Вы тут

Што хвалюе жыхароў Віцебшчыны?


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас прамой тэлефоннай лініі ў мінулую суботу за тры гадзіны выслухаў больш за трыццаць заяўнікаў.


Гэтым разам вельмі актыўна тэлефанавалі жыхары абласнога цэнтра. Напрыклад, паведамілі, што на вуліцы Багатырова ў мікрараёне Білева некалькі месяцаў не прыбіраюць прахадны двор.

А ў другой частцы Віцебска — на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў — у шматпавярховым доме праблема з вентыляцыйнай сістэмай. Заяўніца абуралася, што ў выніку пыл і бруд трапляюць у кватэры. Мікалай Шарснёў, дарэчы, сказаў, што і ў яго жыллі аналагічная бяда, даводзіцца лішні раз праветрываць, адчыняючы вокны...

Жыхарка дома па вуліцы Марка Шагала (былая «Праўды») абурана суседствам з шумнай начной кавярняй-клубам (знаходзіцца ў падвале дома — помніка архітэктуры па вуліцы Леніна). Маўляў, наведвальнікі выходзяць на вуліцу, каб пагаманіць, пакурыць, а то і адносіны высветліць... Прысутны ў кабінеце прадстаўнік УУС сказаў, што асаблівых праблем тыя, хто адпачывае ў кавярні, не ствараюць. Але па просьбе губернатара яшчэ больш узмоцніцца кантроль за парадкам.

Званок з Сенненскага раёна наконт забароны эколагаў нарыхтоўваць дровы актуальны для ўсёй краіны. Пенсіянер расказаў, што тэлефануе па просьбе землякоў. Сказаў, што нельга спілаваць сукі старых дрэў, кустоўя нават у ямах, каля дарог, у тых месцах, дзе па логіцы трэба наводзіць парадак. Мікалай Шарснёў і раней чуў пра гэта ад заяўнікаў. І чарговы сігнал стаў падставай для вывучэння мэтазгоднасці абмежаванняў, калі іх, як кажуць, ужо занадта. Губернатар агучыў ідэю запрасіць да абмеркавання тэмы ў Віцебску кіраўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Зразумела, здаровае дрэва пілаваць нельга! Але ў іншых выпадках?

Званок з Лёзненскага раёна таксама датычыўся дрэў. Жыхарка аграгарадка прасіла паспрыяць у спілоўванні старых дрэў на могілках. А таксама пацікавілася, калі вада з кранаў у жыллі будзе чыстая. На Віцебшчыне, між іншым, рэалізуецца адпаведная праграма па ўстаноўцы ў населеных пунктах глыбінкі станцый па ачыстцы вады паводле еўрапейскіх стандартаў. Губернатар запатрабаваў інфармаваць пра гэта людзей і распаўсюджваць канкрэтныя планы: калі і дзе будзе пабудаваны аб'ект. Чакаць засталося ўсяго некалькі гадоў — максімум тры.

Навапалачанка пацікавілася, ці пабудуюць анкалагічны комплекс, бо сваі ж забілі ў зямлю ў свой час. Кіраўнік Полацкага райвыканкама па просьбе губернатара пракаментаваў тэму. Каля дзесяці гадоў таму распачыналі будаўніцтва, але не хапіла грошай, каб дабудаваць. Ды яшчэ вельмі шмат спатрэбіцца фінансаў, каб аснасціць медыцынскую ўстанову неабходным абсталяваннем. Пры гэтым і ў Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры, як падкрэсліў губернатар, трэба яшчэ многае зрабіць, каб ён адпавядаў патрабаванням часу. Таму распыляць грошы неразумна.

Па традыцыі губернатар папрасіў свайго памочніка патэлефанаваць некаторым заяўнікам, каб пачуць ад іх, ці выканана ранейшае даручэнне, і даведацца, наколькі якасна.

Да гэтай прамой лініі Мікалай Шарснёў быў на сувязі з народам у ліпені і ў выніку даў 37 даручэнняў. З іх 30 выкананы. Усяго ў аблвыканкаме падчас аналагічных мерапрыемстваў зарэгістравалі сёлета 565 зваротаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв'ю: depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».