адзіным інфармацыйным разлікова-даведачным цэнтры Гродна. Яна здарылася некалькі месяцаў таму. Жанчыну, якая пражывала ў абласным цэнтры па вуліцы Кляцкова, па рашэнні суда выселілі з камерцыйнай кватэры, а рэчы вывезлі на склад. Чаму так адбылося?

Гісторыя, можна сказаць, банальная. Жанчына засталася адна ў трохпакаёвай кватэры, прычым аформіць яе ва ўласнасць так і не знайшла часу. Калі тэрмін прыватызацыі завяршыўся, былая гаспадыня перайшла ў статус наймальніка сваёй кватэры. Праўда, арэндная плата ў яе была невысокая — усяго 18 рублёў, бо засялілася яна яшчэ да 2016 года. Тыя, хто засяліўся пазней гэтага тэрміну, плацяць за камерцыйнае жыллё ў 10 разоў больш. Але і ў гэтым выпадку запазычанасць па камунальных плацяжах за апошні год склала больш за 1200 рублёў. Прычына такая ж банальная, як і ўся гэта гісторыя. Жанчына злоўжывала алкаголем. І сваю кватэру ператварыла ў сапраўдны сметнік. Пры гэтым нідзе не працавала. Прапанову выйсці на работу ў ЖЭС, каб пагасіць запазычанасць, поўнасцю ігнаравала. Між тым для тых, хто апынуўся ў цяжкім становішчы, ёсць магчымасць звярнуцца ў цэнтр сацыяльнага забеспячэння, скласці дагавор са службай субсідзіравання на растэрміноўку пры нізкіх даходах. Увогуле зваротаў і просьбаў да яе было нямала, але безвынікова. Таму ў рэшце рэшт і было прынята рашэнне аб высяленні. Кватэра папоўніла камерцыйны фонд горада.

Дарэчы, спіс неплацельшчыкаў з-за злоўжывання алкаголем усё часцей папаўняюць менавіта жанчыны. Іх гісторыі падобныя. У свой час яны «забылі» прыватызаваць кватэры, запазычанасць за няўплату расла, што і прывяло да такога прымусовага высялення.

Ёсць у спісах і свае рэкардсмены-неплацельшчыкі. Гэта наймальнікі, якія не плацяць за пражыванне па 3—3,5 года. Праўда, некаторыя займаюць толькі частку жыллёвай плошчы, таму іх запазычанасць не вельмі высокая, найбольшая — у межах адной тысячы рублёў.

Нямала неплацельшчыкаў і сярод тых, хто атрымаў сацыяльнае жыллё. Самая высокая запазычанасць тут складае больш за дзве тысячы рублёў. Але з сацыяльным жыллём крыху іншы расклад. Жыхароў не высяляюць «у нікуды». Ім даецца іншае жыллё, праўда, менш камфортнае. Напрыклад, замест трохпакаёвай кватэры — аднапакаёўка.

У разлікова-даведачным цэнтры запэўнілі, што не ставяць мэту як мага больш выселіць неплацельшчыкаў. Важней спагнаць з іх запазычанасць, дабіцца аплаты плацяжоў. Многія жыхары, апынуўшыся адной нагой на вуліцы, самі стараюцца выйсці з гэтай сітуацыі, каб не давесці справу да суда. Бо меры і сапраўды жорсткія. Напрыклад, у адносінах да арэнднага жылля хапае двух месяцаў, каб рыхтаваць матэрыял на высяленне.

За дзевяць месяцаў у суд пададзена больш за 100 адпаведных іскаў. У 19 выпадках суд прыняў рашэнне выселіць нядбайных жыхароў. Яшчэ чацвёра пераехалі ў памяшканні меншай плошчы. Летась у судзе было разгледжана больш за 120 іскаў.

Да ўласнікаў кватэр прымяняюцца папераджальныя меры. Калі гаспадар доўгі час не плаціць за кватэру, яму могуць адключыць святло, газ і ваду. Сёлета такія меры напаткалі паўсотні ўласнікаў кватэр.

Усяго на абслугоўванні адзінага разлікова-даведачнага цэнтра знаходзіцца 75 тысяч кватэр ведамаснага жыллёвага фонду. Гэта кватэры, якія належаць дзяржаве. Большасць наймальнікаў, безумоўна, народ дысцыплінаваны і плаціць за паслугі своечасова. Але ні многа, ні мала — пяць тысяч жыровак застаюцца неаплачанымі.

Пераважная большасць даўжнікоў не плаціць за камунальны паслугі ад аднаго да трох месяцаў. Камунальныя службы на кожную затрымку рэагуюць аператыўна. Спачатку папярэджваюць, тэлефануюць, напамінаюць. І гэта прыносіць свой плён. Ужо на гэтым этапе большасць жыровак аплачваецца. Калі ж такія лагодныя меры не дзейнічаюць, пачынаецца наступны этап. Спецыялісты разлікова-даведачнага цэнтра афармляюць выканаўчыя надпісы і падаюць даныя для адключэння камунальных паслуг. Высяленне — самая крайняя мера.

Увогуле, камунальныя службы гатовы аказаць неплацельшчыкам дапамогу ў працаўладкаванні, каб яны маглі разлічыцца з даўгамі і не аказацца на вуліцы. Але практыка паказвае, што злосныя неплацельшчыкі аказваюцца яшчэ і дармаедамі, якія ігнаруюць усе прапановы паправіць сваё матэрыяльнае становішча.


У тэму

У Гродне актыўна ўкараняюцца электронныя жыроўкі

Як паведамілі ў адзіным разлікова-касавым цэнтры горада, такой паслугай карыстаецца каля чатырох тысяч уласнікаў кватэр з 76 тысяч. Пакуль працэнт электронных жыровак невысокі, але ён пастаянна расце. Такім чынам плацельшчык мае магчымасць аформіць жыроўкі ў электронным выглядзе і адправіць на адрас электроннай пошты.

Гэты від аплаты мае шэраг пераваг, упэўнены ў разлікова-касавым цэнтры. Па-першае, зручна самім жыхарам, якім не трэба стаяць у чэргах, каб заплаціць камунальныя плацяжы. Жыроўка дойдзе ім намнога хутчэй, чым адрасатам папяровых версій. Да таго ж такі варыянт значна эканоміць бюджэт, бо штомесяц на выраб апошніх траціцца амаль чатыры тысячы рублёў.

Спрасцілася і сама працэдура пераходу на электронны носьбіт. Напрыклад, летась для гэтага трэба было прыйсці ў Цэнтр і напісаць заяву. Сёлета прадпрыемства адкрыла электронную старонку рэгістрацыі, а таксама «асабісты кабінет».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв'ю: nashkiev.ua

Загаловак у газеце: Калі папераджальныя меры не спрацоўваюць...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.