Вы тут

Хто навучыць быць бацькамі і дзецьмі?


Нестабільнасць сям'і, наяўнасць у ёй аднаго дзіцяці, вечны недахоп часу ў бацькоў, адсутнасць кантакту са школай і педагагічных ведаў у мам і тат... Усё гэта, на думку спецыялістаў, негатыўна ўплывае на выхаванне малых. Каб дапамагчы мамам і татам гадаваць сваіх нашчадкаў і падтрымліваць іх у гэтай справе, у школах краіны плануюць стварыць універсітэты бацькоўства. Ужо ў 7-8 класах школьнікаў мяркуюць навучыць будаваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі і бесканфліктна вырашаць праблемы з дапамогай спецыяльных факультатываў. Усё гэта абмяркоўвалі спецыялісты з розных краін на міжнароднай канферэнцыі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.


У адным кірунку... ці ў розных?

Сям'я — найважнейшы інстытут, з якім чалавек судакранаецца практычна ўсё жыццё. Яе каштоўнасць застаецца прыярытэтнай для беларусаў. Пра гэта сведчыць агульны каэфіцыент шлюбнасці — адзін з самых высокіх сярод еўрапейскіх краін. Павялічваецца і склад сем'яў — летась каля 60 % немаўлят былі не першыя па ліку ў бацькоў. У краіне больш за 106 тысяч шматдзетных сем'яў. Беларусь займае высокую пазіцыю (34-е месца сярод 179 дзяржаў) у рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Незалежнай міжнароднай арганізацыі «Выратуем дзяцей», сцвярджаюць спецыялісты.

Разам з тым існуе шэраг праблем, якія патрабуюць вырашэння.

— У прыватнасці, гэта нестабільнасць інстытута сям'і і шлюбу — летась на тысячу шлюбаў прыйшлося 546 разводаў. У выніку больш за 25 тысяч дзяцей засталіся без аднаго з бацькоў, — сцвярджае Аляксандр ЖУК, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. — Мы назіраем і зніжэнне маральнай адказнасці бацькоў за ўтрыманне і выхаванне дзяцей. Адсюль шмат сацыяльных сірот. Недастатковая і псіхолага-педагагічная падрыхтоўка моладзі да сямейнага жыцця.

Змены, якія адбыліся ў жыцці грамадства, прывялі да парушэння ўзаемасувязі ў некалі трывалай сістэме: школа—сям'я—грамадскасць—вытворчасць. А новыя арганізацыі дапамогі сям'і — клубы, цэнтры, кансультацыі — недастаткова распаўсюджаны, кантакты з такімі ўстановамі маюць разавы характар. Таму асноўнай рэальнай структурай, здольнай аказваць дапамогу сям'і, застаецца школа, упэўнены Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі:

— Сям'я ўплывае на дзіця штодня, таму мае амаль неабмежаваныя магчымасці фарміравання яго асабістых якасцяў. Аднак часта сям'я і школа ўздзейнічаюць на малога рознанакіравана, а гэта прыводзіць да сацыяльнай канфрантацыі і ўзаемнага непаразумення. Спектр узаемадзеяння школы і сям'і звузіўся да пытанняў навучання, паводзін школьніка і матэрыяльнай падтрымкі ўстаноў адукацыі. Аднак без дапамогі сям'і школа не забяспечыць належных вынікаў выхавання.

Бацькі павінны ўмець аналізаваць дзейнасць і паводзіны сваіх дзяцей і выхоўваць іх, упэўнены навукоўцы. Яны настойваюць на неабходнасці работы па павышэнні псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, для чаго па ініцыятыве БДПУ будзе распрацавана і ўведзена ў школах краіны праграма бацькоўскіх універсітэтаў як сістэмы работы з татамі і мамамі. Важна ўбачыць гэтую работу ад бацькоў першакласніка да выпускніка, падкрэсліў намеснік міністра.

Універсітэт — у кожнай школе

Вырашыць праблему фарміравання псіхалагічнай культуры вучняў, прынамсі, міжасабовыя канфлікты паміж школьнікамі, закліканы факультатывы для навучэнцаў 7—9 класаў па асновах псіхалогіі.

— Трэба пашырыць падрыхтоўку па спецыяльнасці «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога». У краіне сёння недахоп сацыяльна-педагагічных псіхолагаў, — кажа Аляксандр Кадлубай. — Неабходна ўмацаваць практыка-арыентаваную падрыхтоўку педагогаў, пашырыць аб'ём практыкі будучых педагогаў у школах, праводзіць больш заняткаў са студэнтамі ва ўстановах адукацыі. Важна падняць на новы ўзровень работу раённых навукова-метадычных аб'яднанняў і педагогаў па фарміраванні псіхалагічных ведаў, рабоце з дзецьмі і ўзаемадзеянні з бацькамі.

Рэктар педуніверсітэта расказаў, што робіцца для вырашэння бацькоўска-дзіцяча-школьных праблем. Напрыклад, праект «Здаровая сям'я — здаровая нацыя», зладжаны ў 2016—2018 гадах універсітэтам сумесна з Беларускім саюзам жанчын, меў на мэце сфарміраваць у грамадстве каштоўнасці сямейных адносін і адказнасць за нараджэнне і выхаванне дзяцей. Актуальныя вынікі праекта ўжо ўкараняюцца ў практыку работы школ і ўстаноў сацыяльнай абароны насельніцтва.

Фарміраванню каштоўнасцяў сям'і паспрыяў і рэспубліканскі ўрок сямейнага жыцця напярэдадні Дня маці. Старшакласнікам уручылі памяткі «Табе, будучы сем'янін». У некаторых школах у выпускных класах выкладаецца факультатыў «Асновы сямейнага жыцця». Штогод праводзіцца конкурс творчых работ «Гімн маці». У педуніверсітэце працуе клуб «Сям'я», а таксама суполка «Гарманічная сям'я» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

— Нашы вучоныя распрацавалі праграму трохступеньчатага ўніверсітэта бацькоўскіх ведаў. Першая прыступка — «Маё дзіця — малодшы школьнік», другая — «Маё дзіця — падлетак», трэцяя — «Маё дзіця — старшакласнік». Важна, каб Міністэрства адукацыі падтрымала стварэнне такіх універсітэтаў у кожнай школе, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Найважнейшы кампанент падтрымкі бацькоўства — падрыхтоўка педагогаў да работы з сям'ёй, і мы за апошнія тры гады стварылі ва ўніверсітэце рэсурсны цэнтр, які забяспечвае сучасную падрыхтоўку педагогаў. Перш за ўсё гэта рэспубліканскі цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій, на базе якога праведзена ўжо звыш 40 семінараў для педагогаў і псіхолагаў. Сёлета створаны рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які дапамагае вырашаць дакладныя праблемныя сітуацыі навучэнцаў, студэнтаў, бацькоў і педработнікаў.

Фё­дар ПОЎ­НЫ, на­ста­я­цель Усіхс­вяц­ка­га пры­хо­да і Аляк­сандр КАД­ЛУ­БАЙ, на­мес­нік мі­ніст­ра аду­ка­цыі.

Любоў выратуе свет

Навучанне і выхаванне — адзіны адукацыйны працэс, лічаць педагогі. Зірнуць на яго з іншага боку прапанаваў Фёдар ПОЎНЫ, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода, які мяркуе, што «настаўнік навучае дзяцей, а святар выхоўвае душы, і нам па дарозе». Ён падзяліўся сваімі думкамі пра выхаванне патрыятызму і любові да малой радзімы, а таксама пра ролю сучаснага настаўніка ў жыцці вучняў:

— Патрыятызм не нацыянальны. Аднак пры гэтым ён не касмапалітычны. Патрыятызмам нельга назваць любоў да дзяржавы як да пэўнага палітычнага ладу. У той жа час гэта не проста прывязка да месца нараджэння. Мне думаецца, любоў да зямной айчыны мае адну прыроду з любоўю да бацькоў. Ды і ў цэлым патрыятызм — гэта пра любоў, пра пачуцці. Бацькоў любяць не за штосьці, а за дар жыцця. Маці і бацьку забаронена не любіць. Нават калі нам здаецца, што яны несучасныя, адсталыя. Яны далі нам шанц стаць святымі. Я так шмат гавару пра любоў, бо ў школе пра яе не гавораць.

Каб умець безумоўна любіць сваіх бацькоў, трэба, каб наша пакорлівасць была вышэйшая за наш гонар, сцвярджае святар. Ён заклікае паказваць сваім дзецям уласны прыклад, праяўляючы любоў і павагу да маці, якая, скажам, не маючы вышэйшай адукацыі, павучае сына-прафесара.

— Дзецям у школе кажуць пра правы, але не гавораць пра адказнасць, у тым ліку духоўную. Трэба, каб каштоўнасць жыцця як такога ў нашай дарослай свядомасці не вымяралася камфортам і дабротамі. На якія каштоўнасці раўняцца моладзі? Дзяцей не ўцягваюць у вучобу, работу, дабрачыннасць. Іх забаўляюць. І ў шэсць гадоў, і ў шаснаццаць. І настаўнік становіцца не тым, хто перадае каштоўнасці, а часта ператвараецца ў цыркача, акцёра, пастаўшчыка паслуг. А «каштоўнасці», якія прапаведуе інтэрнэт, — гэта спажыванне, распуста і ганарлівасць.

Сям'я ці дом састарэлых?

Клапоцячыся пра дзяцей, нельга забываць, што ўсе бацькі з часам старэюць, і ўжо дзецям даводзіцца даглядаць іх. Пажылых робіцца ўсё больш, і не толькі ў Беларусі. А клапаціцца пра іх досыць складана, асабліва пра тых, хто пакутуе на дэменцыю. Пра вопыт клопату аб пажылых людзях у Германіі расказала герантолаг Хелена ІГНАЦЫ, віцэ-прэзідэнт Евангелічнай вышэйшай школы прыкладных навук Нюрнберга (Германія).

Яны, як правіла, застаюцца жыць у сем'ях, і маладзейшыя члены сям'і вымушаны шукаць шляхі, каб клапаціцца пра іх. Ці то кідаць работу, бо такі чалавек патрабуе пастаяннага догляду, ці то ўладкоўваць яго ў дом састарэлых, якіх у краіне, як і сацыяльных спецыялістаў, здольных аказваць кваліфікаваную дапамогу, недастаткова.

— Каля 20 % насельніцтва Германіі старэйшыя за 65 гадоў. А працягласць жыцця ў сярэднім 85 гадоў. Кожны трэці састарэлы пакутуе ад дэменцыі. У краіне існуе страхоўка па доглядзе, каб пакрываць расходы на спецыялістаў, аднак іх усё роўна не хапае, бо клапаціцца пра такіх людзей трэба 24 гадзіны ў суткі, — сказала прафесар Ігнацы. — Сем'і вымушаны прыцягваць сядзелак з усходніх краін: Польшчы, Украіны, Славеніі. І часам гэта адбываецца нелегальна. Аднак нямецкія сем'і лічаць такое становішча вельмі зручным. Спецыялістам жа з-за мяжы падобная работа ад шасці тыдняў да трох месяцаў таксама даспадобы. Гэта добры варыянт для ўсіх, бо сем'ям не трэба адпраўляць бацькоў у дом састарэлых, дзе ўсё значна даражэй, а замежным спецыялістам можна плаціць да 1500 еўра ў месяц — адносна нямнога.

Даследаванні, праведзеныя з прыцягненнем польскіх спецыялістаў, дазволілі высветліць умовы, асаблівасці і рызыкі такой работы. Аказалася, што большасць прыезджых не ведае нямецкай мовы і вывучае яе непасрэдна ў сям'і. Многія не валодаюць неабходнымі навыкамі па доглядзе за людзьмі з дэменцыяй, аднак мелі досвед клопату за ўласнымі бацькамі, 96 % з іх працуюць нелегальна і не могуць звярнуцца па падтрымку ні да кога, калі іх правы парушаюць. І ўсё ж большасць сядзелак кажуць, што будуць ездзіць на заробкі, пакуль у стане гэта рабіць і пакуль гэта патрэбна немцам.

Ад тэорыі да практыкі

Досведам работы па ўмацаванні інстытута сям'і ва Узбекістане падзялілася Айніса МУСУРМАНАВА, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі Узбекскага дзяржаўнага ўніверсітэта сусветных моў.

Работа ў краіне вядзецца ў трох кірунках — дзяржаўная падтрымка, няўрадавыя арганізацыі і навукова-даследчая работа па ўмацаванні сям'і і падтрымцы жанчын.

— Асаблівае месца займае рэспубліканскі цэнтр «Сям'я» пры кабінеце міністраў, які займаецца і навуковай, і практычнай работай, — паведаміла яна. — Цэнтр нанова створаны ўказам прэзідэнта ад 2 лютага 2018 года аб мерах па карэнным удасканаленні дзейнасці па падтрымцы жанчын і ўмацаванні інстытута сям'і. Да гэтага, з 1998-га, цэнтр функцыянаваў пры камітэце жанчын. Цяпер жа дырэктар Цэнтра прыраўноўваецца да міністра, а намеснік дырэктара — да намесніка міністра.

Цэнтр каардынуе дзейнасць дзяржарганізацый і грамадскіх інстытутаў па рэалізацыі дзяржпалітыкі ў галіне сям'і. Асноўныя яго задачы — правядзенне фундаментальных, прыкладных і інавацыйных даследаванняў па пытаннях сям'і, рэпрадуктыўнага здароўя і дэмакратычнага развіцця, практычная рэалізацыя прапаноў, а таксама кансультатыўная і практычная дапамога сем'ям. Арганізоўваюцца і спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў па рабоце з сем'ямі.

У Цэнтры працуе 428 чалавек: юрысты, філосафы, гісторыкі, антраполагі, этнографы, медыкі, палітолагі, псіхолагі, эканамісты і іншыя, і гэта без уліку прыцягнутых вучоных і валанцёраў. Пры ім нават зарэгістраваны навуковы часопіс «Грамадства, гендар і сям'я ў Цэнтральнай Азіі».

Як бачым, у кожнай краіны свой шлях клопату пра дзяцей і бацькоў. Галоўнае, каб ён вёў да ўзаемаразумення.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.