Вы тут

Новы аўтобус — новыя магчымасці


Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў уручыў ключы ад новага мікрааўтобуса «ГАЗель» Уздзенскаму раённаму цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Машына куплена за кошт раённага і абласнога бюджэтаў.


Па­моч­нік Прэ­зі­дэн­та Ігар Яў­се­еў і ды­рэк­тар цэнт­ра Ма­ры­на Паў­ло­віч.

Перадгісторыя гэтай падзеі наступная. На адным з прыёмаў грамадзян да Ігара Уладзіміравіча звярнулася маці, якая мае дзіця-інваліда. Жанчына паскардзілася, што машына, якая падвозіць выхаванцаў да цэнтра, часта выходзіць са строю.

— Мы вывучылі сітуацыю, я даў даручэнне начальніку ДАІ Мінскай вобласці высветліць, колькі гадоў гэтай машыне, які ў яе прабег, як часта яна становіцца на рамонт. Прааналізаваўшы ўсе параметры, зразумелі, што праблема сапраўды ёсць, аўтобус тэхнічна зношаны, — расказаў Ігар Яўсееў. — Мной і старшынёй Мінаблвыканкама Анатолем Ісачанкам было прынятае рашэнне аб неабходнасці набыць новую машыну.

Па­да­ру­нак цэнт­ру — мік­ра­аў­то­бус.

Мікрааўтобус абсталяваны спецыяльным прыстасаваннем для замацавання інваліднай каляскі, электрычным пандусам-пад'ёмнікам, сядзеннямі з рамянямі бяспекі, месцам для суправаджаючага педагога, кандыцыянерам. А тэлевізар зробіць паездку маленькіх пасажыраў больш цікавай і захапляльнай.

— Я думаю, цяпер у дзяцей і іх бацькоў будзе праблем намнога менш. Я рады, што ў нас усё атрымалася. Сёння, наведаўшы ваш горад, яшчэ раз упэўніўся, што жыхары яго любяць, — прыемна праехацца па чыстых прыгожых вуліцах. Абмеркавалі мы са старшынёй райвыканкама і некаторыя іншыя аспекты развіцця горада і раёна. У прыватнасці, у райцэнтры няма басейна, жыхарам даводзіцца ездзіць у Стоўбцы. Будзем думаць над рашэннем, — рэзюмаваў Ігар Яўсееў.

— Мы разгледзім пытанне, каб на гэтай машыне дзеці з'ездзілі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу. Давайце зробім для выхаванцаў цэнтра такі навагодні падарунак, — звярнуўся ён да начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяны Апраніч. — Я са свайго боку буду хадайнічаць, думаю, грошы знойдзем.

— Мы ўпэўнены, што новы аўтобус значна палепшыць якасць навучання і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей. А нашы ўзаемаадносіны з усімі суб'ектамі адукацыйнага працэсу выйдуць на новы ўзровень, — сцвярджае дырэктар цэнтра Марына Паўловіч. — Новы транспарт дазволіць арганізаваць бесперабойную дастаўку дзяцей. Усяго ж у класе адзінаццаць выхаванцаў, чатыры з іх атрымліваюць спецыяльную адукацыю дома, семярых возім у цэнтр з розных населеных пунктаў раёна. Акрамя таго, нашы выхаванцы змогуць цяпер наведваць сваіх равеснікаў з Дзяржынска, Клецка, Капыля, Нясвіжа, з якімі сябруюць, праводзяць розныя мерапрыемствы, конкурсы, спаборніцтвы.

Дарэчы, установе 26 кастрычніка споўнілася 20 гадоў з дня заснавання. Так што ў педагогаў і выхаванцаў двайное свята.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.