Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Каб хто толькі ведаў, як я не люблю гэту «піліпаўку»! — са скрухай гаворыць мая сяброўка ў канцы кожнага лістапада.

«Можна падумаць, ёсць той, хто любіць», — заўважаю ў адказ.


І потым хвілін колькі мы яшчэ наракаем на самы пануры і змрочны час, што якраз цяпер пануе ў прыродзе.

Ну сапраўды, якія б рознымі ні былі нашы сезонныя прыхільнасці, але ў канцы лістапада з яго цёмнымі ранкамі ды густымі, як ноч, вечарамі прывабнага мала. Таму адзінае, што застаецца, — набрацца цярпення, каб перажыць, набрацца пазітыву.

«Ды дзе ж яго ўзяць, калі ўсе, каго ні паслухай, на нешта скардзяцца? — слушна заўважае сяброўка. — Ва ўсіх нейкія клопаты, праблемы».

Спрачацца з ёй не даводзіцца: што ёсць, тое ёсць, але ж пры жаданні чалавек заўсёды можа знайсці нагоду для ўсмешкі, можа адшукаць сабе «трохі сонца».

Упэўнена, у кожнага з нас — сярод родных, знаёмых, калег — знойдуцца людзі, якія, што называецца, носяць яго з сабой. Яны не абцяжарваюць іншых сваімі турботамі, хоць жывуць, вядома ж, не без іх, затое шчодра дзеляцца душэўным цяплом (найперш з тымі, хто «мерзне» ад непаразумення і адзіноты), спяшаюцца рабіць дабро — «падпрацоўваюць»... чараўнікамі і тым самым як бы прыспешваюць прыход Каляд і Новага года.

Аб тым, што святы не за гарамі, нагадваюць не толькі секцыі з ёлачнымі цацкамі ў гандлёвых цэнтрах ды віншавальныя адкрыткі на поштах, але і каляндар: хутка першы дзень зімы і першы снег, разам з якім павінна прыйсці спадзяванне на новае, больш светлае жыццё.

Ірына Матусевіч, Дзяржынскі раён


Многія ў нашым горадзе звяртаюць увагу на адзін з балконаў, што ў доме насупраць рынка. І не толькі таму, што пры ім усталяваны пандус. З вясны аж да позняй восені вакол гэтай канструкцыі цвітуць кветкі. А значыць, у кватэры жывуць людзі, якія, нягледзячы ні на што, умеюць ствараць прыгажосць — яшчэ і для іншых...

Гаспадар, Ігар Мікалаевіч, з дапамогай інваліднай каляскі перасоўваўся не заўсёды. Дзяцінства яго было напоўнена рознымі вясковымі забавамі і турботамі, а потым...

Пад коламі аўтамабіля загінуў яго сябар Юрка, а сам ён займеў хваробу, змаганне з якой расцягнулася на гады і нават дзесяцігоддзі.

Ігар Мікалаевіч з цеплынёй згадвае свайго дзеда, побач з якім, у вёсцы Дзяніскавічы, прайшло маленства. Як жа яны любілі разам завіхацца на пчальніку! «Бывала, пакусаюць крылатыя... Ды так, што, здаецца, і свету не ўбачыш, але ж віду не падаеш, — згадвае мужчына. — Перад дзедам сорамна. Трэба цярпець!»

Гэтая рыса — цярпенне — ці не найболей потым спатрэбілася яму ў жыцці. Як і жаданне не сядзець склаўшы рукі, а па магчымасці нешта рабіць, працаваць.

«У гады майго дзяцінства, — успамінае Ігар Мікалаевіч, — у калгасе ўсім хапала работы, нават падлеткам. На конях мы вазілі апілкі, салому, на іх жа ездзілі на дамбу купацца. А ўжо там са сваіх маленькіх торбачак даставалі лустачкі хлеба — хто з салам, хто з цукрам — і елі... Так смачна было!»

Пасля школы Ігар спрабаваў паступіць у віцебскі ўніверсітэт — стаць мастаком.

Там жа і тады ён зразумеў, што для гэтага мала ўмення маляваць партрэты родных ды перамалёўваць карыкатуры з «Вожыка»...

Але ж фарбы ды пэндзлі самавук не закінуў, хутчэй, наадварот, і цяпер з радасцю дорыць свае работы (найбольш пейзажы) сябрам і родным, некалькі карцін упрыгожваюць матуліну хату ў Дзяніскавічах.

...Не так даўно Ігару Мікалаевічу Швайку споўнілася 47 гадоў, і апошнім часам кожны дзень яго распісаны па хвілінах. Ён асвоіў камп'ютар і інтэрнэт, дзе не проста знаходзіць шмат карыснай інфармацыі... Даведаўся, напрыклад, пра лекавыя ўласцівасці глогу і на дзедавай сядзібе засадзіў ім цэлую плантацыю. Цікавіўся і займаўся гадоўляй трусоў...

А вось для душы ў яго была і застаецца... кухня. Часцяком ён любіць спячы торцік альбо шарлотку, разам з любай Надзеяй Яраславаўнай пасядзець за кубкам гарбаты.

Вось так і жыве ў штодзённых клопатах і звычных сямейных справах. З непрывычных — хіба вось гэта: «У мяне ёсць каляска, ёсць пандус, — кажа ён, — а што далей, калі амаль нікуды, без дапамогі іншых заехаць не магу? Праблема!»

Імі — самымі рознымі, часам невырашальнымі — жыццё выпрабоўвае многіх. І людзі слабейшыя могуць спасаваць, могуць апусціць рукі. Мацнейшыя, як той жа Ігар Мікалаевіч, выбіраюць жыццё.

Хай сабе і насуперак.

Таццяна Маляўка, Ганцавіцкі раён


...Зарплаты ў гэтай сям'і былі невялікія, таму ў час водпуску гаспадыня вырашыла паездзіць на так званыя сельгасработы. Грошай, ведала, адтуль не прывязеш, а вось агародніны — можна.

У першы дзень іх аўтобус спыніўся каля вялікага склада. Уздоўж сцяны там ляжала досыць высокая гара сухой цыбулі, якую трэба было насыпаць у сеткі па 10 і 20 кілаграмаў. Работа, вядома ж, не з лёгкіх, а калі ўлічыць, што ў складзе слупам, можна сказаць, стаяў пыл...

На добры толк, думала Ліза, тут патрэбны былі б рэспіратары. Але выдаваць ніхто не збіраўся: прыезджыя гараджане працавалі так, прычым вельмі стараліся, бо ведалі, што заробак кожнага залежыць ад колькасці запоўненых сетак.

Ліза свае, 20-кілаграмовыя, напаўняла з горам папалам, а яе новая прыяцелька Ніна, з якой поруч сядзелі ў аўтобусе, дык і наогул ледзь не адразу ж «сышла з дыстанцыі»...

У іншыя дні — на бураках, на моркве ды капусце — працаваць было трохі прасцей. У Лізы да таго ж з'явіўся вопыт. А потым і сумнае назіранне: многія людзі, з якімі яна разам ехала ў аўтобусе, разам працавала, усё заробленае адразу прадавалі, каб потым купіць віна ці гарэлкі. Такая была мэта паездак.

Ліза ж радавалася, што назапасіла гародніны амаль на ўсю зіму. А на сэканомленыя грошы зрабіла падарункі мужу і дзецям. Яна не шкадавала, што вось так правяла свой водпуск, бо верыла, што добрыя справы, як той бумеранг, вернуцца да яе любоўю, павагай і клопатам родных.

Таццяна Чэкед, г. Гомель.


Ёсць такая «прафесія»?

...Ягорку пяць гадоў, і хлопчык ён кемлівы, кампанейскі: пасля таго як сям'я пераехала ў новы дом, адразу ж пазнаёміўся са сваімі равеснікамі, стала, як дарослы, заводзіў гутарку з іх бацькамі, распытваў, як каго завуць, дзе жывуць, дзе працуюць...

Распытвалі, вядома ж, і яго.

— Мама мая, — ганарыўся хлопчык, — медсястра. Яна ў бальніцы працуе. Татка — на заводзе.

— А бабуля? — цікавіліся суразмоўцы.

— У краме, прадукты прадае.

— Ну а дзядуля твой чым займаецца?

— Ды гарэлку п'е...

— Ягорка, ну што ж ты так? — перапыніла малога маці. — Ён жа ў нас будаўнік.

— Так, працуе будаўніком, — згаджаецца хлопчык, — але ж дамоў прыходзіць якім?

— ?!

...Крыць, што называецца, няма чым.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы


Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.