Вы тут

У Латвіі ўшанавалі памяць малодшага сына маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай


У Латвіі, на вайсковых брацкіх могілках хутара Ліекні, што ў Нікрацкай воласці Скрундскага краю, ушанавалі памяць Героя Савецкага Саюза яфрэйтара Пятра Купрыянава.


Манумент у го­нар ма­ці-па­тры­ёт­кі Куп­ры­я­на­вай у Жодзіне

Многія ведаць пра шасціфігурны помнік у Жодзіне, які называюць Манументам у гонар маці-патрыёткі Купрыянавай. Правобразамі яго сталі Анастасія Фамінічна ды пяцёра яе сыноў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Наймалодшы юнак, які ўвасоблены ў бронзе бліжэй да матулі, з аглядкай, развітальным поглядам сыходзіць ад яе — гэта й ёсць Пётр. 75 гадоў нядаўна споўнілася з часу гераічнай гібелі Пятра Іванавіча, якому пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У суботу, 2 лістапада, прадстаўнікі дыпмісій Беларусі ды Расіі ў Латвіі, Ліепайскай беларускай грамады “Мара”, Скрундскага самакіравання, пошукавікі, мясцовыя жыхары на вайсковых брацкіх могілках хутара Ліекні ўшанавалі памяць Героя.

Удзель­ні­кі па­мят­най імпрэзы ка­ля ме­ма­ры­яль­на­га ка­ме­ня на мес­цы подзвігу Пятра Куп­ры­я­на­ва

Нарадзіўся ж беларус у 1926 годзе ў Жодзіне, з мая 43-га па ліпень 44‑га быў сувязным, затым — кулямётчыкам партызанскай брыгады “Разгром”. Быў і разведчыкам, падрыўніком, удзельнічаў у разгромах варожых гарнізонаў. У ліпені 44‑га, калі Чырвоная армія выгнала фашыстаў з Беларусі, Купрыянаў сышоў добраахвотнікам на фронт. А 2 лістапада ў той жа год у баях па ліквідацыі акружанай фашысцкай групоўкі ў Прыбалтыцы па-геройску загінуў: грудзьмі закрыў амбразуру варожага дзота.

Памятная імпрэза доўжылася й на месцы гібелі Пятра Купрыянава, дзе ўсталяваны мемарыяльны камень. Пра яго летась, калі адзначалі на згаданых брацкіх могілках 74‑ю гадавіну з часу гібелі Героя, даведаліся актывісты суполкі “Мара”. Ім расказаў пра тое Сяргей Пятроў, кіраўнік пошукавага цэнтра “Либава” ды інтэрнэт-партала “НашаПобеда.LV”. Беларусы з Ліепаі за год прывялі месца ў парадак, плануюць даглядаць і надалей. Прадстаўнік “Мары”, грамадскі дзеяч Ліепаі Юры Хадаровіч, ускладаючы кветкі да каменя, заявіў: беларуская суполка бярэ шэфства над свяшчэнным месцам. Ён падзякаваў за аказаную дапамогу Амбасадзе Беларусі ў Латвіі, гаспадарам хутара Лідумніекі.

Юры расказаў, як, пачуўшы пра мемарыяльны камень, актывісты “Мары” вырашылі паехаць туды: гэта пару кіламетраў ад мемарыяла хутара Ліекні. Выбралі час, паехалі. Ды ўбачылі: невялічкі манумент апошнія гадоў 20 ніхто не даглядае, зарасло ўсё трохмятровым хмызняком. “Нават ценю сумненняў не ўзнікла ў нас, што з тым рабіць: самі будзем прыводзіць усё ў парадак! — згадваў Юры. — Абмеркавалі сітуацыю з супольнікамі, склалі план дзеянняў ды ў адзін з выхадных на машынах, з інструментам паехалі на суботнік. У першы дзень выпілавалі хмызняк, ачысцілі тэрыторыю вакол манумента.

Вік­тар Ян­цэ­ві­ч у часе пры­вя­дзен­ня мемарыяльнага мес­ца ў па­ра­дак

Наступным разам прывезлі жвір ды разраўнавалі тэрыторыю. А ў трэці заход умацавалі памятную пліту й пасадзілі дэкаратыўныя елачкі. Вялікі дзякуй кіраўніку суполкі “Мара” Віктару Янцэвічу: ён большую частку аргработ узяў на сябе. Цяпер месца выглядае належным чынам. Гэта ж як люстэрка нашай памяці пра маладога хлопца, які ў 18 гадоў здзейсніў подзвіг, аддаў сваё жыццё — каб мы сёння жылі. Пётр Купрыянаў, безумоўна, заслужыў, каб яго подзвіг не быў забыты, і каб ён быў заўсёды ў нашай памяці”.

Варта ўдакладніць: на добраўпарадкаванні мемарыяльнай тэрыторыі працавалі Сяргей Пятроў, Юры Хадаровіч, Віктар Янцэвіч, Вольга Грынюк, Павел Буйніцкі ды іншыя. Жыхарка ж мясцовага хутара Агрыта Барыса са шкадаваннем распавяла: доўга за каменем аніхто не прыглядаў. А за савецкім часам (Агрыта працавала тады ў нікрацкім саўгасе) памятнае месца падтрымлівалі ў парадку. “Калі я вучылася ў Нікрацкай школе, мы таксама ўвесь час прыбіралі тут, і на брацкіх могілках хутара Ліекні таксама”, — дадала яна. Прычым амаль штогод вучні школы ездзілі ўвосень у Жодзіна, каб ушанаваць памяць Пятра Купрыянава. “Мы нават былі там у 1979‑м на пахаванні яго маці, Анастасіі Фамінічны: яна пражыла амаль 107 гадоў. А пяць гадоў таму сюды прыязджала настаўніца з Жодзіна з сынам са школы імя П. І. Купрыянава. Таму я й падумала: сёння ж таксама нехта будзе з Беларусі. Я вельмі рада, што праз столькі гадоў сюды прыбыла такая дэлегацыя”, — гаварыла Агрыта Барыса.

Юры Хадаровіч ус­кла­дае квет­кі

Словы падзякі супляменнікам, усім, хто паўдзельнічаў у высакароднай справе, выказаў Часовы Павераны ў справах Беларусі ў Латвіі Аляксей Мацюхевіч: “2 лістапада ў Беларусі — гэта Дзень памяці продкаў, Дзяды. У некаторых мясцовасцях ходзяць на магілы родных, часцей — ладзяць у памяць пра Дзядоў абрадавую вячэру дома. Мы ўспамінаем усіх, каго памятаем і любім”. Дыпламат выказваў шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніцтву Скрундскага краю за дапамогу ва ўшанаванні герояў, за працу пошукавага атрада. Падзякаваў актывістам суполкі “Мара” за работу як з гэтымі, так і з іншымі помнікамі беларускім воінам. “Для нас гэта вельмі важна, — падкрэсліў Аляксей Мацюхевіч. — Беларусь памятала, памятае і заўсёды будзе памятаць нашых герояў”.

Ваенны аташэ Беларусі ў Латвіі Юры Харын уручыў суполцы “Мара”, яе старшыні Віктару Янцэвічу грамату ад Міністра абароны Беларусі — за вялікі асабісты ўнёсак у работу па захаванні памяці пра Вялікую Перамогу й пра тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тэкст пра баявы шлях Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава на месцы яго гібелі зачытаў намеснік старшыні Ліепайскага таварыства ваенных пенсіянераў Барыс Сакалоў. Памяць Героя ўшанавалі мінутай маўчання.

Ме­ма­ры­яль­ны ка­мень на мес­цы гі­бе­лі ге­роя

Памятная імпрэза праходзіла ў плыні Міжнароднай вахты памяці “Маздзелда 2019”. Вахту праводзілі з 30 кастрычніка па 4 лістапада рыжская пошукавая арганізацыя “Патриот”, расійскае пошукавае аб’яднанне “Военная археология” ды агульнарасійскі грамадскі рух “Поисковое движение России”, з удзелам пошукавікаў з Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі ды Украіны. Вахта памяці прымеркаваная была да 75‑й гадавіны кровапралітных баёў у раёне хутароў Дзелда й Маздзелда Нікрацкай воласці Скрундскага краю. У выніку пошукавых работ былі знойдзены астанкі шасці байцоў Чырвонай арміі.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая.

Фота Ігара Баброва

Даведка “ГР”. Манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі Купрыянавай у Жодзіне (город вядомы ў свеце вытворчасцю велізарных самазвалаў маркі БелАЗ) быў адкрыты 29 жніўня 1975 года. Якраз у той час у Мінску праходзіла Міжнародная сустрэча жанчын. Тады ж у складзе дэлегацыі ў Жодзіне была й наша знакамітая супляменніца Валянціна Мікалаева-Церашкова, першая ў свеце жанчына-касманаўтка. На адкрыцці манумента была й сама гераіня-маці Анастасія Фамінічна Купрыянава.

Аўтары Манумента Купрыянавай — архітэктар А. Трафімчук, скульптары А. Заспіцкі, І. Міско ды М. Рыжанкоў. За арыгінальнасць і высокамастацкае выкананне кампазіцыі калектыў аўтараў манумента ўдастоены быў Дзяржаўнай прэміі СССР (1977).

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».