Вы тут

Байнэту ўжо 25 гадоў, а камп’ютарная пісьменнасць карыстальнікаў яшчэ кульгае


Форум па кіраванні інтэрнэтам Belarus IGF стаў ужо традыцыйным. Ён прайшоў чацвёрты раз у Мінску. У гэтым годзе да нас прыехалі госці з васьмі краін — пакуль гэта рэкорд. Усяго ж зарэгістравалася больш за 400 удзельнікаў. Сярод спікераў — прадстаўнікі бізнесу і некамерцыйных арганізацый, чыноўнікі, эксперты, звычайныя карыстальнікі. Варта падкрэсліць, што на форуме не прымаюцца пэўныя рашэнні –– гэта пляцоўка для дыялогу бізнэсу, улады і грамадства. На форуме была нават футуралагічная панэль, мы ж раскажам аб практычных складніках розных дыскусій.


Як уладкаваны інтэрнэт

Нязменным арганізатарам форуму ў нашай краіне выступае кампанія hoster.by, дырэктар якой Сяргей Павалішаў прэзентаваў першае беларускае выданне кнігі «Кіраванне інтэрнэтам» Ёвана Курбалія. Гэта адзін з першых у свеце дапаможнікаў, які апісвае прынцыпы кіравання і ўсе аспекты работы інтэрнэту: ад інфраструктуры і бяспекі да прававых і гендарных пытанняў. Кампанія выпусціла кнігу за ўласныя сродкі і будзе бясплатна прадастаўляць асобнікі беларускім навучальным установам і арганізатарам IT-курсаў. Кнігу таксама можна замовіць на сайце кампаніі, а ў недалёкай будучыні абяцаны агульнадаступны электронны варыянт кнігі.

Як паказалі далейшыя дыскусіі на форуме, ведаў аб тым, як уладкаваны інтэрнэт, што трэба рабіць для ўласнай бяспекі, выходзячы ў сетку, людзям недастаткова, нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе байнэт адзначыў 25-годдзе.

Ад ID-карты да міжнароднага прызнання e-дакументаў

У гэтым годзе Беларусь упершыню ўвайшла ў спіс краін з вельмі высокім індэксам развіцця электроннага ўрада (Very-High-EGDI), заняўшы 38 радок у рэйтынгу ААН. Лагічна, што на форуме абмяркоўвалася лічбавая трансфармацыя: ад бізнес-працэсаў да электроннага ўрада. Аляксандр Сушко, кіраўнік праекта па развіцці бізнесу ў Беларусі Group-IB, адзначыў, што ў нашай краіны можа быць свой лічбавы шлях, таму што мы, грамадзяне, ведаем, што нам трэба. У нас ужо ёсць сэрвісы, без якіх мы не можам уявіць сваё жыццё, адзін з яркіх прыкладаў –– АРІП.

А што нас чакае ў будучыні? Аб гэтым расказаў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргей Несцяровіч. У апошнія гады на слыху ID-картка і біяметрычны пашпарт. Тэрміны выдачы гэтых дакументаў некалькі разоў пераносіліся. На сённяшні дзень праведзена закупка абсталявання для іх афармлення. Наша краіна ўступіла ў ICAO — гэта міжнародная арганізацыя авіяцыі, якая ўсталёўвае стандарты па біяметрычных пашпартах. Да выдачы ID-картак з 1 студзеня 2020 года тэхнічна ўсё гатова з боку Мінсувязі. Аднак тэрмін выдачы дакументаў новага тыпу вызначае МУС.

Сяргей Несцяровіч растлумачыў, што беларусам, якія жадаюць выязджаць з краіны, нейкі час прыйдзецца атрымліваць біяметрычны замежны пашпарт. Адной ID-карткай мы зможам абыходзіцца толькі тады, калі большасць краін пяройдзе на электронныя візы.

Таксама Сяргей Несцяровіч распавёў, што ёсць ідэя ажыццявіць на базе Аршанскага раёна пілотны праект па алічбоўцы ўсіх бізнес-працэсаў. Гэта дазволіць спрасціць камунікацыю паміж дзяржавай, бізнесам і людзьмі. Акрамя таго, наладжваюцца кантакты з ўпаўнаважанымі структурамі ЕС і іншымі краінамі аб тым, каб электронныя дакументы з Беларусі прызнаваліся там як юрыдычна значныя.

Лягчэй «падняць» сайты, чым камп'ютарную пісьменнасць

Нядаўні перапіс насельніцтва, які ўпершыню можна было прайсці ў электронным выглядзе, стаў экзаменам як для дзяржструктур, так і для грамадзян. Анлайн-сэрвісам скарысталася 2 024 000 чалавек. Да пачатку перапісу праводзілася тэставанне, калі меркавалася, што аднамомантава звернуцца 60 тыс. карыстальнікаў, аднак у рэальнасці іх было ад 70 да 120 тыс., таму сайты «ляглі». Спатрэбілася ўсяго толькі дзве гадзіны, каб аднавіць іх функцыянаванне. У цэлым інтэрнэт-перапіс з выкарыстаннем Міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі прайшоў паспяхова. Па словах намесніка старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Жанны Васілеўскай, да нас ужо звяртаюцца па досвед іншыя краіны.

Яна лічыць, што поспеху спрыяла праведзеная на высокім узроўні інфармацыйна-тлумачальная кампанія, дыялог паміж органамі ўлады і насельніцтвам.

Аднак інтэрнэт-перапіс паказаў і тое, што камп’ютарная пісьменнасць насельніцтва пакідае жадаць лепшага, як і гатоўнасць да хуткага пераходу да анлайн-паслуг. Пры праходжанні анлайн-перапісу больш за 50 % пытанняў насельніцтва тычылася ідэнтыфікацыйнага нумара. Людзі не ведаюць, што гэта такое, і пыталіся, «дзе яго ўзяць». У іншых ўзнікла праблема з увядзеннем гэтага нумара: у ім няма літары «О», ёсць лічба нуль. Жанна Васілеўская прызналася, што такія праблемы арганізатары не маглі прадбачыць. Яна мяркуе, што не будзь гэтых пытанняў, колькасць грамадзян, якія перапісаліся анлайн, была б большай.

Кліенты любяць зручныя сэрвісы

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення плацёжнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Антон Падрэз адзначыў, што ў банкаўскай сферы шырока ўкаранёны лічбавыя тэхналогіі. Цяпер доступ да дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання маюць 6,7 млн чалавек. Юрыдычным асобам у фармаце анлайн даступна 70% банкаўскіх паслуг, фізічным асобам –– 67%.

Узровень лічбавізацыі залежыць ад таго, наколькі ўдала выбудаваны працэс. Як толькі карыстальніку нязручна — банкі адзначаюць адток кліентаў. Антон Падрэз адзначыў, што сярод зваротаў грамадзян у Нацбанк шмат пытанняў, якія тычацца лічбавай пісьменнасці. Спецыялісты маюць намер распрацаваць метадычкі па гэтай тэме, што будзе спрыяць яшчэ большай уцягнутасці насельніцтва ў лічбавізацыю. Бо пакуль людзі чагосьці не разумеюць, ім страшна і, натуральна, яны не будуць карыстацца такімі паслугамі.

Страх сёння прысутнічае, бо толькі ў апошні час зафіксавана актыўнасць сеткавых ашуканцаў. Каб не трапляцца на іх вуду, трэба быць падкаваным не толькі ў пытаннях бяспечнага карыстання пластыкавымі карткамі і інтэрнэт-сэрвісамі, але і ведаць асновы сацыяльнай інжынерыі. «Няведанне сацыяльнай інжынерыі больш небяспечна, чым хакерства, – кажа Антон Падрэз. – Людзі самі выдаюць крытычныя персанальныя дадзеныя ашуканцам».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прадастаўлена арганізатарамі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.