Вы тут

Як шанавалі іконы?


«Сёння ў гарадскіх кватэрах можна сустрэць іконы, якія мацуюцца на сценах у пакоях, над уваходнымі дзвярамі... Але сучаснік мала што ведае пра правілы карыстання імі, якія існавалі калісьці ў народнай традыцыі. Хацелася б праз вашу рубрыку даведацца», — піша Вольга К. з Маларыты.


Ікона — знак яднання сям'і з Богам — заняла галоўнае месца ў сялянскай хаце: на покуці.  Існавала ўяўленне, што ікона здольная асвячаць сваёй прысутнасцю прастору хаты. Таму яе ў ліку іншых сакральных прадметаў на ўлазінах уносілі ў новую хату першай. Лічылася, што не мы глядзім на ікону, а яна вачамі Багародзіцы, Ісуса Хрыста або святога глядзіць на нас і благаслаўляе нас і наша жыццё.

У адносінах да святога абраза выконвалі спецыяльныя рытуальныя дзеянні, напоўненыя высокай ступенню сакральнасці. Перад ім запальвалі свечкі, чыталі малітвы і прагаворвалі клятвы, давалі аброкі, «цвёрда верачы ў выкананне сваёй малітвы», ведаючы: «Хто не па праўдзе прысягае, таго Бог на гэтым свеце карае: ён сам часта хварэе, у жывіны і ў гаспадарцы ўвесь час прыпадкі, і так усё не вядзецца, аж да трэцяга пакалення».

«Скінь шапку, Бог у хаце», — у адносінах да хатняй святыні з цягам часу былі сфарміраваны правілы, якія трэба было няўхільна выконваць. Да іконы забаранялася дакранацца «нячыстаму» чалавеку, напрыклад, жанчыне ў перыяд месячных, мужчыну, які не выконваў забароны на шлюбныя адносіны падчас паста. У прысутнасці іконы забаранялася лаяцца, гаварыць дрэнныя словы. Ваду, якой абмывалі ікону перад святамі, напрыклад, у Чысты чацвер, вылівалі пад чырвоны кут.

Састарэлыя абразы забаранялася спальваць або выкідваць. Іх закопвалі на могілках або пускалі па вадзе. На думку старых людзей, абразоў нельга прадаваць: «Абразы не «купляюцца», а «выменьваюцца» (хоць бы за грошы)», — іх трэба дарыць.

Лічылася, што за крадзеж, спальванне абраза, выкарыстоўванне яго як звычайнай дошкі для побытавых патрэб чалавек будзе пакараны невылечнымі хваробамі. Плюнуць на ікону, зламаць, рассекчы, спаліць — гэтыя дзеянні лічыліся смяротным грахом, за які будзе адплачваць і той, хто такое зрабіў, і не адно пакаленне яго родных.

Ва ўсходніх славян ікона нароўні з такімі сакральнымі прадметамі, як святая вада, свечка, шырока выкарыстоўвалася ў ахоўных і ачышчальных рытуальных дзеяннях. На Беларусі існаваў абрад: калі сын ішоў у рэкруты (служыць у войска), маці падчас провадаў непрыметна, нябачна для ўсіх пераварочвала адзін з абразоў на бажніцы ў чырвоным куце абліччам да сцяны. Такія дзеянні здзяйснялі з адной мэтай: каб салдат вярнуўся дахаты і сам перавярнуў абраз тварам да сябе.

Імкнуліся, каб у кожнага члена сям'і была свая — імянная — ікона з выявай святога, якога лічылі заступнікам чалавека, што насіў яго імя. З іконай у варотах сустракалі набытую скаціну і благаслаўлялі, першы раз выганяючы жывёлу ўвесну на пашу.

Цяпер амаль ва ўсіх аўтамабілях можна ўбачыць прымацаваную каля руля так званую «падарожную» ікону. Такім чынам пацвярджаецца мудрая, шмат у чым прагматычная філасофія абачлівага беларуса, сфармуляваная ў кароткай прыказцы: «Без Бога — не да парога».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: molitvy.online

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.