Вы тут

З 1 снежня да 15 студзеня ў сталіцы пройдуць навагоднія мерапрыемствы


З 1 снежня да 15 студзеня ў сталіцы пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Новага года. Масавыя гулянні разгорнуцца на 24 пляцоўках. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр ШАСТАКОЎ.


Фота: hab.aif.ru

— У кожным раёне адбудуцца канцэртныя праграмы, навагоднія прадстаўленні, спартыўныя спаборніцтвы і іншыя забавы. З 14 снежня на пляцоўцы каля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы адкрыецца святочны «Калядны кірмаш». У Верхнім горадзе на Нямізе з 28 снежня да 5 студзеня каля ратушы можна будзе ўбачыць казачны спектакль «Чароўная скрыначка Дзеда Мароза»: 28 снежня — у 20.00, з 29 снежня да 5 студзеня — у 17.30 і 20.00. Шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак стартуе 28 снежня ў 17.00. Каля тысячы яго ўдзельнікаў пройдзе па традыцыйным маршруце ад плошчы Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы. Завершыцца парад прадстаўленнем музычнай казкі «Навагодні зарапад».

Аляксандр Шастакоў адзначыў, што ў навагоднюю ноч гулянне пачнецца за паўгадзіны да поўначы, старт — на Кастрычніцкай плошчы. Завершыцца яно ў чатыры гадзіны раніцы. Навагодні феерверк можна будзе ўбачыць на пляцоўцы каля Палаца спорту ў 1.30 ночы, працягнецца ён 11 хвілін у суправаджэнні лазернага шоу. Далей пачнецца насычаная музычная праграма, у якой возьмуць удзел папулярныя беларускія спевакі і дыджэі.

У сталіцы для дзяцей і падлеткаў запланавана больш за 550 навагодніх мерапрыемстваў. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея ВЯЛІКАЯ.

— 24 снежня пройдзе Галоўная ёлка краіны, на якой традыцыйна будзе прысутнічаць кіраўнік дзяржавы. Свята ў Палацы Рэспублікі збярэ больш за 1500 дзяцей. Упершыню ў сталіцы на базе Палаца дзяцей і моладзі 21 снежня адбудзецца «Навагодні баль у Палацы». Яго госці — навучэнцы 11 класаў, каледжаў і прадстаўнікі ВНУ. Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» запланавана ў краіне з 9 снежня да 10 студзеня.

У зімовы перыяд у горадзе плануецца шмат спартыўных мерапрыемстваў. Аб іх арганізацыі расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму — начальнік аддзела фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму Мінгарвыканкама Васіль КАСАЧ.

— Для дзяцей і падлеткаў з 2 да 10 снежня пройдуць спаборніцтвы па хакеі «Залатая шайба». З 9 да 15 снежня на базе «Чыжоўка-Арэны» адбудзецца чэмпіянат свету па хакеі сярод маладзёжных камандаў. Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі запланаваны з 3 да 7 студзеня. Акрамя таго, на гарадской лыжаролернай трасе «Вяснянка» з 23 да 25 студзеня будуць арганізаваны спаборніцтвы па біятлоне «Снежны снайпер», у лютым — спартыўнае свята «Мінская лыжня». Дакладная дата яго правядзення будзе вызначана ў залежнасці ад умоў надвор'я. Спартыўна-масавыя мерапрыемствы пройдуць і ў раёнах сталіцы.

Васіль Касач нагадаў, што з надыходам устойлівай мінусавай тэмпературы ў Мінску пачнуць працаваць 48 адкрытых каткоў. Таксама ў кожным з раёнаў горада будуць месцы для катання на цюбінгах.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: У чаканні навагодняй казкі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».