Вы тут

Таленты і робаты


Нядаўна беларуская каманда вярнулася з залатымі медалямі з конкурсу па робататэхніцы ў Дубаі: яна прызнана лепшай сярод 189 каманд свету! Цікава: што хаваецца “за кулісамі” сенсацыйнай перамогі?


“Залатая” каманда і яе трэнер

Робататэхніка ў Беларусі — модны занятак. Прычым займаюцца ёй прафесіяналы, адзін з якіх — малады мінскі выкладчык Аляксандр Францкевіч. Якраз падрыхтаваная ім каманда Robo4U перамагла на конкурсе па робататэхніцы й праграмаванні FІRST Global Challenge ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Уявіце сабе: лепшая сярод 189 каманд свету! Дваіх школьнікаў, траіх студэнтаў ды іх трэнера цёпла, з вялікай пашанай сустракалі на Радзіме.

Як выхоўваюць чэмпіёнаў такога ўзроўню? Пра тое мы гутарылі з іх трэнерам.

Дзе знайсці будучага чэмпіёна?

Яму ўдалося сабраць моцную каманду, згуртаваць яе, давесці да перамогі. Аляксандр Францкевіч лічыць, што мае ўнутранае адчуванне “кандыдатаў у чэмпіёны”: “Магу навучаць базавым ведам па праграмаванні, а калі заўважаю ў дзіцячых вачах іскрынку, бачу запал, цікаўнасць, самастойнасць, самадысцыпліну — тады запрашаю вучня ў каманду, што рыхтуецца да конкурсаў. Вельмі важная самадысцыпліна: у нас на заняткі, напрыклад, ніхто не спазняецца. Падрыхтоўка да конкурсаў патрабуе вялікіх высілкаў, шмат часу. Але многія мае вучні ўсюды паспяваюць”.

Галоўная пляцоўка, дзе шліфуюцца таленты, — у лабараторыі кампаніі Іtransіtіon, міжнароднага пастаўшчыка ІТ-рашэнняў і паслуг. Там ёсць цэлы кабінет, у якім збіраюць робатаў. Заўсёды адчынены для хлопцаў і дзверы Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка: там Францкевіч працуе выкладчыкам.

Аляксандр Францкевіч: “З усяго гэтага й збіраем робатаў”

А ў 50‑й мінскай гімназіі ён — педагог дадатковай адукацыі па сумяшчальніцтве, займаецца з вучнямі стварэннем робатаў для ўдзелу ў навукова-даследчых конкурсах. У гімназіі пад яго кіраўніцтвам “па робатах” навучаецца каля 100 гімназістаў.

Першыя заняткі ў згаданай лабараторыі, на якія прыйшлі трое сённяшніх чэмпіёнаў, Аляксандр Францкевіч пачаў праводзіць у 2014 годзе. Тады для школьнікаў ладзілі Мінскі адкрыты робатурнір, у якім і яго вучні паспяхова паўдзельнічалі. Праз год — новы поспех: выхаванцы Францкевіча прайшлі конкурсны адбор на Сусветную алімпіяду па робататэхніцы. Прадстаўлялі Беларусь на спаборніцтвах у Катары, дзе гулялі ў робафутбол. Адзін з юнакоў, які там быў, сёлета патрапіў і ў Дубай.

На конкурс, арганізаваны міжнароднай асацыяцыяй Іnternatіonal Fіrst Commіttee Assocіatіon (была заснаваная вядомым амерыканскім вынаходнікам Дзінам Кейменам у 2016‑м як пашырэнне Fіrst), вучні Францкевіча паехалі ўпершыню ў 2017 годзе. Дарэчы, хлопцы памятаюць, як на адкрыцці-закрыцці прэстыжных спаборніцтваў каля Белага дома іх вітала Іванка Мары Трамп, дачка Прэзідэнта ЗША. У 2018‑м на фінал аналагічных спаборніцтваў беларусы паехалі ў Мексіку. Так што да трэцяга, сёлетняга конкурсу ў Дубаі каманда рыхтавалася ўжо з улікам свайго папярэдняга досведу.

Сёлета конкурс FІRST Global Challenge прайшоў пад назвай “Ocean Opportunіtіes” і стаў першым конкурсам, зладжаным за межамі Паўночнай Амерыкі. “Мы не спадзяваліся, што атрымаем першае месца, хоць і бачылі, які добры ў нас атрымаўся робат. Ад розных неспадзевак ніхто ж не застрахаваны: скажам, у робата мог адысці кантакт провада, як тое здарылася ў Мексіцы, маглі ўзнікнуць праблемы з WІ-FІ ды што іншае, — тлумачыць трэнер. — І не ўсё залежыць ад адной каманды, бо ў часе спаборніцтваў яна выступае ў альянсе з дзвюма іншымі. Хлопцы супакойвалі сябе думкай, што выступяць добра, што называецца, без якіх-небудзь “касякоў”. Так і казалі: “Паедзем і выступім без касякоў”. А вось атрымалася, што выйшлі на першае месца. Можаце ўявіць сабе, колькі было радасці!”.

На конкурсе ў Дубаі была пастаўлена эказадача: пачысціць акіян ад забруджвальных рэчываў. Два альянсы па тры каманды з дапамогай робатаў павінны былі сабраць вялікія й маленькія шарыкі, што імітавалі тыя рэчывы, у зоны апрацоўкі ды перапрацоўчую баржу. Апошняя мела некалькі ўзроўняў: больш высокія з іх давалі й больш ачкоў. І беларускія юнакі ды іх робат з задачай справіліся. Спецыялісты высока ацанілі беларускую інжынерную думку, выкарыстаную ў праекце. Перамога стала магчымаю й таму, што каманда Robo4U змагла ўстанавіць добрыя стасункі з камандамі з іншых краін. На пэўным этапе спаборніцтваў яе аб’явілі “капітанам альянсу”: яна магла кіраваць тактыкай гульні. Альянс беларусаў з камандамі з Малдовы, Нарвегіі ды з камандай бежанцаў з Сірыі прывёў да перамогі. У 9 раундах, з якіх складалася гульня, беларусы выступілі ў альянсе з 26 замежнымі камандамі. Усяго на адным полі пабывала 54 каманды з розных краін. Мінчане прадэманстравалі свае здольнасці, а таксама пазнаёміліся з удзельнікамі з іншых краін.

Поспехі вучняў — узнагарода настаўніку

Аляксандр Францкевіч гатовы доўга расказваць пра таленавітых вучняў, якія дасягнулі “залатога” поспеху ў Дубаі.

Горад Дубай гасцінна сустрэў беларусаў

Яўгена Говара, студэнта факультэта радыёфізікі й камп’ютарных тэхналогій БДУ, ён нездарма выдзеліў як капітана каманды. У хлопца ёсць здольнасці лідара, імкненне кіраваць, але не як у кар’ерыста: Яўген добры па натуры, клапоціцца пра іншых у камандзе. Ён з 2015 года неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтваў па робататэхніцы і ў Беларусі, і ў замежжы.

Аляксандр Кульша, студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржуніверсітэта інфарматыкі й радыёэлектронікі, са сваёй цудоўнай англійскай мовай выручаў каманду перад журналістамі. Нікому, пэўна, і ў галаву не прыходзіла, што вывучаў ён замежную мову ў Беларусі. Аляксандр канструяваў робата для конкурса разам з іншымі.

Максім Шпілеўскі, студэнт факультэта прыкладной матэматыкі ды інфарматыкі БДУ, з сям’і медыкаў. Вялікае жаданне займацца праграмаваннем у яго выклікаў прыклад старэйшага брата-праграміста. Ён гатовы займацца робатамі кожны дзень і да позняга вечара.

У Самуіла Алексіна, школьніка, настаўнік адзначае вялікую культуру зносін і самадысцыпліну. Ён ходзіць на курсы па ваджэнні аўтамабіля, заканчвае курсы польскай мовы ды яшчэ й “робата”-чэмпіёнам стаў. Хлопец здольны падаваць такія канструктарскія ідэі, што пераварочваюць ранейшыя ўяўленні.

Цімафей Латушка — таксама яшчэ школьнік, далучыўся да каманды сёлета, хоць ІТ-тэхналогіямі захапляецца тры гады. Цімафей — “душа сваёй каманды”. На спаборніцтвах ён дапамагаў наладжваць ёй добрыя стасункі з іншымі камандамі з альянсу. Ён і сачыў, каб усе правады ў робата былі на месцы, не было тэхнічных збояў. Дзякуючы таму беларусы й выступілі ўдала. Перамогшы ў Дубаі, лічыць Аляксандр Францкевіч, яны добра заявілі пра беларускую школу робататэхнікі на ўвесь свет.

Конкурс FІRST Global Challenge праводзіцца для ўдзельнікаў да 18 гадоў, і старэйшыя юнакі з беларускай каманды ў наступным годзе ўжо не змогуць на яго патрапіць. Але трэнер спадзяецца, што ў хуткім часе хлопцы будуць ужо мець дастаткова досведу, каб паехаць туды ў якасці мэтраў замест яго. Ведаў, здольнасцяў, талентаў у іх, на думку Аляксандра Аляксандравіча, хапае.

Праграма для робата

Заняткі па робататэхніцы, лічыць мой субяседнік, карысныя для кожнага. Яны развіваюць алгарытмічнае мыслення. А такое мысленне — алгарытмічнае — патрэбнае і ў паўсядзённасці: з ім прасцей, напрыклад, скласці графік працоўнага дня ды зрабіць шмат чаго яшчэ.

Сам Аляксандр Францкевіч пазнаёміўся “па шчаслівай выпадковасці” з робататэхнікай, калі яна яшчэ не была такой моднай з’явай: 10 гадоў назад. У 2009‑м ён, студэнт 3‑га курса матэматычнага факультэта БДПУ, быў уключаны ў адзін праект, звязаны з навучаннем дзяцей. Былыя выхадцы з Беларусі ў Амерыцы жадалі пазнаёміць сваіх дзяцей з Бацькаўшчынай, зладзілі для іх пад Мінскам летні лагер, дзе выкладаліся веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Арганізатары прывезлі з сабой і робатаў. Аляксандр зацікавіўся іх стварэннем. Тады было цяжка знайсці ў інтэрнэце кіраўніцтва па іх складанні. Студэнт Францкевіч, што называецца, метадам спроб і памылак сам даведваўся, што да чаго. Ва ўсіх складанасцях разабраўся самастойна ды праз год пачаў займацца навучаннем дзяцей праграмаванню з выкарыстаннем робататэхнічных набораў. “Я ўбачыў у тым вялікі патэнцыял, — удакладняе Аляксандр Францкевіч. — Не сакрэт: праграмаванне многім дзецям падаецца сумным працэсам. А праграмаванне з дапамогай робата выклікае ў іх цікаўнасць”. Робататэхніка, на яго думку, не павінна ўспрымацца толькі як модны павеў, бо гэта ў першую чаргу сродак развіцця ўменняў, набыцця новых ведаў.

Залатыя медалі пераможцаў

Як выкладчыка кафедры інфарматыкі й методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ і навукоўцу, яго цікавяць высокія тэхналогіі ў адукацыі. Аляксандр Францкевіч распрацоўвае методыкі выкладання адукацыйнай робататэхнікі, методыкі выкладання інфарматыкі. Восем праграм факультатыўных заняткаў выкладчыка зацверджаны Мінадукацыі Беларусі ды апрабоўваюцца ў школах з 2016 года. Па яго методыцы выкарыстання візуальнай мовы праграмавання прайшлі педагагічныя эксперыменты ў многіх школах краіны. Аляксандр Аляксандравіч гаворыць: якраз тую методыку ён і прымяніў пры падрыхтоўцы вучняў да спаборніцтваў у Дубаі.

А візуалізаванае праграмаванне — гэта што? Уявіце сабе: праграма ствараецца шляхам маніпулявання графічнымі аб’ектамі, тэкст праграмы пісаць не трэба. “Наш “дубайскі” робат праграмаваўся з дапамогай візуальнай мовы, — тлумачыць сутнасць методыкі й яе выкарыстанне на практыцы суразмоўца. — Праграма для яго складалася пры дапамозе перацягвання на маніторы камп’ютара алгарытмічных і матэматычных блокаў ды іх злучэння. Калі дзеці вывучаюць алгарытмізацыю й праграмаванне праз візуальную мову, яны пачынаюць лепш іх разумець, потым лягчэй пераходзяць на тэкставую мову праграмавання”.

Аляксандра Францкевіча вельмі прыцягвае адукацыйная дзейнасць: “Мне падабаецца будаваць ступені ў выкладанні, каб дамагчыся ў выхаванцаў пэўных уменняў і навыкаў, падабаецца сачыць за іх поспехамі, хай сабе й на адлегласці — праз паведамленні ў СМІ… Прыемна яшчэ адчуваць зваротную сувязь: мае вучні заўсёды ўдзячныя, калі бачаць плён ад заняткаў”. Так што сёння, відаць, свой выбар — ІТ-сфера ці праца выкладчыка — Аляксандр Францкевіч ужо зрабіў. Знайшоў сваё прызванне. І бліскучая перамога ягоных таленавітых выхаванцаў на прэстыжным конкурсе ў Дубаі — яскравае таму сведчанне. Мы ж дзякуючы такім перамогам надзею маем, што велізарны інтэлектуальны рэсурс Беларусі будзе развівацца, услед за ІТ-тэхналогіямі, таксама і ў гэтым, надзвычай перспектыўным кірунку, з імі спалучаным.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?