Вы тут

​Што адбываецца ў Балівіі?


Часовы прэзідэнт Балівіі Жанін Аньес накіравала на разгляд парламента праект закона аб выбарах, паведаміла Балівійскае інфармацыйнае агенцтва. Па словах міністра юстыцыі Альвара Каімбы, які таксама ўдзельнічаў у сумеснай прэс-канферэнцыі ў палацы Кемада ў Ла-Пасе, урад разлічвае вызначыцца са складам выбаркама на працягу 15 дзён. У той жа час дэпутаты накіравалі ў канстытуцыйную камісію ўласны праект закона аб правядзенні нацыянальных і рэгіянальных выбараў. Пратэстная хваля захліснула Балівію, выступленні жорстка падаўляюцца часовай уладай. Як заўважыў Уладзімір Пуцін падчас саміту БРІКС, што праходзіў на мінулым тыдні ў Бразіліі, Балівія «стаіць на парозе хаосу... Уяўляеце, паўстала сітуацыя, калі ўлады няма зусім... Увогуле нагадвае Лівію». Што ж чакае «краіну Балівара»?


Эканамічны цуд

Па звестках Сусветнага банка, Балівія пры прэзідэнце Эву Маралесу стала адной з самых хуткарослых краін не толькі Лацінскай Амерыкі, а і ўсяго свету. З 2004 да 2014 года ВУП гэтай дзяржавы павялічваўся ў сярэднім на 4,9 працэнта штогод. Рэзкага расслаення насельніцтва таксама не здарылася. У 2006-м за мяжой беднасці жыло больш за 60 працэнтаў жыхароў краіны. Па выніках мінулага года гэты паказчык скараціўся амаль удвая. Пры гэтым колькасць жыхароў Балівіі пры Маралесу павялічылася з 9,4 мільёна ў 2006 годзе да 11,4 мільёна ў 2017-м. Чаканая працягласць жыцця за перыяд з 2006-га да 2017-га вырасла з 65,9 да 70,9 года. Паказчык непісьменнасці насельніцтва летась склаў 2,4 працэнта ў параўнанні з 13,3 працэнта ў 2006-м.

За кошт чаго адбыўся сацыяльна-эканамічны бум у Балівіі? Адразу пасля прыходу да ўлады Маралес у маі 2006 года абвясціў аб нацыяналізацыі нафтавай і газавай галін. Эксклюзіўнае права ўдзельнічаць ад імя дзяржавы ў нафтагазавых праектах і займацца продажам вуглевадародаў у Балівіі і за яе межамі атрымала дзяржкампанія Yасіmіеntоs Реtrоlіfеrоs Fіsсаlеs Bоlіvіаnоs (YРFB). Замежныя кампаніі былі вымушаныя заключаць кантракты менавіта з ёй для рэалізацыі праектаў у гэтай паўднёваамерыканскай краіне. Менавіта кантроль урада над здабычай прыроднага газу і даходамі дазволіў краіне справіцца з крызісам 2008—2009 гадоў, адзначалі эксперты амерыканскага Цэнтра эканамічных і палітычных даследаванняў (СЕРR), паведамляе fоrbеs.ru. Адразу пасля нацыяналізацыі замежныя нафтагазавыя кампаніі, якія працуюць у Балівіі, у тым ліку Tоtаl, іспанская Rерsоl і бразільская Реtrоbrаs, замарозілі інвестыцыі ў краіну. Але ўжо ў канцы 2009 года кансорцыум на чале з Rерsоl паведаміў аб планах інвеставаць 1,5 мільярда долараў для павышэння здабычы газу. Праз год французская Tоtаl пачала праект па разведцы газу ў Балівіі, інвестыцыі ў які ацэньваліся ў 500 мільёнаў долараў. Калі ў 2005-м прамыя замежныя інвестыцыі ў Балівіі раўняліся 250 мільёнам долараў, то ў апошнія гады гэты паказчык, паводле звестак Эканамічнай камісіі ААН для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (СЕРАL), павялічыўся да 1,75 мільярда долараў.

Былы міністр эканомікі Балівіі Луіс Арсе Катакора (падаў у адстаўку 10 лістапада), якога называюць адным з творцаў «эканамічнага цуду» Балівіі, адзначаў, што нацыяналізацыя вуглевадародаў была адным з трох слупоў гэтага прарыву разам з пераразмеркаваннем даходаў і актыўным удзелам дзяржавы ў эканоміцы. «У выніку нацыяналізацыі рэсурсы, якія раней адпраўляліся за мяжу транснацыянальнымі кампаніямі, што працавалі ў Балівіі, пачалі заставацца ў краіне і выкарыстоўвацца балівійцамі», — цытуе яго словы ВВС. Усё гэта, як адзначаў Катакора, дазволіла прастымуляваць унутраны попыт і пазітыўна адбілася не толькі на спажыўцу, але і на ўсіх сектарах бізнесу, якія сталі сведкамі росту продажаў, «нябачанага ў гісторыі дзяржавы».

Амерыканская кампанія MсDоnаld's у 2002 годзе пайшла з гэтага рынку, прапрацаваўшы ў краіне ўсяго пяць гадоў і не атрымаўшы чаканых фінансавых вынікаў. Сёння, падкрэсліваюць эканамісты, праблем у сеткі рэстаранаў у Балівіі не было б дзякуючы фантастычнаму па тэмпах і аб'ёме спажывецкаму буму. У 2013 годзе рост эканомікі Балівіі дасягнуў піку — 6,3 працэнта, пасля гэтага тэмпы знізіліся, але заставаліся даволі высокімі. У 2018 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 4,5 працэнта. МВФ прагназаваў (да разгортвання пратэстнай хвалі), што па выніках 2019 года ВУП павялічыцца на 4,2, а ў 2020-м — на 3,9 працэнта.

Сусветны банк тлумачыць рэкордныя эканамічныя дасягненні Балівіі высокімі сусветнымі цэнамі на карысныя выкапні, што здабываюцца ў краіне, ростам экспарту газу і ўзважанай макраэканамічнай палітыкай. «Балівійская эканамічная мадэль была паспяховая. З краіны, якая развіваецца, з вялікім доўгам яна ператварылася ў найбольш хуткарослую эканоміку рэгіёна», — заўважыў агенцтву Аssосіаtеd Рrеss эксперт у галіне знешняга доўгу і правоў чалавека ААН Пабла Багаслаўскі. Брытанская Thе Guаrdіаn адзначала, што Маралес «змог пабудаваць сацыялізм, які ніколькі не шкодзіць эканоміцы». Таксама выданне
заўважала, што «Балівія змагла пераламаць гістарычны праклён і стаць паспяховай краінай пры поўным ігнараванні інтарэсаў ЗША». Thе Glоbаlіst канстатавала, што «ў Балівіі пабудаваны сацыялізм, які матывуе людзей да працы».

На мяжы грамадзянскай вайны

Эва Маралес, лідар «Руху да сацыялізму» (Mоvіmіеntо аl Sосіаlіsmо — MАS) і прафсаюза вытворцаў кокі, упершыню стаў прэзідэнтам Балівіі ў 2006 годзе, калі перамог на выбарах з 54 працэнтамі галасоў. Ён стаў першым у гісторыі краіны кіраўніком, які прадстаўляе карэннае насельніцтва. 60 працэнтаў балівійцаў — індзейцы, аднак да гэтага краінай кіравалі выключна нашчадкі белых перасяленцаў з Еўропы. Маралес нарадзіўся ў беднай сям'і індзейцаў аймара. У дзяцінстве ад голаду ён збіраў апельсінавыя лупіны, выкінутыя з вокнаў аўтобусаў, быў пастухом лам, муляром, музыкам. Потым, як і многія балівійскія сяляне, вырошчваў коку. Не маючы нават сярэдняй адукацыі, Маралес з трэцяй спробы здолеў перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах. Пазней ён двойчы пераабіраўся на гэтую пасаду — у 2009-м (атрымаў 64  рацэнты галасоў) і ў 2014-м (61 працэнт).

Сёлета 20 кастрычніка Маралес быў абраны прэзідэнтам чацвёрты раз, атрымаўшы, па афіцыйных звестках, больш за 48 працэнтаў галасоў. Трыгерам народнага гневу сталі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Выбарчая камісія ў самы разгар галасавання перастала публікаваць звесткі, а затым абвясціла аб перамозе Маралеса ўжо ў першым туры. Балівійская моладзь выйшла на вуліцы выказаць пратэст. Наўрад ці маладыя балівійцы памятаюць краіну да Маралеса: страшную і бедную, на задворках геапалітычных інтарэсаў нават сваіх лацінаамерыканскіх суседзяў. Цяпер модныя дэмакратычныя прынцыпы апынуліся для іх важнейшымі за рэальныя эканамічныя дасягненні.

Пратэст атрымаўся спантанны. Экс-прэзідэнта да гэтага часу падтрымлівае каля паловы насельніцтва. У асноўным гэта сяляне, гарнякі, какалерасы (вытворцы кокі) і карэнныя індзейцы, да якіх належыць сам Маралес. Калі стала зразумела, што палітычнага крызісу не пазбегнуць, паміж прыхільнікамі і праціўнікамі экс-прэзідэнта пачаліся вулічныя сутыкненні. У ход пайшлі камяні, дубінкі, дымавыя шашкі. Балівія апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.

Маралес спачатку ўвёў надзвычайнае становішча, абвінаваціўшы правую апазіцыю ў дзяржаўным перавароце. Затым звярнуўся да народа з прапановай правесці другі тур галасавання. Калі і гэта не дапамагло, паабяцаў новыя прэзідэнцкія выбары. А 10 лістапада і зусім абвясціў аб сваёй адстаўцы і паляцеў у Мексіку. Часовым прэзідэнтам Балівіі стала другі віцэ-спікер сената Жанін Аньес. «З боку Маралеса гэта быў мудры крок, якім ён паспрабаваў знізіць напал гвалту, супакоіць краіну. Ён ведае не па чутках, што такое балівійскі пратэст і наколькі сур'ёзным той можа быць. Маралес сам прыйшоў да ўлады на хвалі сацыяльных пратэстаў», — заўважыла ехреrt.ru вучоны сакратар Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Таццяна Варатнікова.

Хто зладзіў пераварот?

Месяц хаосу падвёў рысу пад чатырнаццаццю гадамі стабільнасці. Казаць пра актыўнае ўмяшанне знешніх сіл пакуль заўчасна, адзначаюць аналітыкі. Неаспрэчным з'яўляецца тое, што вырашальным акордам у «балівійскай сімфоніі» стала заключэнне Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў аб «вялікай колькасці парушэнняў» на выбарах. Пры гэтым не варта забываць, што ў арганізацыі моцныя пазіцыі ЗША. З адстаўкай сацыяліста Маралеса нядрэнна рыфмаваць і нядаўні лацінаамерыканскі «паварот направа». У нейкай ступені каталізатарам пратэсту ў Балівіі сапраўды стала неспакойная абстаноўка ў Паўднёвай Амерыцы. Паралельна беспарадкі ахапілі Чылі, Эквадор, Перу. Змянілася ўлада ў суседняй Аргенціне. Гэта магло падштурхнуць імпульсіўных балівійцаў выйсці на вуліцы са сваёй пратэстнай праграмай.

Унутраная апазіцыя ў краіне раз'яднаная і толькі нядаўна аб'ядналася вакол аднаго кандыдата. Ды і той — былы прэзідэнт краіны Карлас Меса. Менавіта яго ў свой час на хвалі сацыяльных пратэстаў зрушыў Маралес. Ёсць яшчэ самаабвешчаны «народны апазіцыянер» Луіс Камача. Раней ён не ўдзельнічаў у вялікай палітыцы, але здолеў удала «стрэліць» падчас цяперашніх пратэстаў. Тым не менш палітычныя сілы Балівіі наўрад ці аб'яднаюцца вакол шэрай постаці. Дык хто ж зладзіў пераварот? Ключавую ролю ў адстаўцы прэзідэнта Балівіі адыгралі сілавікі, адзначае ехреrt.ru. З паліцыяй у Маралеса заўсёды былі нацягнутыя адносіны. Замест таго каб аднаўляць парадак, паліцэйскія балівійскай сталіцы — горада Ла-Пас — далучыліся да пратэстоўцаў. А пасля заявы міністра абароны Балівіі, што супраць мяцежнай паліцыі не будуць прымяняцца карныя меры, да іх далучыліся калегі з Санта-Круса, Сукрэ, Качабамба і шэрагу іншых гарадоў.

«У Маралеса з самага пачатку складваліся няпростыя адносіны з вайскоўцамі. У асноўным з-за ідэалагічна-класавых рознагалоссяў. Выхадзец з індзейска-сялянскага асяроддзя, ён быў чужы для арміі. Пакуль усё было спакойна, ваенныя заставаліся лаяльнымі. Але вось адбылася сацыяльная ўспышка, і яны заявілі пра сябе», — заўважыла Таццяна Варатнікова. Галоўнакамандуючы ўзброеных сіл Балівіі Уільямс Каліман скарыстаўся правам sugеrіr (права ваенных прапаноўваць меры для аднаўлення парадку) і «папрасіў» Маралеса сысці ў адстаўку. Без падтрымкі сілавікоў у сацыяліста не было шанцаў утрымацца ва ўладзе, і ён адступіў.

Кроў на вуліцах

Цяпер у Балівіі склалася сітуацыя двоеўладдзя, пры якой парламент не прызнае легітымнасць новага ўрада, а ўрад — паўнамоцтвы парламента. Новы віток палітычнага крызісу ўскладняецца яшчэ і тым, што заканадаўчы орган так і не прагаласаваў па пытанні зацвярджэння адстаўкі прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта краіны. Сам Маралес заявіў газеце Еl Раіs, што праз гэту працэсуальную хібу менавіта ён усё яшчэ з'яўляецца законным кіраўніком дзяржавы.

На думку кіраўніка Цэнтра палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Збігнева Іваноўскага, «сітуацыя ў Балівіі склалася вельмі няпростая». Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ва ўладзе апынулася зусім не ўмераная апазіцыя, прадстаўніком якой на выбарах быў Карлас Меса, а правыя сілы. Менавіта яны прызналі Жанін Аньес часовым прэзідэнтам, нягледзячы на адсутнасць кворуму. На думку Іваноўскага, адзінае выйсце з палітычнага крызісу — гэта правядзенне новых выбараў. У ідэале яны павінны прайсці пад міжнародным кантролем, каб ніхто не сумняваўся ў іх законнасці.\

У Балівіі ў вулічных сутыкненнях дасюль льецца кроў. Пры гэтым у краіне быў выпушчаны ўказ, згодна з якім падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у падаўленні пратэстаў, будуць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ў выпадку, калі яны ўжывалі гвалт для самаабароны. Між тым Эва Маралес абвінаваціў новыя ўлады краіны ў развязванні тэрору і рэпрэсій. Сам ён гатовы вярнуцца ў Балівію, калі парламент не зацвердзіць яго прашэнне аб адстаўцы. «Я адчуваю, што здольны супакоіць Балівію», — заявіў Маралес.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Пасля Маралеса

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.

Культура

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Сёння 40 дзён, як кампазітар пайшоў з жыцця.