Вы тут

Сяброў сустракае Друскінінкай


Дні беларускай культуры праходзяць у літоўскім прымежным горадзе з удзелам беларускіх мастакоў, тэатральных калектываў, артыстаў.


Валянціна Іваноўская з караваем на святочнай сцэне. 2017 г

Сустрэць супляменніка за межамі Бацькаўшчыны — вялікая радасць. Словамі не перадаць! Прынамсі, для мяне. Падобныя сустрэчы цяплом поўняцца — нібы з роднае хаты. Згадваеш мясціны маленства, чуеш мову нашу, якую ўзбагацілі, узвысілі сваімі клопатамі Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч ды іншыя творцы. Такія сустрэчы з цікавымі беларусамі ладзяцца й на літоўскай зямлі.

“Дні беларускай культуры ў Друскінінкай” ладзіліся й сёлета — напрыканцы жніўня. Пачаліся з вернісажу ў Grand SPA “Lіetuva”: работы прадставілі мастакі з беларускай Ліды Віктар і Таццяна Лук’яны ды Вольга Лук’ян-Піліпчук. Пейзажы, творы з помнікамі архітэктуры цікава разглядаць, і назва ў выставы адпаведная: “Скарбы роднага краю”. З любоўю да малой радзімы твораць мастакі, таленавіта.

І свае скарбы ёсць у кожнага народа, і прыродныя сімвалы. У беларусаў шануецца як сімвал зубр — гаспадар пушчы, белы бусел, сасна, валошка-васілёк, а каласы жыта, кветкі канюшыны й лёну ёсць на Дзяржаўным гербе. Блакітны колер вачэй беларусаў параўноўваюць з кветкамі лёну, васількоў, дзетак называюць Васілямі ды Васілінамі. Фотавыстава Ірэны Гудзіеўскай (Мінск), якая была ў Друскінінкай, мела назву: “Сімвалы Беларусі. У пошуках…”. Як пісала потым арт-крытык Любоў Гаўрылюк, “фотапраект — гэта спроба данесці да кожнага сэрца годнасць і аптымізм беларускіх сімвалаў, тое міфічнае й сапраўднае, што ўтрымліваецца ў генетычнай памяці народа. За кожным пейзажам фотамайстра — шчырая гісторыя, за кожнай фарбай у апярэнні птушкі — павер’е, звычай ці песня”.

Абедзьве выставы адкрывала Ірына Зубко, дарадца па культуры Амбасады Беларусі. На фотавернісажы былі, гаварылі цёплыя словы ў адрас аўтаркі Амбасадар Беларусі ў Літве Валеры Бараноўскі, віцэ-мэр Друскінінкай Лінас Урманавічус, старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве й Ганаровы консул Беларусі (г. Клайпеда) Мікалай Логвін ды іншыя. Дзякуючы сябрам, землякам за падтрымку, я акцэнтавала ўвагу: імпрэзы, што ладзяцца беларусамі горада-курорта, сведчаць не толькі пра нашую тут прысутнасць. Мы — сацыяльна актыўныя, мы спрыяем збліжэнню людзей памежжа, сяброўству між прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў.

У гэтыя ж дні ў горадзе праходзіў Міжнародны тэатральны фэст “Скрыжаванне” — прыехалі й беларусы. Драмтэатр з Магілёва прадставіў спектакль “Дурнічка і зэк”, акцёры праекта “ТрыТфармаТ” з Мінска ігралі спектакль “На тым жа месцы ў наступным годзе”.

Ужо 26 гадоў нашаму таварыству “Спадчына”, прычым “Дні беларускай культуры ў Друскінінкай” ладзяцца больш за 20 гадоў. Колькі таленавітых гасцей пабыло на святах! Былі танцы, гучалі музыка й песні ў выкананні гуртоў з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Стоўбцаў, Ліды, Вілейкі, Салігорска, Барысава… Найчасцей сустракаем заслужаны ансамбль танца “Крыжачок” (БДУ, Мінск, кіраўнік Ігар Музалеўскі), заслужаны ансамбль песні й танца “Ніва” (СВК “Верцялішкі”, кіраўніца Ларыса Прасвірніна), вакальны гурт “Берагіня” (г. Стоўбцы, кіраўніца Тамара Барэхава). Душэўна сустракаюць у нас і заслужаны аматарскі калектыў “Лялечкі” (в. Абухава, Гродзенскі раён, маст. кіраўніца Надзея Урукіна), узорны ансамбль танца “Лявоначкі” (г. Стоўбцы, маст. кіраўніца Людміла Несцярук), ансамбль танца “Задорынка” (СШ № 7 г. Гродна, маст. кіраўніца Вольга Іваноўская). Сваімі творамі радавалі нас навучэнцы мастацкай школы з Гродна. У 2017‑м ладзілася выстава мастака Эдуарда Мацюшонка з Вілейкі. А ў 2015‑м, помніцца, Павел Сушчонак прывёз фотавыставу “Мінск: цудоўная мелодыя жыцця”.

Чатыры выставы, прысвечаныя Песняру — вынік моцнага сяброўства суполкі “Спадчына” з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Змястоўнай атрымалася ў Друскінінкай сустрэча з пісьменнікам Навумам Гальпяровічам. Былі цікавыя прэзентацыі кніг Анатоля Бутэвіча “Таямніцы Мірскага замка”, “Таямніцы Крэўскага замка”, “Таямніцы Нясвіжскага замка”, Тадэвуша Стружэцкага “Беларускія музычныя інструменты”. Да таго ж святы нашы не абыходзяцца без удзелу беларусаў з Літвы: гэта “Купалінка” з Клайпеды, “Раніца” з Шальчынінкай, Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса ды іншых.

Дзякуючы падтрымцы сяброў-беларусаў (як з Бацькаўшчыны, так і з гарадоў Літвы) “Спадчына” мае магчымасць больш глыбока знаёміць з нашай культурай як жыхароў і гасцей горада, так і дзяцей, якія прыязджаюць на лячэнне ў санаторый “Беларусь”. Мы ўдзячны Амбасадзе Беларусі ў Літве, Дэпартаменту нацменшасцяў пры Сейме Літвы, адміністрацыі Друскінінкай ды санаторыя “Беларусь” — усім, хто аказвае нам дапамогу ў працы.

Валянціна Іваноўская, старшыня таварыства беларускай культуры “Спадчына”, г. Друскінінкай

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?