Вы тут

Унікальны веламаршрут па каралеўскім тракце рыхтуецца ў Гродне


Ён пачнецца ад дома былога гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза і завершыцца каля такога ж аб'екта ў польскай Сакулцы. Агульная працягласць маршрута — 60 кіламетраў, прыблізна па палове з кожнага боку. Падарожнічаць можна на звычайным ровары, тандэме або ровары з электрычнай цягай.


Кароль і каралева на ровары — не проста метафара, гэта лагатып трансгранічнага праекта, які з размахам пачаў рэалізоўвацца па абодва бакі беларуска-польскай граніцы. Аб яго значнасці сведчыць і бюджэт — 2,1 мільёна еўра. Гэтая сума падзелена паміж двума партнёрамі, беларускі бок атрымаў 1,1 мільёна еўра.

— Адсыл да каралеўскай эпохі невыпадковы, — тлумачыць кіраўнік праекта Сяргей Каляда. — Менавіта кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прызначыў таленавітага палітычнага дзеяча і свайго сябра Тызенгаўза гродзенскім старостам, які, у сваю чаргу, здзейсніў тут прамысловую рэвалюцыю. Другая палова XVІІІ стагоддзя была эпохай росквіту горада, тут ствараліся мануфактуры, адкрыўся першы тэатр, быў забудаваны цэнтр горада, дзе ў той час знаходзілася прыгарадная вёска Гарадніца.

Частка былой Гарадніцы захавалася да гэтай пары, у тым ліку і дом Тызенгаўза. Двухпавярховы асабняк размешчаны ў самым цэнтры гістарычнай часткі горада, на плошчы, якая носіць імя славутага рэфарматара. Менавіта адсюль і пачнецца веламаршрут, які звяжа два тыповыя будынкі ў Гродне і польскай Сакулцы. Абодва пабудаваны амаль 250 гадоў таму Тызенгаўзам па праектах праслаўленых італьянскіх архітэктараў Мёзера і дэ Сака. Абодва будынкі будуць трансфармаваны пад турыстычныя патрэбы.

— Гэта ўнікальны прадукт, якога пакуль у нас не было. Турыст зможа пазнаёміцца з агульнай гістарычнай спадчынай дзвюх краін, праехаўшы на ровары цераз граніцу па вызначанай веладарожцы. Яе пабудуюць вясной наступнага года, і часткова яна пройдзе не побач з аўтадарогай, а па прасецы. Маршрут ужо мае нумар — 434, — расказаў Сяргей Каляда.

Сам дом Тызенгаўза будзе прыстасаваны пад шматфункцыянальны турыстычны цэнтр. Цяпер тут вядуцца будаўнічыя работы. Усё начынне амаль разабрана, у тым ліку і старажытная плінфа, якая будзе выкарыстана паўторна. Сяргей Каляда звяртае ўвагу на рамы — яны дубовыя і захаваліся з часоў будаўніцтва. Пад столлю відаць пласты чароту. Аказваецца, такім чынам уцяплялі пабудову. Чарот у мэтах пажарнай бяспекі давядзецца замяніць, але кавалачак аўтэнтычнага матэрыялу застанецца для агляду.

Мяркуецца, што асноўная зала будзе вытрымана ў каралеўскім стылі — гэта зала для афіцыйных сустрэч, прыёму дэлегацый. Разам з тым — з сучасным медыйным начыннем. Каб яе пашырыць, будуць разабраны сцены і частка столі. Прадугледжана і канцэртная зала — у стылі музычнага салона. Яшчэ адзін важны штрых — карцінная галерэя, якая пераедзе з будынка насупраць. Цяпер выстаўка гродзенскіх мастакоў месціцца ў падвальным памяшканні гістарычнага будынка, таксама ўзведзенага Тызенгаўзам.

Паколькі аб'ект гістарычны, кожны крок патрабуе навуковага суправаджэння. Самай праблемнай часткай можна лічыць аднаўленне падвала, дзе трэба зрабіць гідраізаляцыю. Яна будзе весціся знутры падвальнага паверха, такі вопыт напрацаваны падчас будаўніцтва Аўгустоўскага канала. Гэта дасць магчымасць не мяняць фасадны выгляд будынка, ён захаваецца такі, як і 250 гадоў таму. А ў падвале размесціцца буфет. Будынак будзе абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя — пад'ёмнікам і ліфтам. Рэканструкцыя разлічана да лютага 2021 года. А вось веламаршрут будзе адкрыты значна раней. Плануецца, што першы заезд адбудзецца летам наступнага года падчас Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

— Да гэтага часу мы закупім ровары. Гэта і звычайныя двухколавыя, і тандэмы, і электраровары, і нават аднаколавы, — расказвае Сяргей Каляда. — Не ведаю, хто на ім паедзе, але ідэя такая ёсць. Першы прабег мяркуем зрабіць тэатралізаваным, а на тандэм пасадзіць «караля» і «каралеву». Адпаведныя касцюмы той эпохі таксама закупім. У будучыні мяркуем арганізоўваць такія прабегі сумесна з польскім бокам.

Сама ідэя стварэння незвычайнага маршруту таксама невыпадковая. Будынак, дзе раней размяшчаўся дзяржаўны гістарычны архіў, пяць гадоў таму пераехаў у іншае месца. Дом гродзенскага старосты пуставаў. Між тым гродзенцы мелі намер даць яму другое жыццё. Такім чынам і з'явілася ідэя сумеснага праекта, накіраванага на «ажыўленне» былой эпохі і ўзнаўленне славутага каралеўскага шляху з Вільні да Кракава.

Ёсць меркаванне, што ў гэтых дамах Тызенгаўз не жыў, а толькі прымаў падчас вандроўкі шляхетных асоб, у тым ліку і каралеўскіх. Цяпер гістарычныя будынкі звяжа веласіпедны маршрут. Дарэчы, польскі бок робіць у сябе інфармацыйны турыстычны цэнтр і майстэрні мастакоў і рамеснікаў. Там будынак крыху меншы, чым у Гродне.

На думку кіраўніка праекта, новая турыстычная «фішка» — яшчэ адзін крок да прыцягвання турыстычнага патоку, у тым ліку бязвізавага. Тут усё накіравана на тое, каб можна было цікава бавіць час не толькі ў сезон, але і круглы год.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Кароль і каралева сядуць на ровар...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».