Вы тут

Як не «згарэць» падчас дэкрэтнага водпуску


Эмацыянальнае выгаранне — паняцце, якое ўпершыню выкарыстаў амерыканскі псіхолаг Герберт Фрэйдэнбергер сорак пяць гадоў таму. У той час, на думку доктара, з такім сіндромам сутыкаліся людзі, перагружаныя эмацыянальнымі зносінамі, — лекары, настаўнікі, сацыяльныя работнікі. Сёння існуе яшчэ адна катэгорыя людзей, якой добра знаёмае такое паняцце, як «выгаранне», ці «знясіленне», арганізма, — гэта мамы ў дэкрэце.

Выраз «мама на нулі», напэўна, быў вядомы і раней, але неяк не было прынята гаварыць пра гэта ўслых. Некаторым жанчынам удавалася пераадолець такі стан, а іншыя маглі атрымаць нават псіхічнае расстройства — дэпрэсію. У Мінскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей стараюцца дапамагчы жанчынам, якім патрэбна эмацыянальная падтрымка. Тут адкрылі групу «Майстэрства быць мамай», дзе дзеляцца спосабамі, як не «згарэць» падчас дэкрэту. Псіхолаг Цэнтра і вядучая групы Святлана НАЗАРАНКА расказала, як распазнаць знясіленне, дапамагчы самой сабе, а ў якіх выпадках ужо неабходна звяртацца да псіхіятра.


— Што называюць выгараннем у жанчын, якія знаходзяцца ў дэкрэце?

— Калі гаварыць пра бацькоўскае выгаранне, то яго можна патлумачыць як эмацыянальнае нервовае знясіленне, пастаяннае адчуванне стомленасці. З'ява звязана з парушэннем балансу «браць — даваць», гэта значыць, чалавек шмат выкладваецца, а чаканага выніку няма. Сёння праблема эмацыянальнага знясілення вельмі актуальная, бо грамадства патрабуе ад жанчын ідэальна выконваць ролю маці, гаспадыні, жонкі... Нават не патрабуе, а ёсць нейкая ўстаноўка наконт таго, якой павінна быць жанчына-маці: стрыманай, клапатлівай, дагледжанай, у доме — ідэальны парадак, і яна павінна абавязкова радавацца, маўляў, для гэтага ж і нараджала. Але, вядома, так не атрымліваецца: немагчыма быць ідэальнай на ўсе сто.

— А як бывае? Ці часта звяртаюцца жанчыны ў дэкрэце па дапамогу?

— На самай справе жанчыны быццам і разумеюць, што ідэальнай быць немагчыма, праўда, толькі розумам... Сэрцам і справамі пасля нараджэння любімага дзіцяці многія паступова набіраюць «абароты», хочуць дасягнуць тых ста працэнтаў у кожнай задачы: кармленні, прагулках, прасаванні дзіцячага адзення ці іншым.

Часцей за ўсё да нас прыходзяць падчас перыяду, які я называю «магу яшчэ пацярпець». Гэта калі ўсё дрэнна, жанчына ўжо не адчувае сваіх патрэб, а толькі мае слова «павінна» ў галаве.

Праз пэўны час, калі не дапамагчы, пачынаецца стадыя «сіл ужо няма», але ўсё роўна жанчына працягвае дзейнічаць, праўда, яна перастае жыць «тут і цяпер» — уяўляе ў галаве той час, калі малое засне, ці проста чакае канца дня. Такой маці ўжо не прыносяць радасць адносіны з дзіцем.

Некаторыя прыходзяць да нас ужо на стадыі «ўсе вінаватыя» — гэта калі жанчына «зрываецца», але ў гэтым яна лічыць вінаватымі іншых, напрыклад, дзіця праблемнае, муж няўважлівы ці іншыя блізкія. Такі стан яшчэ можна назваць станам ахвяры. Але на самай справе гэта ахоўная псіхічная рэакцыя, маўляў, я ўсё яшчэ «нармальная».

Далей надыходзіць стадыя акцэнту на негатыўных эмоцыях. Вынікам такога стану можа стаць дэпрэсія, калі ўжо патрэбна дапамога псіхіятра.

Праблема ў тым, што жанчыны забываюць простую ісціну: дзеці адлюстроўваюць стан маці. І таму немагчыма зрабіць дзіця шчаслівым, пакуль адчуваеш няшчаснай сябе. Калі мама не ў гармоніі з сабой, то дзіця не можа ад яе напоўніцца станоўчымі эмоцыямі. І чым меншае дзіця, тым больш яно знаходзіцца ў залежнасці ад настрою мамы.

— А як можа ў маці быць добры настрой, калі дзіця, напрыклад, нарадзілася «гучнае», а мама гэткі меланхолік, ці, наадварот, малое нарадзілася ціхім і спакойным, а мама халерык і не можа доўга сядзець на месцы — як кажуць, не сышліся характарамі?..

— Вядома, усе розныя, так задумана прыродай, і гэта трэба ўлічваць, пра гэта трэба заяўляць, прамаўляць сваім блізкім, таму што яны не чытаюць думкі, неабходна вучыцца гаварыць пра свае пачуцці. Але, на жаль, сёння я бачу іншую карціну. Жанчына «ставіць» сабе нейкую забарону на пачуцці: ёй здаецца, што трэба быць ва ўсім роўнай і спакойнай. Але гэта не карысна! Лепей дазволіць сабе быць «дастаткова добрай маці», а не ідэальнай. Разумееце, ідэал статычны, не мяняецца, не развіваецца... А «дастаткова добрыя» могуць дазволіць сабе быць жывымі. Не трэба рабіць ідэальны свет вакол дзіцяці, трэба вучыцца жыць побач, паважаючы характар адно аднаго, не ціснуць ні на сябе, ні на малое, а дапамагаць спраўляцца з перажываннямі. З любой эмоцыяй, якая ўзнікае ў чалавека, перад тым як «развітацца», трэба спачатку «павітацца». Іншымі словамі, прызнаць і расказаць пра гэта.

— Як навучыцца падтрымліваць сябе, калі няма сіл?

— Галоўнае — прыняць рашэнне выходзіць з гэтага стану. І першым крокам можа стаць клопат пра сябе, усведамленне, што ты і ёсць самы першы і галоўны чалавек у сябе. Навучыцца прасіць дапамогі, бо гэта на дзіва цяжка даецца нашым людзям, дэлегаваць абавязкі іншым, агучваць свае патрэбы перад сабой і іншымі, адсочваць першыя прыкметы незадаволенасці чымсьці, прагаворваць іх, а не чакаць выбуху гневу.

У мяне некаторыя кліенткі выразна могуць сказаць, чаго хочуць і чакаюць ад іх сужэнец, дзеці, бацькі, грамадства, настаўнікі, але і сфармуляваць свае ўласныя патрэбы не могуць. Памятаю, прыйшла да мяне пара, дзе жанчына стала нервовая, маўляў, «выгарала» пасля нараджэння дзіцяці. Аказалася, маладая маці проста хоча спаць! Але яна нікога не прасіла пра гэта, проста рабіла «што трэба» суткамі без адпачынку. Далі ёй выспацца — і ўсё наладзілася. Але хто павінен сачыць за тым, каб яна высыпалася? Толькі яна сама. Муж быў у той сітуацыі гатовы і рады ёй дапамагчы. Таму другая парада «знясіленым» — памятаць пра свае базавыя патрэбы.

Ёсць некаторыя практыкаванні, каб дапамагчы сабе падчас дэкрэту і не застацца без рэсурсаў. Напрыклад, пакуль малое спіць ці глядзіць мульцікі, паляжаць 15 хвілін на падлозе, нібыта зазямліцца, і паразглядваць столь. Я матулям напамінаю пра гэта перыядычна, маўляў, «пыл ляжыць, і ты ляжы». Гэта дапамагае адцягнуць увагу ад хатняй мітусні.

Хоць у кожнай жанчынкі свая вітамінка. Некаму неабходны кубачак кавы ў цішыні, камусьці — пагартаць кнігу ці часопіс. Такія перапынкі трэба дазваляць сабе кожны дзень, таму што большая частка хатняй мітусні — у галаве.

Нельга забываць пра сваіх сябровак ці псіхолагаў, каб быў чалавек, з якім можна проста пагаварыць ці паскардзіцца. Некаторым дапамагае запісваць свае думкі ў дзённік.

— А што рабіць блізкім і сяброўкам, якія ўбачылі, што жанчына стамілася і знясілена?

— Слухаць! Слухаць безацэначна і без парад. У псіхолагаў гэта называецца «актыўнае слуханне». Прыняць пачуцці чалавека: маўляў, так, ты зараз стамілася, ты раззлавана. Канешне, ёсць сітуацыі, калі чалавек выгарае ад таго, што не можа прыняць пэўную жыццёвую сітуацыю, у якой аказаўся. І вось гэта «непрыняцце» забірае сілы. Тут лепш самому сябе пашкадаваць. А потым пастарацца змяніць характар думак: замест «за што мне гэта?» — «для чаго?», замест «мокнуць пад дажджом» — «гуляць пад дажджом». Нібыта змяніць пазіцыю ахвяры на пазіцыю аўтара сітуацыі.

— Што важна ведаць жанчыне, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску?

— Тое, што сама па сабе яна асоба ўнікальная, што, як і ўсе мы, яна мае права на любоў, і не трэба нікому даказваць, што ты харошая маці, жонка, дачка, сяброўка і г. д. Дзеці не нараджаюцца аднолькавымі, кожны малы — асобная планета, і нельга параўноўваць сваё дзіця з іншымі. Беражыце сувязь з сабой і не забывайце хваліць сябе за маленькія і вялікія перамогі, якія бачыце самі ў сабе толькі вы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: На нулі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.