Вы тут

Даўні боль паўстання


У Вільнюсе 22 лістапада прайшло перазахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых герояў Паўстання 1863-1864 гадоў


Труны з парэшткамі паўстанцаў у Катэдральным саборы

Многія чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна ж, ведаюць: у лютым 2016‑га ў Вільнюсе, на знакамітай гары Гедыміна здарыўся апоўзень грунту, потым — яшчэ адзін. Будаўнікам трэба было неяк яго ўмацаваць, каб спыніць далейшую эрозію. Але перш на тое месца, паколькі яно ў гістарычнай частцы горада, прыйшлі археолагі. А ў хуткім часе, на пачатку 2017‑га, СМІ абляцела сенсацыйная вестка: знойдзены безыменныя могілкі. Літоўскія навукоўцы вылучылі гіпотэзу, што гэта — парэшткі закапаных пасля пакарання смерцю (адных — павесілі, другіх — расстралялі) удзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў.

З канчатковымі высновамі не спяшаліся. Каб высветліць як мага больш пра знаходкі, у Літве распачалі карпатлівую працу. Прычым і беларусы былі ад самага пачатку ў курсе справы. Пра тое нядаўна, 18 лістапада, на сваёй інтэрнэт-старонцы ў Facebook паведамляла Міністэрства замежных спраў Беларусі. У прыватнасці, прадстаўнікі Амбасады Беларусі ў Літве “па ветлівым запрашэнні літоўскага боку наведалі месца археалагічных раскопак на гары Гедыміна ў Вільні яшчэ ў 2017 годзе: каб азнаёміцца з методыкай раскопак і доказнай базай інтэрпрэтацыі ды ідэнтыфікацыі астанкаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў”. Потым быў шэраг сустрэч беларускіх дыпламатаў з літоўскімі навукоўцамі, экспертамі, якія непасрэдна кіравалі археалагічнымі працамі на гары Гедыміна, працэсам ідэнтыфікацыі ды гістарычнымі даследаваннямі парэшткаў.

Беларускі бок паўдзельнічаў у працы па ідэнтыфікацыі знойдзеных парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Калі сёлета з Літвы прыйшоў запыт на атрыманне ўзораў ДНК адзінага магчымага родзіча кіраўніка паўстання па мужчынскай лініі, Віктара, то да справы падключыліся Следчы камітэт, Генпракуратура Беларусі. Раней жа, у 2018‑м, паведамляе МЗС, Літву наведала афіцыйная група беларускіх экспертаў з НАН Беларусі, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, “у складзе якой былі археолагі, антраполагі, судмедэксперты й медыкі-крыміналісты. Былі ўсталяваны прамыя кантакты па тэме ідэнтыфікацыі паміж зацікаўленымі ведамствамі Беларусі ды Літвы”. А сёлета ў ліпені супрацоўнікі Следчага камітэта сумесна з калегамі з Дзяржкамітэта судовых экспертыз правялі ў Свіслачы (Гродзенская вобласць) эксгумацыю магчымай магілы Віктара Каліноўскага (ён удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, памёр ад сухотаў у 1862‑м). У лістападзе Амбасадару Літвы ў Беларусі былі афіцыйна перададзены вынікі экспертызы, у тым ліку ДНК, матэрыялаў з магчымага пахавання Віктара Каліноўскага. Так што, робіць выснову МЗС Беларусі, “пройдзены досыць доўгі й няпросты шлях, на якім мы разам з літоўскімі калегамі спрабавалі адказаць на пытанні, якія тычацца нашай супольнай гісторыі”.

Ігар Петрышэнка выступае на цырымоніі перазахавання

Важна, што Амбасада Беларусі ў Літве й сёлета прадаўжала кантакты з літоўскім бокам. У прыватнасці, “абмяркоўваліся арганізацыйна-тэхнічныя пытанні правядзення цырымоніі перапахавання, а таксама забеспячэння прысутнасці беларускай мовы на мемарыяльных дошках”. Беларусь атрымала й афіцыйнае запрашэнне на ўрачыстую цырымонію перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года. “Сумесная гісторыя патрабуе сумесных намаганняў”, — робіцца слушная выснова ў паведамленні МЗС. І такое разуменне ёсць у абодвух бакоў.

Дэлегацыю Беларусі на ўрачыстай цырымоніі развітання з паўстанцамі ўзначаліў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Дзясяткі людзей з нашай краіны прыехалі ў Вільнюс (былую Вільню, якая раней была старажытным беларускім горадам) самі — каб аддаць даніну павагі беларусам, літоўцам, палякам, што калісьці разам змагаліся за аднаўленне сваёй агульнай дзяржавы.

Як вядома, у сілу складаных гістарычных абставінаў Рэч Паспалітая напрыканцы ХVІІІ стагоддзя была падзеленая больш моцнымі суседзямі, перастала існаваць як дзяржава. “Паўстанне Кастусь Каліноўскі разглядаў не як самамэту, а толькі як адзіна магчымы й таму непазбежны ў тагачасных умовах сродак дасягнення свабоды й незалежнасці Беларусі,” — пісаў пра кіраўніка паўстання даследчык яго лёсу, даўніх падзей Віктар Шалькевіч (“Беларусь”. Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995). Што ж, праз 155 гадоў пасля эшафота душы палымяных змагароў за свабоду й незалежнасць, відаць, змаглі пераканацца: іх запаветныя мары ў нашым часе сталі яваю. Беларусь, Літва, Польшча цяпер — незалежныя дзяржавы. І ўсе тры былі прадстаўлены на цырымоніі перазахавання на высокім дзяржаўным узроўні.

Лістападаўскай раніцай, калі развіднелася, літоўскія й польскія вайскоўцы ўрачыста, з калонай ганаровай варты неслі парэшткі паўстанцаў у маленькіх трунах — пад барабанны бой, а потым і звон званоў на вежы Катэдральнага сабора. Працэсія рухалася ў храм, дзе мелася быць жалобная цырымонія, і ўваходзіла ў яго пад гукі аргана. Першымі ўнеслі кіраўнікоў паўстання: Кастуся Каліноўскага й Зыгмунда Серакоўскага. За імі яшчэ 18 трун. І роўна ў 9 гадзін сабор адкрыўся для ўсіх, хто прыйшоў развітацца з паўстанцамі. З 12 гадзін у саборы пачалося набажэнства, якое вёў вільнюскі арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас. Пазней праз увесь горад жалобная працэсія рушыла на могілкі Росы: адзін з найвядомых некропаляў Літвы. Пры тым парэшткі кіраўнікоў паўстання везлі на лафетах, іншых — на катафалках. Пахавалі ж герояў у капліцы, якую спецыяльна дзеля таго адрэстаўравалі. Цяпер гэта — месца нацыянальнай памяці Літвы, Польшчы й Беларусі.

У гэтай капліцы на могілках Расу спачылі яны

Пасляслоўе. Не варта, на мой погляд, гаварыць пра выпадковасць, што паспрыяла “вяртанню” герояў у наш час. Не было ж выпадковым паўстанне. І героі — не бываюць выпадковымі. Можна прызнаць: мы не ведаем, чаму так адбылося. Можа, балючае рэха з даўніны гукнулася, каб нагадаць нам, якою цяжкаю дарогай Беларусь ішла да свабоды й незалежнасці? У дробязных спрэчках паўсядзённасці пра такія “высокія матэрыі” часам і гаварыць саромеемся. А — трэба памятаць. І шанаваць памяць нацыянальных герояў, адбудоўваючы нашу Беларусь. Як шануем, асабліва напярэдадні 75‑годдзя Перамогі, памяць герояў Вялікай Айчыннай. Мы збіраем цяпер да юбілею ў мінскі Храм Усіх Святых свяшчэнную зямлю з месцаў іх пахаванняў — а там, на гары Гедыміна, зямля з часоў беларускай Вільні “загаварыла” да нашчадкаў сама. Памятаеце радкі з песні: “Если б камни могли говорить —/ Рассказали б о мужестве камни…” Даўні боль з вялікімі ахвярамі задушанага паўстання вырваўся, відаць, не проста з глыбіняў зямлі — з глыбіняў нашай калектыўнай памяці. То давайце — услухаемся. Давайце — пачуем.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.