Вы тут

Чаго чакаць на ХХХІІ Міжнародным фестывалі «Студзеньскія музычныя вечары»


Здавалася б, толькі нядаўна апусцілася заслона вераснёўскага фестывалю «Белая вежа» ў Брэсце, а ўжо «Вечары» на парозе — студзеньскія. І праўда, застаўся нейкі месяц да свята класічнай музыкі, таму арганізатары і склікалі прэс-канферэнцыю. Утваральнікі форуму засталіся ранейшыя, а вось удзельнікі, як нам сказалі, будуць спрэс новыя.


Заснавальнік, дырэктар і галоўны рэжысёр фестывалю, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязяў» Лілія БАТЫРАВА чатыры гады таму адзначыла сваё 80-годдзе, але ўзрост ёй не перашкода. Лілія Рыгораўна вядзе перагаворы з самымі рознымі зоркамі музычнага мастацтва, ездзіць на конкурсы і фестывалі, дзе знаходзіць будучых удзельнікаў зімовага фэсту. Так было і цяпер, калі рыхтаваўся сёлетні фестываль — трыццаць другі па ліку.

Да пачатку брыфінгу заставалася крыху часу, і Лілія Батырава згадзілася адказаць на пытанні карэспандэнта «Звязды».

— Лілія Рыгораўна, з чаго ўсё пачыналася, як нарадзілася ідэя праводзіць міжнародныя фестывалі класічнай музыкі, і не ў сталіцы, а ў Брэсце? Тым больш што ў канцы 80-х стаў адчувальным дэфіцыт усяго, у тым ліку сродкаў...

— Ну, не адразу ўзнік фестываль. Колькі сябе памятаю, заўсёды працавала, вучыла дзяцей музыцы ў сваім каледжы. А каб дзеці маглі пачуць ужывую і душой адчуць высокую музыку, па магчымасці запрашала яе майстроў. Так арганізоўваліся канцэрты, завязваліся знаёмствы. З часам усё гэта перарасло ў фестываль. І на нашым фэсце пабывалі ўжо дзясяткі оперных зорак сусветнага маштабу.

— Адкуль вы чэрпаеце энергію на такую вялікую работу?

— Вядома, ад гледачоў, аматараў сапраўднай музыкі. Уявіце сабе, іду па плошчы Леніна 6 верасня пасля ўрачыстага адкрыцця святкавання 1000-годдзя Брэста, а да мяне падыходзяць людзі і пытаюць: «Скажыце, а ў студзені фестываль будзе?» Кажу: «Вядома, будзе». Аказваецца, людзі непакоіліся, што ў сувязі з вялікімі святкаваннямі можа не хапіць сродкаў альбо сіл на арганізацыю «Вечароў». Больш за тое скажу: у нас у горадзе ёсць каля дзясятка сем'яў пенсіянераў, якія з кожнай пенсіі адкладваюць пэўную суму грошай, каб наведаць усе канцэрты фестывалю. Ну хіба можна нейкім чынам падмануць іх спадзяванні?!

Ёсць усе падставы чакаць, што і гэтым разам мы адчуем сапраўдную асалоду класічнай музыкі. Афіша фестывалю разнастайная і цікавая. Выступяць удзельнікі з 10 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Грузіі, Літвы, Кітая, ЗША, Нідэрландаў. Магчыма, і з Італіі, пакуль ідуць перагаворы і ўзгадненні.

«Гэтым разам удалося запрасіць многа цікавых галасоў, будзе аж 12 вакалістаў, такога ніколі не было. З іх многія выступяць на фестывалі ўпершыню, — паведаміла арганізатар форуму на прэс-канферэнцыі. — Напрыклад, Тарас Штонда, бас, зорка сусветных оперных тэатраў, саліст Нацыянальнай оперы Украіны. Будзе таксама лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў брастаўчанка Аляксандра Момінава, сапрана. Хачу прапанаваць ім заспяваць дуэтам, і гэта можа стаць прыемным сюрпрызам фестывалю», — падзялілася даволі смелымі планамі яго дырэктар.

Да яго сюрпрызаў, відаць, можна аднесці і выступленне зусім юных піяністак з Літвы Каі і Клеі Кашубайтэ. Дзяўчынкам 9 і 11 гадоў, але іграюць яны чароўна, паводле слоў Ліліі Батыравай. Яна пачула іх у Вільнюсе, там і запрасіла.

Цікавым абяцае стаць выступленне саліста опернай трупы Паўночнай Амерыкі і Еўропы, саліста Балтыморскага опернага хору барытона са Злучаных Штатаў Амерыкі Альберта Нідэля. Як і трыа кампазітара і лаўрэата міжнародных конкурсаў з Польшчы Канстанціна Віленскага (фартэпіяна), дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы Алега Роўды (ударныя інструменты) і лаўрэата міжнародных конкурсаў Вячаслава Пляско з Брэста (кантрабас). Яны выступяць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.

Як ужо гаварылася, многія музыканты і выканаўцы прыедуць у Брэст упершыню. У іх ліку саліст Вялікага тэатра Масквы Георгій Чалідзэ (бас), лаўрэат міжнародных конкурсаў выкладчык інстытута імя Гнесіных Кацярына Мачалава (мандаліна, домра), лаўрэат міжнародных конкурсаў Дар'я Іонкіна (фартэпіяна) з Масквы, а таксама салісты Вялікага тэатра Беларусі Станіслаў Трыфанаў (барытон) і Ілья Сільчукоў (барытон). Апошні з названых — лаўрэат трох гранд-прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік залатога медаля за перамогу ў намінацыі «Акадэмічныя спевы» ІІ Сусветных Дэльфійскіх гульняў, лаўрэат першых прэмій шэрагу міжнародных конкурсаў.

Прыедзе да нас і Кіеўскі маладзёжны хор «Сафія». Хор з такім трыумфам выступіў летась, што яго з радасцю запрасілі зноў.

Усяго на фестывалі, які пройдзе з 9 да 12 студзеня, выступяць пяць аркестраў, два хоры. Запланаваны калядны баль, які адбудзецца 11 студзеня. Музычныя вечары пройдуць у два аддзяленні, пачатак у 18 гадзін. Акрамя таго, 12-га чысла а 12-й гадзіне адбудзецца канцэрт у музычным каледжы. Туды можна трапіць усяго за 5 рублёў. А ў касцёле ў гэты дзень прагучыць канцэрт арганнай музыкі. У праграме пазначана выступленне народнага артыста Беларусі прафесара Ігара Алоўнікава, а таксама Таісіі Засім (сапрана) і Ніны Залатніцкай (мецца-сапрана). Цана білетаў на асноўныя канцэрты выглядае дэмакратычна, за іх просяць ад 20 да 50 рублёў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Шмат цікавых галасоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».