Вы тут

Мігатлівы розум


Прагон перад прэм’ерай, якая можа не адбыцца


Пасля шматлікіх даволі ўдалых пастановак беларусы таксама вырашылі ўзяцца за п’есу «Вецер шуміць у таполях» і паспрабаваць увасобіць яе на нашай сцэне (пакуль найбольш паспяховай лічыцца пастаноўка ў тэатры імя Яўгена Вахтангава). Але рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Георгій Ваўчок зазначае, што сутыкнуўся з «безупыннымі цяжкасцямі», іншымі словамі  — з фінансавымі праблемамі. Падобна да сітуацыі, калі нават плённая праца энтузіястаў патрабуе дапамогі з боку. Ці атрымаецца?

Аўтар п’есы «Вецер шуміць у таполях»  — Жэральд Сіблейрас — у Англіі атрымаў прэмію Лоўрэнса Аліўе, а ў Францыі  — прэмію Мальера. Выбар рэжысёрам менавіта гэтага твора абумоўлены не столькі вечнасцю тэмы, хутчэй  — яе надзённасцю для беларускага грамадства. Сам Жэральд Сіблейрас пазначыў жанр п’есы як гераічная камедыя. Уласна, у гэтым ключы і разгортваецца дзеянне спектакля.

1959 год. Тры героі  — Густаў, Фернан і Рэнэ  — ветэраны Першай сусветнай вайны. Дзівакоў, якіх вайна не пазбавіла ні пачуцця гумару, ні бадзёрасці духу, ні стойкай прагі жыцця, аб’ядноўвае адна фізічная тэрыторыя — прытулак для ваенных ветэранаў — і адна духоўная  — тэрыторыя мары. Гэтая мара — збегчы з абрыдлага месца і перш-наперш дабрацца да ўзгорка, дзе стаяць прыгожыя высокія таполі, у якіх, без сумневу, гуляе лёгкі вецер. Вецер, што не можа не ўспрымацца як сімвал свабоды.

Так, задума празрыстая. Ёсць рэчаіснаісць, больш чым моташная і нудная, ёсць мэта збегчы з яе, таму справа  — за ажыццяўленнем гэтых памкненняў, што ў пастаноўцы болей за ўсё адчуваецца дзякуючы велічнай музыцы і паўторам на пачатку і ў канцы радкоў «Безумству храбрых…». Гэта чарговы напамін пра тое, што герой на вайне не заўсёды можа быць героем у звычайным жыцці, асабліва ў сталым узросце, калі любога могуць палічыць састарэлым дзіцем. Між тым нават дэкарацыі і святло выстаўленыя так, што ствараецца нейкі цяплічны асяродак, з якога не хочацца вырывацца ў пэўны час не толькі героям, але і гледачу: заўсёды ёсць шчымлівае адчуванне, што па-за межамі гэтай цеплыні і святла чакае пагроза, перш-наперш для фізічна слабых. Але гэта тая прынада, на якую купляемся ўсе мы, калі нават час патрабуе змен.

Чаму драматург абраў Першую сусветную, памяць пра якую зусім сцёртая страшным вопытам Другой? Старыя так і называюць яе: «першая, наша з вамі», паколькі ў іх жыцці менавіта яна была галоўнай падзеяй. Падаецца, менавіта з-за даўнасці Першая сусветная вайна больш схіляе да вясёлага жанру. Памяць пра Другую  — зусім іншая як для еўрапейцаў, так і для нашых суайчыннікаў. Дарэчы, у адрозненне ад расійскіх пастановак, у беларускай версіі сталых герояў іграюць сталыя людзі, што ўжо не дазваляе ўспрымаць тое, што робіцца на сцэне, з лёгкасцю і вясёласцю, як хацелася б.

Відавочна, п’еса не задаволіць звышчаканні і патрабаванні прыхільнікаў новых фарматаў і незвычайнай трактоўкі вядомых праблем  — яна нацэлена на вырашэнне канкрэтных задач, у тым ліку з’яўляецца чарговым зваротам да тых, хто апынуўся на ўскрайку жыцця. Тут можа аказацца хто заўгодна. Такім чынам, у п’есы ёсць шанц парадаваць даволі шырокую аўдыторыю, хоць пытанне ўзросту ў гэтай сувязі прынцыпова важнае: для кагосьці пастаноўка можа падацца даволі статычнай, месцамі зацягнутай і настраёва аднароднай, для кагосьці гэта  — сукупнасць дыялогаў, якія закранаюць балючыя тэмы. І дыялогі хочацца слухаць, каб самім паверыць, што гэта не канец, што яшчэ ёсць шанц палюбавацца захадам, што не заганна спачуваць, любіць і жадаць.

Нягледзячы на дзяленне на некалькі сцэн, п’еса сапраўды ўспрымаецца як статычная і пазбаўленая яскравых канфліктаў, выразных дзеянняў і змены дэкарацый, хоць рэплікі часам прамаўляюцца празмерна мітусліва, нібы акцёры баяцца не паспець зрабіць нешта важнае. На пярэднім плане  — тры асобы, і кожная з іх па-свойму зразумелая і важная. Рэнэ Аляксандра Лупсякова  — кульгавы арыстакрат з прамой спінай, які амаль не выпускае з рук кніжку і падае кожную рэпліку як чытальнікдэкламатар (што можа нават раздражняць). Густаў, якога сыграў Георгій Ваўчок,— саркастычны заклапочаны чалавек з крыху вар’яцкім позіркам. У Фернане Аляксандра Гусева адразу ж бачыцца ветэран, у якога застаўся асколак у галаве, з-за чаго ён рэгулярна траціць прытомнасць, размаўляе капрызным голасам і глядзіць ашклянелымі вачыма. Трэба сказаць, вобраз Густава сапраўды ўдаўся больш, чым іншыя: было заўважна, што выканаўца ведае, да якога выніку імкнецца і якія чаканні яму хочацца апраўдаць.

Спектакль перапоўнены запалам, рэўнасцю адзін да аднаго, таемнымі мужчынскімі прызнаннямі і турботай з прычыны непрытомнасцей Фернана, пакутлівай чалавекабояззю і запаветным жаданнем Густава ўвайсці ў гісторыю і абражаным самалюбствам Рэнэ. У кожнага сваё мінулае, але іх няўхільна цягне адзін да аднаго. Яны абмяркоўваюць навіны, гамоняць, будуюць фантастычныя планы, і іх нездароўе  — толькі нагода для самаіроніі. Мінулае ва ўсіх траіх узнікае ў лёгкіх агаворках, ненадакучлівых успамінах, паўфразах. Як быццам згадваецца зямное жыццё.

Кожны з акцёрскага трыа знаходзіцца ў гульнявых адносінах са сваім героем і з партнёрамі, але ў героя, якога іграе Ваўчок, ёсць і яшчэ адзін партнёр — каменная статуя сабакі, з якой адбываецца асобная дзея. Уяўляецца яна герою жывой ці не? Артыст пераконвае: так, і падымацца на пагорак трэба разам c каменным сабакам. Вось і дарожны дзённік Фернана названы «Трое дахадзяг і мігатлівы розум», хоць у іх кампаніі ёсць «цвярозы розум»  — Рэнэ, які напачатку быў супраць не толькі першапачатковай ідэі падарожжа да Індакітая, але нават і да ўзгорка, куды, хутчэй за ўсё, ім усім так і не наканавана дабрацца. Адначасова спектакль адсылае і да твораў экзістэнцыялістаў, і да ўзораў тэатра абсурду, якія ў дыялогу вырашаюць: важная не свабода, а спроба вызвалення.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».