Вы тут

Кожнае дзясятае злачынства звязана са сферай высокіх тэхналогій


Гэтай восенню Беларусь захліснула хваля масавага махлярства з банкаўскімі карткамі. Сутнасць злачыннага працэсу простая. Адбываецца званок на мабільны тэлефон. Суразмоўца на тым канцы дрота прадстаўляецца супрацоўнікам банка. Ён кажа, што, маўляў, з грашыма на рахунках адбываюцца махлярскія дзеянні. Крок за крокам, выкарыстоўваючы метады ўваходжання ў давер, ён выцягвае асабістыя дадзеныя і рэквізіты, якія тычацца аперацый з карткай. Пры гэтым у трубцы ствараецца імітацыя працоўнай абстаноўкі кол-цэнтра банка. І пры гэтым не маніць наконт махлярства — як толькі вы расказалі ўсе звесткі і коды (якія нельга паведамляць нават супрацоўнікам банка, пра што агаворваецца падчас выдачы карткі), грошы тут жа з рахунку знікнуць. Гаворка часам можа ісці аб тысячах рублёў... 


Фота: mygazeta.com

— Імклівае ўкараненне камп’ютарных тэхналогій не засталося без увагі як асобных злачынцаў, так і арганізаваных крымінальных груповак, — зазначыў начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Сяргей Гамко. — У тым ліку і тых, якія носяць транснацыянальны характар — у віртуальнай прасторы межы сціраюцца.

Адпаведна, кратна расце і колькасць кіберзлачынстваў. Калі летась за 10 месяцаў іх было зарэгістравана 3518, то сёлета за такі ж перыяд — ужо 7694.

— Кожнае дзясятае злачынства тычыцца сферы кіберпрасторы. Мы правялі спецыяльнае апытанне на тэму бяспекі ў камп’ютарнай галіне, — расказаў начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Вадзім Усціновіч. — Кожны дзявяты чалавек карыстаецца інтэрнэт-банкінгам, але толькі кожны пяты з іх адчувае сябе ў бяспецы. Фінансавая абароненасць мае патрэбу ва ўдасканаленні. Здзіўляе даверлівае стаўленне людзей і спадзяванні, што менавіта іх непрыемнасці абыдуць бокам. Але ў інфармацыйную бяспеку трэба ўкладваць грошы. Асабліва калі гаворка ідзе пра юрыдычных асоб. Аб якой бяспецы можна казаць, калі бухгалтар сыходзіць дадому і пакідае ключ з электронна-лічбавым подпісам у камп’ютары? 

Сёлета за правапарушэнні ў сферы высокіх тэхналогій ужо адказалі перад законам 1185 чалавек, сярод іх 432 да таго ўжо мелі судзімасць у сваёй біяграфіі. Расце і лічба ўрону — агульная сума яго вырасла сёлета больш чым у пяць разоў амаль да 6 мільёнаў рублёў! А ўдалося кампенсаваць толькі 2/3 гэтай сумы. Варта зазначыць, што летась гэты паказчык не перавышаў 20%.

Раней спецыялісты расказалі аб правілах бяспекі, што тычацца пластыкавых картак.

"Рэкорд" скрадзеных сёлета грошай - амаль 515 тысяч беларускіх рублёў. Ён быў пастаўлены сёлета. Вадзім Усціновіч адзначыў, што ўсё адбылося з-за таго, што арганізацыя не выконвала захады інфармацыйнай бяспекі.

Начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Кавалёў расказаў пра гэты выпадак падрабязней:

- Галоўны бухгалтар паведаміла пра гэта штатнаму "айцішніку". Пад вечар ён сказаў дырэктару, што зрабіць ужо нічога не можа. Толькі а 18-й гадзіне пра гэта стала вядома міліцыі, мы пачалі прадпрымаць пэўныя захады. Паўночы мы ўзаемадзейнічалі з усімі банкамі і аплатнымі сістэмамі, каб заблакаваць грошы. Частку ўдалося вярнуць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».