Вы тут

Як сказаць па-беларуску «пойти наперекосяк»?


«Нашы суседзі расіяне кажуць «пойти наперекосяк», а як гэта сказаць па-беларуску?» — цікавіцца Таццяна Сарока. З яе ж ліста: «Хутка, відаць, мы зможам на санках «скаціцца з горкі». А як гэта слова ўжываецца пры адказе на пытанне «што рабіць?»? Скатвацца? Неяк не гучыць. І яшчэ: ці сапраўды па-беларуску можна сказаць «знацца на нечым»? Што гэта значыць?»


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактар «Звязды» Алесь САЛАМЕВІЧ, а таксама рэдактар і перакладчык Леў ГЛУШЫЦКІ.

1. У беларускай мове ёсць не адзін, а не менш як чатыры фразеалагізмы, якімі можна перакласці рускае пойти (идти) наперекосяк: пайсці (ісці) шыварат-навыварат, пайсці (ісці) сікась-накась, дагары (уверх) дном, дагары нагамі. Так што з гэтым выразам праблем няма. А вось са словам скаціцца яны ўзнікаюць у многіх.

2. Гаварыць скатвацца, скатваецца, скатваюцца — адназначна няправільна. У незакончаным трыванні (калі задаём пытанні што рабіць?, што робіць? і г. д.) дзеяслоў прымае формы скочвацца, скочваецца. У Васіля Быкава ў «Трэцяй ракеце», напрыклад, чытаем: «Ён плача. З вачэй... скочваецца некалькі мутных слязін».

3. Так, дзеяслоў «знацца» можа выкарыстоўвацца з прыназоўнікам «на» з месным склонам. Такое значэнне з такім кіраваннем зафіксавана ў сучасных тлумачальных і перакладных слоўніках, у мастацкай літаратуры — у Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Кандрата Крапівы ды іншых. Айчынныя даследчыкі запісалі таксама народныя параўнанні з гэтым дзеясловам: знацца як свіння на пастах (на перцу, на саладзінах), што азначае разбірацца, як тая ж жывёліна ў апельсінах, каўбасных абрэзках, капусце, пярынах і г. д.

У абарону слоў

Амаль сто гадоў таму асобныя мовазнаўцы пісалі, што слова «акаляць» не павінна быць у нашай літаратурнай мове, што яго можна аднесці да ліку тых, што «не маюць нічога супольнага з жывою народнаю мовай...» Аднак калі пашукаць, то яго можна знайсці ў адной з народных песень, запісаных яшчэ славутым паэтам, мовазнаўцам і сябрам Адама Міцкевіча Янам Чачотам. Ён жа для польскага чытача перакладае гэтае акаляюць (у арфаграфіі арыгінала akolajuc) праз дзеяслоў otaczac (атачаць) у «Слоўніку крывіцкіх выразаў», які змешчаны ў «Песеньках вясковых з-над Нёмна і Дзвіны» 1846 года выдання.

У нашай жа сучаснай літаратуры гэтым словам карысталіся Якуб Колас, Уладзімір Калеснік, Ніл Гілевіч і іншыя.

Сёння слова акаляць сапраўды выціскаецца дзеясловамі акружаць, атачаць. Аднак у літаратурную мову яно трапіла з народнай, а значыць, мае права быць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.