Вы тут

Заложнікі нашай любові


Раніцай кожнага будняга дня я прачынаюся не пад званок будзільніка, а пад вусцішнае выццё. Дзесьці наверсе (вылічыць, дзе менавіта, складана, у нашым дзевятнаццаціпавярховым «слупку» акустыка надзвычай добрая) жыве няшчасны сабака, які вельмі гаруе, калі гаспадары ідуць на работу. Застаючыся адзін, ён роўна ў сем гадзін пачынае сваё гора выказваць адзіным магчымым на яго сабачай мове спосабам. Людзі, якія жывуць у суседніх кватэрах і ідуць на работу пазней, вымушаны збірацца пад такі вось невясёлы акампанемент. Падазраю, многія з іх ужо праклялі тую жывёліну на чым свет стаіць. Хоць яе, калі разабрацца, можна толькі шкадаваць.


А вось гаспадароў варта было б спытаць, ці ведаюць яны, як пакутуе іх гадаванец, калі нікога няма дома. Толькі вось як вылічыць тую «нехарошую» кватэру? Так і жывём — гаспадары са спакойным сумленнем на рабоце, суседзі сустракаюць раніцу з агучкай фільма жахаў, а недзе ў пустой кватэры плача жывая істота. Праўда, пра апошняе мала хто задумваецца.

Насамрэч праблему з тым няшчасным сабачкам гаспадарам было б вырашыць вельмі проста. Параіцца са спецыялістам-кінолагам: можа, гадаванцу трэба пакідаць якую цацку, можа, трэба раніцай гуляць з ім трошкі даўжэй — ёсць людзі, якія добра ведаюць псіхалогію жывёл, якія з гэтым працуюць. Канешне, робяць гэта не бясплатна. Але, на жаль, да разумення таго, што, завёўшы жывёлу, яе трэба не толькі карміць і даглядаць, але і клапаціцца пра яе псіхалагічны камфорт, мы яшчэ ў большасці сваёй не дараслі. Тое, што некаторыя сталі прыбіраць за сваімі сабакамі на вуліцы, — гэта ўжо вялізны прагрэс. А думаць пра тое, што гадаванец адчувае, калі яго на цэлы дзень запіраеш аднаго ў кватэры, — гэта ўжо занадта. Корм у місцы ёсць — што яшчэ трэба?

Мы разважаем так, як разважалі нашы продкі-сяляне (мы ж вясковая нацыя, праўда?), і ў тых разважаннях (у дачыненні да вёскі) ёсць свая логіка. Бо там каты-сабакі практычна на вольным выгуле, і галоўны клопат гаспадара — кінуць што ў міску ды абагрэць у дождж ці холад. Перацягнуўшы гадаванцаў у гарадскія кватэры, кардынальна змяніўшы іх жыццё — адабраўшы той самы вольны выгул, мы ніякім чынам не паклапаціліся змяніць уласныя адносіны да іх. Дакладней, да іх пачуццяў.

Пра свае пачуцці мы ведаем усё — мы ж іх любім, гэта нашы мусі-пусі, іх можна пажмякаць, патрымаць на каленях (нават калі яны адчайна вырываюцца). Яны такія мілыя, мяккія, бы плюшавыя цацкі, але ж яшчэ і рухаюцца, і гукі выдаюць. Суцэльная мілата і пацеха! Але — давайце шчыра — атрымліваецца, што любім мы не гадаванцаў, а гэту самую любоў і сябе саміх, такіх добрых, такіх чалавечных. А яны — заложнікі нашай любові... З імі камфортна, утульна. Праўда, клопатаў хапае. Сабак, напрыклад, выгульваць трэба, каб чаго ў кватэры не нарабілі. Бывае, часу няма, а яму, выбачайце, прыперла! Нічога, пацерпіць, не дзіця ж малое. І жывёла церпіць з усіх сіл, бо ведае, што, калі зробіць нешта ў кватэры, яе пакараюць... «Шаноўныя суседзі! Пашкадуйце сваіх сабак, не даводзьце іх да стану, калі яны выбягаюць з хаты з вылупленымі вачыма і лічаць кабіну ліфта за пляцоўку для выгулу», — прачытала сёння раніцай у сваім пад'ездзе. Як бачыце, жыць у нашым «слупку» нясумна...

І гэта збітая ўжо фраза пра «неадназначнае стаўленне ў грамадстве», калі мы тлумачым тым жа прыезджым з Еўрасаюза, чаму ў нас дагэтуль не прыняты закон «Аб абыходжанні з жывёламі», які ўжо каторы год існуе ў праекце і актыўна абмяркоўваецца, але далей справа не ідзе... Можа, варта гаварыць і пра тое, адкуль бярэцца гэта «неадназначнае стаўленне», бо толькі зразумеўшы прычыну з'явы, можна на яе неяк паўплываць. «Істоты, якія валодаюць здольнасцю пачуццяў, у тым ліку адчуваць страх і боль...» Мне здаецца, нават тыя, хто прылічвае сябе да вялікіх аматараў жывёл, не зусім разумеюць гэту фармулёўку. А разумець яе трэба ў дадзеным выпадку літаральна. Толькі тады можна будзе пераважыць гэта самае «неадназначнае стаўленне», і калі не пераканаць жывёланенавіснікаў, дык хаця б прымусіць іх паважаць і вашу пазіцыю. Пакуль жа — часцей раздражненне і непрыманне (выццё ў кватэры і кучкі ў ліфце — найлепшы таму каталізатар)...

Яны ў поўнай нашай уладзе. Яны не сябры — юрыдычна яны «маёмасць». Ад якой тыя ж самыя незадаволеныя суседзі могуць патрабаваць пазбавіцца. Як, напрыклад, у адной з мінскіх кватэр, што нечакана ператварылася ў камуналку. Муж і жонка развяліся, жылплошчу падзялілі. Свой пакой мужчына прадаў чужым людзям. Тыя засяліліся і пачалі вайну... з катом гаспадыні (праўда, ужо напалову гаспадыні). Маўляў, і поўсць ад яго паўсюль, і пах, і ў шкоду лезе. Напісалі скаргу ў ЖЭС, прыйшла праверка. Высветліла, што кот чысты, дагледжаны — звычайны хатні кот. Толькі не зарэгістраваны. А зарэгістраваць яго можна пры ўмове згоды ўсіх жыхароў кватэры. Гэта значыць, ніяк. Справа ідзе да суда, гаспадыня ката ў шоку. У кватэры, трэба думаць, «шумна і весела».

Што пры гэтым адчувае няшчасны кот? У якім закутку ён хаваецца, якія кветкі варочае, якія шпалеры дзярэ, чые чаравікі «пазначае» ад пастаяннага стрэсу? Адчувае? Ад стрэсу? Пра што гэта я? Сапраўды, загаварылася, вярзу нешта з вобласці фантастыкі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: petpassion.tv

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.

Культура

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Сёння 40 дзён, як кампазітар пайшоў з жыцця.