Вы тут

Чытанне для дзяцей і дарослых


Алена Васілевіч. Вернісаж. Мінск. Мастацкая літаратура, 2018.

На першы погляд, гэтыя гісторыі занадта простыя. Але толькі на першы погляд. У кожнай з іх наша найстарэйшая пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі расказвае пра нешта важнае, прычым зусім без дыдактызму. Напрыклад, пра тое, што нельга крыўдзіць слабейшых за цябе. А цкаваць кагосьці за тое, што ён не такі, як усе, – ганебна. Гусыню Гешу прывезлі, каб засмажыць на свята, але пашкадавалі: птушка калісьці ледзь уратавалася ад каршуна, засталася храмой. Дзяўчынка Наташа стала Гешы абаронцай і сапраўднай сяброўкай. У апавяданні “Калінавая рукавічка” яліна-казачніца, вецер-бяздомнік, сава, дзяцел, вавёрка – усе асуджалі каліну за яе няўрымслівы характар, а потым у зімовым лесе з’явіліся жанчына з хлопчыкам – дзіця збірала плады каліны ў рукавічку і дзякавала дрэўцу за шчодрасць. Не нахабны, не злы і не жадны сабака Цюлік не ўмеў падладжвацца і паддобрывацца, а ягоны брат Жулік быў майстрам у гэтых справах і праз тое заўсёды ласаваўся смачнымі кавалкамі. Аднойчы добры Цюлік згубіўся, але пасля знайшоў свой дом, дзе ўсе, як высветлілася, сумавалі па ім. Кніга вучыць таму, што мы – розныя, і ставіцца да гэтага трэба з разуменнем і прыняццем. А яшчэ вучыць шчырасці ў сяброўстве і любові да тых, хто побач. Ілюстрацыі Юліі Ермаліцкай памножаць задавальненне.

Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. Мінск. Кнігазбор, 2017.

Дэбютная кніга маладой аўтаркі Зараславы Камінскай адразу ж займела поспех у моладзевым асяродку, і невыпадкова. Камінская пастаралася прыдумаць займальную інтрыгу, распрацаваць структуру твора і намаляваць цікавых персанажаў, прынамсі адна з якіх існавала ў рэальнасці – мастачка-прымітывістка Алена Кіш, самотная вандроўніца па вёсках Беларусі, што стварала свае чароўныя маляванкі за кавалак хлеба. Часам намаганне аўтаркі занадта добра бачнае – твор не пазбег пэўных клішэ, сюжэт і паводзіны герояў прадказальныя. Тым не менш, маладая аўтарка даволі ўдала пераходзіць ад адной часовай плыні да другой і ўтрымлівае ўвагу чытача яскравымі апісаннямі містычных падзей, якія разгортваюцца ў савецкім калгасе ў пасляваенны час. Удзельніцы гэтых падзей – Алена Кіш, чый вобраз лучыць дзве эпохі, і працаўніца Марыля, якой падабаецца плаваць па начах у возеры і слухаць казкі пра русалак. На “першым” часовым плане – учарашнія студэнткі журфака Наста і Ліза, яны жывуць у арэндаванай кватэры, дзе знаходзяць чарнавік неапублікаванага артыкула пра Алену Кіш. Менавіта адтуль пачынае размотвацца клубок падзей, які прыводзіць у тую самую вёску, дзе малявала калісьці Кіш свой апошні дыван, які цяпер, праз паўвека, каштуе вялікія грошы. На рэліквію палюе заможны калекцыянер... Дэтэктыўная лінія сплятаецца з містычнай. “Русалкі паклікалі” – так вясковыя кабеты кажуць пра дзяўчат-тапельніц. Покліч русалак выяўляецца, між тым, аніколькі не рамантычным, а даволі злавесным: міфалагічныя істоты літаральна пераследуюць сваіх “сясцёр”, дакладней – ахвяр. Супраціўляцца не мае сэнсу. “Русалкі ж надта моцныя. Мацнейшыя за мужчын”. Але ўратавацца ўсё ж можна...

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?