Вы тут

Грані творчасці Ганны Конанавай


Беларуская мастачка Ганна Конанава нарадзілася ў 1986 годзе ў Магілёве ў сям’і прафесійных мастакоў. Яе маці — Галіна Конанава (Лапцёнак), жывапісец, з гарадскога пасёлка Зялёны Бор Мінскай вобласці. Скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, аддзяленне жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральнамастацкага інстытута. Двойчы ўзначальвала Магілёўскае аддзяленне Беларускага саюза мастакоў. Працавала ў экспазіцыйным аддзеле Магілёўскага мастацкага музея імя Паўла Масленікава. Прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных выставачных праектах, конкурсах, сімпозіумах, пленэрах. Яе работы знаходзяцца ў калекцыях музеяў Беларусі, у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Ізраіля, Англіі, Францыі, ЗША. Бацька —Уладзімір Конанаў, скульптар, нарадзіўся ў вёсцы Дунайка Белгарадскай вобласці. Таксама скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, БДТМІ. З 1981-м ўдзельнік розных мастацкіх выстаў і праектаў. Працуе ў манументальнай і паркавай скульптуры, выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы: бронзу, камень, дрэва.


Ганна Конанава «Сядзіба Якуба Коласа ў Акінчыцах», 2006

Ганна Конанава, як і яе бацькі, у 2005 годзе скончыла Гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. У 2011 — аддзяленне жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, магістратуру, аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 2015 годзе стала сябрам Беларускага саюза мастакоў. Сёння Ганна Конанава выкладае ў БДАМ і з’яўляецца дэканам мастацкага факультэта.

З самага ранняга дзяцінства мама знаёміла Ганну з творчасцю. Дзяўчынка ў літаральным сэнсе вырасла пад мальбертам. Пакуль маці стварала свае палотны, дзяўчынка ўважліва назірала і вучылася. У Ганны быў уласны маленькі мальберт. Нагледзеўшыся, як працуе мама, Ганна спрабавала пісаць сама. Бацькі дасюль захоўваюць першы твор сваёй дачкі. Яна напісала яго, калі ёй не было і двух гадоў: абстракцыя з каларыстычна, танальна выяўленымі спалучэннямі фарбаў. А ў шэсць гадоў у Ганны з’явілася серыя партрэтаў на кардонах памерам 70×90, 60×80.

Сёння Ганна Конанава разважае:

— Бацька ў меншай ступені паўплываў на маю творчасць. А вось маці… Мы з ёй розныя па жывапіснай культуры. У мяне ўсё ж такі культура мазка больш відавочная і больш адпавядае рашэнням акадэмічнай школы ў традыцыйным разуменні. Але мяне заўсёды ўражвала маміна разуменне каларыту, таму што яна не баіцца яркага колеру. Яркія работы на самай справе рабіць вельмі цяжка — складана зрабіць так, каб яны не былі плакатнымі, каб захоўваўся жывапісны густ…

У студэнцкія гады Ганна аддавала перавагу партрэтнаму жанру, сёння — пейзажу. Любіць спалучаць нацюрморт з анімалістычным жанрам або нацюрморт — з пейзажам.

А ў партрэтах Ганны Конанавай адчуваецца жывая сувязь паміж мастаком і партрэтаваным. Гэтую сувязь вызначае асаблівы падыход да натуры, імкненне паказаць душэўныя якасці.

Многія творы Ганны Конанавай маюць адметную імклівую рытміку і падобныя па каларыце. Часцей за ўсё пераважаюць адценні чырвонага, у які мастачка бясконца ўлюбёная. І, падобна, пачуццё гэта ўзаемнае. Бо чырвоны паддаецца ёй і пакорліва прымае пераўвасабленне ад аднаго адцення да іншага. Работы Г. Конанавай сакавітыя, святлоценявыя кантрасты спрыяюць глыбокаму раскрыццю зместу («Танец», «Восеньскае танга», «Гранатавы гук»).

Чырвоны колер нездарма так вабіць мастачку. Г. Конанава — вялікая прыхільніца гарачага іспанскага танца фламенка. Ганна з дзяцінства займалася ў танцавальных гуртках, студыях. А ў студэнцкія гады захаплялася бальнымі танцамі. Але бальныя танцы — парныя, і цяжка знайсці партнёра з такой жа ступенню захопленасці і з такім жа жаданнем развівацца. У фламенка ўсё залежыць ад цябе самога. Ганну прыцягвае філасофія танца, энергетыка. Вучылася ў такіх зорак, як Ла Труко, Наталля Конь, Пэдра Кордаба, Марына Клаўдыё, Ёланда Эрэдыя, Пепа Малін, Урсула Марэна, Кармэн Ла Талегона, Чыкі дэ Херас і іншых. Сам танец адпавядае духу Ганны, яе тэмпераменту. Вось як Ганна Конанава распавядае пра свае дасягненні ў танцавальнай сферы:

— У Мадрыдзе я атрымала ўзнагароду, імкнуся штогод стажыравацца ў школе «Amor de dios» — вельмі вядомая школа: там выкладаюць зоркі сусветнага значэння, зоркі фламенка. У Акадэміі «La truko» я атрымала сярэбраную прэмію (першую прэмію тады атрымала іспанка). Для мяне гэта было вельмі пачэсна. Пры тым, што трэцяй прэміі не было наогул. Ганаруся гэтым, я не ўраджэнка той культуры. Лічыцца, што фламенка як мае быць можа танцаваць толькі іспанец. Значыць, ёсць нешта ў маёй душы з тамтэйшага разумення жыцця і светаадчування.

Рытмы фламенка, безумоўна, адлюстроўваюцца і ў жывапісных працах Ганны. Часта на палотнах мастачкі можна сустрэць котку дымчатага колеру. Ганна Конанава распавяла, што гэта Амелі, што жыла ў гаспадыні, у якой мастачка здымала пакой.

Яшчэ з часоў студэнцтва Ганна Конанава любіць наведваць розныя маляўнічыя месцы, натхняцца простымі рэчамі:

— Я пісала эцюд у дворыку, і выйшаў гаспадар дома, які я пісала, паглядзеў на работу: сонцам заліты дворык і часткова сонцам заліты дом. І ён сказаў: «Так выдатна! Нават у сваім доме жыць захацелася». А гэты дом стары, ам відавочна ўсярэдзіне не вясёлкава. І вось чалавек убачыў сваё жыццё з паэтычнага пункту гледжання. Ён зараз жа, можа, забыўся пра гэты стан (звычайна ён не доўжыцца вечна, яго вельмі цяжка ў сабе захаваць)…

Найлепшая атмасфера для стварэння твораў, як прызнаецца Ганна Конанава, — адзінота ў добрым сэнсе гэтага слова. Мастачка інтраверт і любіць тварыць у адзіноце. Цалкам магчыма, што на гэта паўплываў перыяд навучання ў акадэміі, бо сваёй майстэрні ні ў кога са студэнтаў не было і на занятках усе пісалі ў агульнай аўдыторыі, дзяліліся ўражаннямі і атрымлівалі асалоду ад тонкасцяў працэсу разам. Ганна Конанава прызнаецца:

— Калі вучылася ў акадэміі, марыла пра той момант, калі буду працаваць адна. Гэта пры тым, што ў мяне была выдатная група. Я вельмі люблю сваю групу і лічу, што па атмасферы гэта была на той перыяд ледзь не лепшая група ў акадэміі: па стасунках паміж калегамі, студэнтамі — адзін аднаго натхнялі. Але мне падабаецца працаваць адной.

Ганна Конанава падзялілася і сваім бачаннем крытыкі:

— Люблю разумную крытыку. Гэта можа быць чалавек, які ўбачыў, чаго не хапае для развіцця, што можна параіць, каб стала яшчэ лепш. Ці чалавек, які проста не бачыць цябе, з якім вы зусім не роднасныя душы, знаходзіцеся на розных полюсах.

Як выкладчык мастачка самааддана працуе са студэнтамі.

— Без стараннасці, без прагі мастак не атрымаецца. Таму, калі я працую са студэнтамі, калі бачу аддачу, гэта дарагога варта, вялікая радасць. Мне падабаецца заражаць мастацтвам, каб здабыць тыя інструменты, тое багацце, той бісер, які будзе потым узбагачаць творчасць канкрэтна гэтага студэнта, маладога мастака. Прафесійны педагог можа толькі накіраваць. Прымусіць быць мастаком нельга.

У кожнага мастака ёсць спіс фаварытаў, і Ганна Конанава назвала сваіх. У перыяд вучобы аўтар захаплялася творчасцю Канстанціна Каровіна, Валянціна Сярова, Віктара Мельнікава і Яўсея Майсеенкі. На дадзены момант ёй падабаюцца такія майстры як Рэмбрант, Карнэліу Баба. Вось як яна тлумачыць, чаму няпроста вызначыць сваіх куміраў:

— Вельмі складана, таму што іх шмат. Я пачынаю гартаць гісторыю мастацтва, і ў кожным перыядзе ёсць той, каго б я магла назваць. Морыс Дэні, Эдуар Вюяр… З сучаснікаў — Ілона Касабука, Уладзімір Тоўсцік, Віталь Цвірка, Галіна Конанава. Імя мамы зусім не суб’ектыўнае, не таму, што гэта мая мама, я яе вельмі цаню як прафесіянала. Яна мастак першакласны і вельмі рэдкі жывапісец. Яна не ацэненая ў тым маштабе, які заслугоўвае.

На развітанне мне вельмі захацелася задаць Ганне Конанавай адно-адзінае пытанне:

— Што б вы пажадалі маладому пакаленню?

— Быць асобамі і шчыра любіць і шанаваць мастацтва. Усведамляць маштаб свайго выбару. Шчыра любіць яго. Гэта вельмі важна.

Ангеліна БУЦАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».