Вы тут

Пра самае галоўнае


Еду надоечы з паліклінікі і звяртаю ўвагу на яркі надпіс вялікімі літарамі на доўгім плоце, што закрывае будоўлю па вуліцы Маскоўскай: «Осень вновь напомнила душе о самом главном. Осень, я опять лишен покоя». Умеюць жа нашы будаўнікі зачапіць! Вядома, радкі Юрыя Шаўчука са славутага расійскага гурта «ДДТ» лепшыя, чым проста шэрая агароджа на фоне сумнага лістападаўскага пейзажу. Ды і на роздум падштурхоўваюць пра тое, што ўсё ж самае галоўнае і пра што можа нагадаць душы восень.


Як едзеш з паліклінікі, то міжволі згадаеш пра здароўе. Бо калі яго няма, самі ведаеце... Нядаўна з блізкім чалавекам давялося пахадзіць па калідорах МРЭКа. Гэта ўстанова, дзе прызначаюць групу інваліднасці. Сядзяць працаздольнага ўзросту мужчыны пасля інфарктаў, чакаюць чаргі. Сюды іх прывялі жонкі, і не з цікаўнасці — мужам ужо патрабуецца суправаджэнне. На адной лаўцы змучаныя хваробай сваіх палавін жанчыны расказваюць адна адной, як іх мужам паставілі трэцюю рабочую групу. Ну дзе ён знойдзе работу па сіле, асабліва калі раней працаваў рукамі? А ў іх, членаў камісіі, свае ўстаноўкі і нарматыўныя дакументы. Яны кажуць, што самаадчуванне і стан — гэта розныя рэчы. Выходзіць, калі адчуваеш сябе так, што ўпасці можна, але паказчыкі па выніках аналізаў і іншых абследаванняў не самыя горшыя, то вырашальнымі аказваюцца дакументы. Так што з усіх сіл трэба берагчы здароўе, захоўваць тое, што ёсць. Як толькі давесці гэта маладым, якія гадзінамі, а то і днямі ў адной позе слепяцца за смартфонамі. Потым жа яно вылезе хваробамі пазваночніка, вачэй, сардэчнымі праблемамі ад недахопу руху. Але пакуль здароўе ёсць, яго часцей за ўсё не заўважаюць.

Ну а каб адчуваць сябе здаравей, скажа вам любы, нават самы шараговы псіхолаг, трэба пазітыўна мысліць, з усяго заўважаць і выдзяляць добрае, умець радавацца жыццю... Лёгка сказаць, а ты ідзі парадуйся, калі хваробы адольваюць, альбо адзінота, альбо агульная неўладкаванасць, незадаволенасць работай ці вечны недахоп грошай. Ледзь не ў кожнага знойдзецца свая праблема, што, нібы той шашаль, падточвае нервы. Вось і ў паліклініцы тады сустрэла даўняга знаёмага. У былыя гады даволі часта выпадала кантактаваць па рабоце. Хварэе цяпер, па дактарах ходзіць, у бальніцах нярэдка ляжыць, хоць знешне трымаецца добра, пачуцця гумару не страціў. Заўсёды ведала яго як спецыяліста, роўных якому ў іх сферы пашукаць, да таго ж прамы па характары, не падхалім. Такіх не вельмі любяць і па службе стараюцца не прасоўваць. Вось і ён на пенсію выйшаў далёка не з кіруючай пасады. Разгаварыліся. Прама не кажа, але адчуваецца, што чалавек тоіць даўнюю крыўду за сваю нерэалізаванасць на рабоце. Яно і праўда, усім было б на карысць: краіне, вытворчасці, яму самому — калі б яго ў свой час паставілі кіраўніком, а не нейкага прыезджага выскачку. Ды, як той казаў, гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Можна яшчэ згадаць мудраца з яго геніяльным: «Усё праходзіць». І настае, відаць, той момант, калі не важна, што пра цябе думаюць ці гавораць іншыя: важнейшым выглядае, што з гэтай нагоды думаеш сам — як сябе ацэньваеш, чым ганарышся, за што саромеешся. З названых і падобных складнікаў можна нават вывесці своеасаблівую формулу чалавека. Заўважана многа-многа разоў: чым вышэйшы ўзровень чалавека ва ўсіх сэнсах, тым ён больш сціплы і просты. Таму не варта шкадаваць пра тое, што не збылося, чаго не паспеў, — у кожнага знойдзецца цэлы воз самых розных няспраўджаных надзей і спадзяванняў, нерэалізаваных амбіцый. Але ж калі ты адбыўся як чалавек, гэта значыць, нікога моцна не пакрыўдзіў, нікому не сапсаваў жыццё, а некаму, можа, дапамог, значыць, недарэмна жыў.

...Вось колькі перадумала, пакуль ехала ў аўтобусе, прачытаўшы плакат са словамі вядомай песні. І ўжо амаль перад маім прыпынкам на суседнім сядзенні прачнуўся маленькі хлопчык, што ад самай паліклінікі драмаў на руках у мамы. Соладка пазяхнуў, а потым сказаў ёй ціха: «Мамачка, я цябе так люблю!» Вось вам і адказ на ўсе пытанні пра галоўнае. Днямі вядомы артыст Уладзімір Співакоў пры атрыманні дзяржаўнай узнагароды сказаў у сваёй кароткай прамове нечаканае для такіх выпадкаў: «Рэчы створаныя для таго, каб імі карысталіся, а людзі створаныя для таго, каб іх любілі». Ну і праўда, калі ёсць з кім выпіць келіх добрага віна, абмеркаваць прачытаную кнігу альбо новы фільм, пагаварыць і памаўчаць, то гэта і ёсць галоўнае з многіх і многіх галоўных, што складаюць кожны дзень жыцця.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: topnovoje.mediasole.ru

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.