Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра перамогу брэсцкага «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі і іншыя важныя падзеі выхадных.


Фота БелТА.

1. Футбалісты брэсцкага «Дынама» ў матчы 29-га тура перамаглі «Віцебск» 1:0 і ўпершыню сталі чэмпіёнамі Беларусі, спыніўшы 13-гадовую гегемонію БАТЭ. Чэмпіёнскі гол на 38-й хвіліне забіў Аляксей Хабленка. Набраўшы 72 ачкі, брэсцкае «Дынама» стала недасягальным для пераследніка, 15-разовага чэмпіёна Беларусі барысаўскага БАТЭ.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў футбольнага клуба «Дынама-Брэст» з заваяваннем залатых медалёў. «За кароткі час у Брэсце стварылі выдатную каманду, якая склала рэальную канкурэнцыю лідарам беларускага футбола, прыўнесла ў чэмпіянат новыя ідэі і яркія эмоцыі. Дзякуючы прафесійнаму падыходу вы змаглі без дзяржаўнага фінансавання ўпэўнена стаць на ногі, скарыць сэрцы шматлікіх балельшчыкаў, якія да канца запаўняюць трыбуны спарткомплексу «Брэсцкі», — гаворыцца ў віншаванні. «Вы даказалі, што мары становяцца рэальнасцю, а мэта дасягальная, калі рухацца да яе настойліва і рашуча», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў пажаданне, каб поспех каманды з горада над Бугам паслужыў прыкладам для іншых клубаў і даў новы імпульс развіццю футбола. Дружнаму і працавітаму калектыву «Дынама-Брэст» Прэзідэнт пажадаў не змяншаць абароты і гучна заявіць пра сябе на еўрапейскім узроўні.

З заваяваннем тытула клуб павіншаваў таксама зорка сусветнага футбола Дыега Марадона: у сваім «Інстаграме» славуты аргенцінец напісаў, што вельмі рады павіншаваць футбалістаў, трэнераў і кіраўніка брэсцкага «Дынама» з заваяваннем першага месца ў чэмпіянаце Беларусі.

На полі «Барысаў-Арэны» футбалісты БАТЭ разграмілі мінскае «Дынама» — 3:0, стаўшы ўладальнікамі «серабра». «Бронзу» заваяваў салігорскі «Шахцёр», які саступіў на выездзе «Мінску» — 0:1. Футбалісты «Гомеля» абыгралі ў гасцях «Гарадзею» з лікам 3:2, але пакідаюць вышэйшую лігу нацыянальнага першынства. Вынікі астатніх сустрэч 29-га тура: «Дняпро» (Магілёў) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 2:1, «Нёман» (Гродна) — «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 1:1, «Славія» (Мазыр) — «Іслач» (Мінскі раён) — 2:0.


2. Зборная Беларусі па пляжным футболе пацярпела першае паражэнне на чэмпіянаце свету ў парагвайскім Асунсьёне, саступіўшы зборнай Сенегала — 2:7. У іншым паядынку другога тура папярэдняй групы С каманда Расіі з лікам 1:4 саступіла зборнай ААЭ, якую на старце беларусы абыгралі з вынікам 5:1. У заключным туры першага этапу сёння беларусы сустрэнуцца з расіянамі. Становішча спраў у астатніх групах:

А — Японія — 6 ачкоў, Швейцарыя — 5, ЗША — 0, Парагвай — 0;

В — Уругвай — 6, Італія — 3, Таіці — 3, Мексіка — 0;

D — Бразілія — 6, Партугалія — 3, Аман — 3, Нігерыя — 0.

Пасля завяршэння групавога этапу ў 1/4 фіналу выйдуць па дзве найлепшыя каманды з чатырох квартэтаў. Чвэрцьфіналы пройдуць 28 лістапада, паўфіналы — 30 лістапада, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул і сустрэча за бронзавыя ўзнагароды адбудуцца 1 снежня.


3. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог паўночнамакедонскі «Вардар» — 31:22, спыніўшы серыю паражэнняў на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Самым выніковым у пераможцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 12 мячоў. Турнірнае становішча ў групе В пасля дзевяці тураў: «Кіль» — 14 ачкоў, «Веспрэм» — 12, «Манпелье» — 11, «Віве» — 10, «Порту» — 10, «Вардар» — 9, БГК імя Мяшкова — 4, «Матор» — 2.

Свой наступны матч чэмпіёны Беларусі правядуць 30 лістапада ў Кельцах супраць «Віве». Гандбалісты магілёўскага клуба «Машэка» завяршылі выступленне ў Кубку выкліку, саступіўшы па суме дзвюх дамашніх сустрэч 1/16 фіналу румынскаму «Бухарэсту».

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Першае, але яркае чэмпіёнства

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.