Вы тут

Людміла Саянкова: Журфак дае штуршок для таго, каб стаць асобай


Ужо 75 гадоў факультэт журналістыкі БДУ працуе, каб пераўтвараць учарашніх школьнікаў у прафесіяналаў, майстраў публіцыстычнага слова. І хаця журналіст — гэта прафесія, вучоба ў якой не спыняецца ніколі, базавыя веды і вялікае натхненне да гэтай справы атрымліваюць менавіта на журфаку. Сярод яго выпускнікоў — шмат выбітных асоб, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускай журналістыкі і культуры. Адна з іх — вядомы кінакрытык і кіназнаўца Людміла Саянкова, якая ўзначальвае на родным факультэце кафедру літаратурна-мастацкай крытыкі — месца, дзе вучаць арт-журналістаў — менавіта тых, хто пасля прыходзіць працаваць у выданні, прысвечаныя культуры. Пра тое, як змяніўся журфак з часоў студэнцтва, пра тое, на якім падмурку ўзнікла кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі, распявядае Людміла Саянкова.


Фота Кастуся ДРОБАВА

Прастора творчасці

— Размова пра мае студэнцкія часы заўсёды выклікае пачуццё настальгіі. Таму што, па-першае, гэта было даўно. І гэта было добра. Таму што журфак абрала свядома, і падрыхтоўка да яго ішла свядома. Правінцыйная дзяўчына, я ўсяго баялася. Па-першае, гэтай вялізнай прасторы. Калі трапіла ў студэнцкае асяроддзе, разам са мной на курсе вучыліся маладыя людзі пасля войска, у многіх ужо быў працоўны стаж. Яны мне здаваліся жудасна дарослымі. Гэтыя хлопцы выклікалі ў нас асаблівае захапленне: яны адразу ўвайшлі ў прафесію, пачалі супрацоўнічаць з выданнямі, публікавацца, рабіць праблемныя матэрыялы. А я на іх глядзела знізу ўверх.

Тады прафесія была вельмі значнай катэгорыяй. Мы прыходзілі не па дыпломы, а па прафесіяю. І хацелася дасягнуць вышынь. Таму, калі бачыла, што мой аднакурснік ужо дзесьці друкуецца, а я не магу, бо не дарасла яшчэ, цягнулася. Мы ўсе цягнуліся за тымі, у каго атрымлівалася лепш. Гэта першае.

Другое: на журфаку было неверагодна бурнае творчае жыццё. Мастацкая самадзейнасць віравала, кіравала ёй Таццяна Дзмітрыеўна Арлова. І трапіць у хор, у танцавальны калектыў ці ў тэатр мініяцюр было не так і проста. Гэта было своеасаблівае кам’юніці, у якім панаваў жывы дух прыемнага спаборніцтва. У нас былі добрыя кіраўнікі, мы з вялікім задавальненнем у гэтым усім удзельнічалі.

Яшчэ адным складнікам такога творчага жыцця быў наш насценны друк, газета, якая набіралася на друкарскай машынцы. Яна расцягвалася на палову журфакаўскага калідора. Калі выходзіў новы нумар газеты (здаецца, яна называлася «Журналіст»), студэнты збіраліся каля яе натоўпамі, спрабуючы прачытаць і знайсці сваё прозвішча.

Там друкаваліся розныя тэксты: была літаратурная творчасць, эсэ, крытыка. У гэтай газеце ўпершыню — раней, чым ва ўсёй рэспубліканскай прэсе — з’явілася абмеркаванне фільмаў Андрэя Таркоўскага. Мы ўсе паглядзелі «Люстэрка» і ўсе сталі пісаць: хто — нейкія рэплікі, хто — міні-рэцэнзіі. І потым усё чыталі. Гэта таксама быў такі дух прафесійнай матывацыі.

Акрамя таго, амаль штотыдзень у нас былі творчыя сустрэчы. Іх арганізоўвала, як правіла, Ефрасіння Леанідаўна Бондарава, вядомы кінакрытык і даследчык літаратурна-мастацкай крытыкі. Да нас завіталі амаль усе беларускія класікі: Шамякін, Быкаў, Макаёнак, Алексіевіч, Адамовіч, Зуёнак. Калі прыязджаў нейкі вядомы кінаакцёр або кінарэжысёр, сустрэчы з ім заўсёды праходзілі і ў нас. Мы трымаліся за Бондараву і Арлову, бо яны далучалі нас да дыялогу з дзеячамі мастацтва, вадзілі хто ў тэатр, хто  — у Дом кіно. Трапіць у Дом кіно было вельмі складана, а Ефрасіння Леанідаўна нас літаральна за руку прыводзіла на ўсялякія прэм’еры. Я ўпершыню паглядзела тады Спілберга.

Усё было зроблена для таго, каб стварыць на факультэце атмасферу, у якой студэнты максімальна далучаліся да прафесіі. Я трапіла ў гэтае асяроддзе, яно адразу мяне захапіла.

Наша кафедра не з’явілася б без тых, хто арганізоўваў гэты творчы складнік. Ёсць такая трывіяльная фраза, што факультэт журналістыкі — творчы факультэт. Гэта не зусім апраўданае клішэ, як мне здаецца. Журфак — усё ж такі ў першую чаргу вучэбная структура, а творчае жыццё арганізоўвалі людзі, якія былі бліжэй за ўсё да творчасці. Гэта, вядома, Таццяна Дзмітрыеўна Арлова і Ефрасіння Леанідаўна Бондарава. Бондарава, напрыклад, арганізоўвала факультатыўныя лекцыі па гісторыі кіно ў кіназале геафака. Яна дамаўлялася з кінапракатам, з кінамеханікамі. За кошт гэтых факультатываў я паглядзела ўсю сусветную класіку. Што і заахвоціла мяне паступіць у ВГIК адразу пасля журфака.

У нас выхоўвалі эстэтычны густ, жаданне паглыблена цікавіцца мастацтвам, выхоўвалі культуру дыялогу і дыскусіі. На гэтым падмурку потым з’явілася кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі.

Першыя ўрокі журфака

— Мы вельмі сур’ёзна ставіліся да практыкі. Пасля першага курса ўсе пайшлі ў раённыя газеты, і кожны спрабаваў даказаць, што ён чагосьці варты. Памятаю, што праходзіла першую практыку ў газеце, рэдакцыя якой знаходзілася ў Гродне. І тады быў абвешчаны «Год жанчыны». У рамках практыкі брала інтэрв’ю ў розных жанчын раёна, у мяне добра атрымліваліся такія замалёўкі. Мне падабаліся мае гераіні, таму я рабіла ўсё з вялікім задавальненнем. А потым рэдакцыя газеты, не ўзгадняючы са мной, узяла мае работы і адправіла ў Саюз журналістаў на конкурс.

І мае публікацыі атрымалі прызавое месца. Асаблівая радасць была ў тым, што ўзнагароду ўручалі ва ўніверсітэце, пры ўсіх студэнтах. Ніякія дыпломы пасля не прыносілі такога пачуцця акрыленасці і задавальнення, як тая першая прафесійная ўзнагарода.

У нас было ўсведамленне, што ўніверсітэт — храм навукі, і гэтак жа храмам навукі быў прафесар. Нават калі мы нічога не разумелі, усё роўна слухалі з захапленнем. Зайшоў, памятаю, Навум Ісаакавіч Лапідус, які выкладаў у нас антычную літаратуру. Ён чытаў «Іліяду» Гамера амаль на памяць, я глядзела на яго з вялікім захапленнем. Гэта была легендарная постаць. І гэта была мая першая тройка  — па антычнай літаратуры. Была шалёна засмучаная, бо насамрэч рыхтавалася і чытала, але ніяк не змагла адпавядаць яго патрабаванням.

Праз некаторы час шок і захапленне змяніліся разуменнем, што я трапіла ў зусім іншае асяроддзе, дзе трэба па-іншаму жыць, па-іншаму ставіцца да вучобы.

Калі мы паступілі, у верасні адразу ж выправілі на бульбу, там мы ўсе перазнаёміліся, у нас з’явілася вельмі шмат сямейных пар на курсе пасля гэтай бульбы. І вось мы вярнуліся ў пахмурны кастрычніцкі дажджлівы Мінск… Вучоба ў другую змену. І першай парай  — руская мова. А мне трэба было зайсці на кафедру фізкультуры, запісацца на секцыю. І пакуль я гэта рабіла, спазнілася на дзесяць хвілін. І вось раблю крок у аўдыторыю, а мяне сустракае легендарная выкладчыцца журфака Ангеліна Аляксандраўна Рудэнка і кажа: «Не. Вы спазніліся, вось і пастойце за дзвярыма». Так я зразумела, што апынулася ва ўніверсітэце і трэба жыць па-іншаму. Пасля дыктантаў Ангеліны Аляксандраўны мы даведаліся, што мовы яшчэ не ведаем, нягледзячы на свае школьныя пяцёркі, і трэба шмат вучыцца.

Ва ўніверсітэце мяне ўсё аглушыла: і бурнае студэнцкае жыццё, і высокія патрабаванні, і іншы рытм жыцця. Але самае галоўнае, што ва ўсіх нас дамінавала імкненне стаць прафесіяналамі сваёй справы.

Катэгорыя настаўніка

— Цяпер змянілася ўсё. Змянілася катэгорыя студэнтаў: не ўсе з іх прыходзяць па прафесію. Хтосьці ідзе толькі па дыплом, у іх зусім іншае стаўленне. Сённяшнія студэнты больш інфармаваныя і добра ўмеюць атрымліваць інфармацыю, яны больш свабодныя ў сваіх выказваннях, ацэнках, адносінах паміж сабой. Але сышло тое, што, мне здаецца, павінна быць у любой школе наогул. Гэта катэгорыя настаўніка. Настаўнік як асоба, якую ўсе шануюць проста таму, што ён прыйшоў даць табе тое, чаго ты не ведаеш. Зараз асоба настаўніка не выклікае такога піетэту і трапяткога стаўлення, як гэта было ў нас.

Напрыклад, Ангеліна Аляксандраўна была вельмі строгая і амаль ніколі не ўсміхалася. І калі хто-небудзь заўважаў, як у калідоры яна з кімсьці з выкладчыкаў размаўляла і смяялася, увесь курс выглядваў з аўдыторый паглядзець, як смяецца Рудэнка. Мы яе паважалі бясконца. Прайшлі гады, і мы ўсе бясконца ўдзячныя ёй за строгасць і адказнасць, якую яна праявіла ў сваёй справе. А зараз строгі выкладчык  — гэта нонсэнс. Сур’ёзныя патрабаванні да студэнтаў амаль немагчымыя. І цяпер у трэндзе ідэя крэатыўнага складніка: усе імкнуцца падаваць свой прадмет так, каб студэнтаў зацікавіць, наладзіць больш свабодныя зносіны.

Але не гэта павінна з’яўляцца галоўнай мэтай, а інфармацыя і сэнс, якія мусяць быць данесены. У нас атрымлівалася быць адной супольнасцю з выкладчыкамі, захоўваючы пры гэтым дыстанцыю. Мы маглі і кпіць, і жартаваць з іх, хоць і бяскрыўдна. Памятаю, наш тагачасны дэкан Рыгор Васільевіч Булацкі граў на гармоніку (або баяне — не памятаю) на нашых студэнцкіх вечарынах  — і гэта было абсалютна нармальна.

Памятаю сябе маладым выкладчыкам: заўсёды было вельмі страшна, заўсёды хвалявалася. Пачуццё страху сышло з гадамі, але ўсё яшчэ хвалююся, калі заходжу ў аўдыторыю ўпершыню. Часам узнікае пачуццё гармоніі: адчуваеш, што цябе чуюць. А бываюць і такія курсы, на якіх нічога не ўспрымаецца, што б ні сказала. Не імкнуся спадабацца студэнтам. Мой першы прынцып — даць нешта новае, тое, чаго не ведаюць. Атрымліваецца не заўсёды: хтосьці ўжо ведае, а хтосьці ведаць не хоча. Яшчэ мне не падабаецца ідэя сябраваць са студэнтамі, быць з імі на кароткай назе. У маім разуменні сяброўства можа выяўляцца ва ўзаемадапамозе, але не ў панібрацтве. Бывалі сітуацыі, калі мы пачыналі сябраваць з выпускнікамі пасля ўніверсітэта. У адной са сваіх былых студэнтак я стала хроснай яе дачкі. Бязмежна ўдзячная за добрыя сяброўскія і прафесійныя адносіны са сваімі былымі выкладчыкамі.

Акрамя прафесіі

— Прафесія ў нас такая, дзе нельга спыняцца. Ты ўсё роўна ўвесь час вучышся  — усё цябе вучыць, калі ты гатовы да гэтага. Але факультэт даў мне кірунак, вывеў на тую траекторыю, па якой можна рухацца. Факультэт дае штуршок да таго, каб станавіцца самастойнай асобай. Калі заканчвала вучобу, з’явілася прага да пазнання, няспынных адкрыццяў. Гэта тое, што журфак можа выхаваць.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».