Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


У вочы ліском, а за вочы? Пяском?


Фота yellmed.ru

...Ціхан Пятровіч праблем са здароўем амаль не меў — аж да той пары, пакуль неяк раз яго сын-падшыванец не зладзіў «дыскатэку». Музыка ў хаце грымела так, што ў суседняй вёсцы, мусіць, чутно было!.. Бацька не вытрымаў, папрасіў хлопца сцішыць гук. Той нешта крутануў, праўда, у іншы бок, і...

Штосьці пстрыкнула ў вушных перапонках Пятровіча — ён стаў недачуваць. Мясцовая фельчарка, выслухаўшы ды агледзеўшы яго, дапамагчы нічым не змагла. Сказала, трэба, маўляў, у сталіцу пад'ехаць, абследаванне прайсці. І ён, напэўна, падаўся б, калі б нешта, крый бог, балела, а так...

Можна жыць, як здавалася, бо сям'я, суседзі ды калегі па калгаснай будаўнічай брыгадзе хутка прызвычаіліся, што яму трэба альбо пакрычаць, альбо паўтарыць разоў колькі... І ўсё. Жонка на першым часе нават жартавала: маўляў, яе Ціхан толькі слова «дай» не чуе, а калі «на» ці «можа, па чарачцы?» — дык гэта адразу...

Але ж потым ці не стамілася. Пры мужу (ён, казала, пень стары, усё роўна не чуе) выдавала такое... У суседак, што называецца, вушы вялі!..

І завялі б, можа, зусім, калі б у вёску не завітаў Ціханаў аднакласнік, які нейкі час працаваў у Сібіры, потым — вучыўся на доктара...

Да Ціхана ён зайшоў, калі дома больш нікога не было, — паразмаўляў, як змог, пра ўсё даведаўся. А на развітанне яшчэ і абнадзеіў: маўляў, зараз праходзіць выпрабаванне найсучаснейшы слыхавы апарат, дарагі, але па дружбе табе перадам.

І не падмануў жа! Праўда, «працэс» гэтай перадачы таксама адбыўся без жонкі. А ўжо назаўтра...

Ціхан Пятровіч, як звычайна, прачнуўся, памыўся-пагаліўся, прысеў за стол, каб паснедаць.

— Някепска жывецца: выспаўся, накурыўся, — шоргаючы ў печы гаршчкамі, забубнела яго Марыля, — а зараз і наесца яшчэ...

Маўчыць Ціхан, як бы не чуе (ці вушам не верыць?), бо яго жонку далей нясе:

— От жа доля мая! — наракае ўголас. — Хамут, а не муж! На вось, жары гэту бульбу з капустай. Кіслага малака яшчэ, можа, налью... Мяса ды паляндвіцу сабе пакіну. А ты — як зарабляеш, так і еш!.. Грошы за бычка, што прадалі, суседчынаму зяцю аддам. Ён рамонт у кватэры пачаў. Казаў, што з працэнтам верне... І каньяк мне абяцаў. І на канцэрт у Мінск, можа, звозіць... Можа, хоць пад старасць ды пажыву крыху, а то ж гадамі свету не бачыла — з гэтым боўдзілам...

Ад апошніх слоў Ціхан, відаць, папярхнуўся б, але... не паспеў — у хату ўваліўся Міхась, разам з якім калісь і працавалі, і чарку бралі...

Цяпер жа, падаўшы руку, замест «Здароў быў!» той спытаў: «Ну што — яшчэ поўзаеш крыху? Дык поўзай-поўзай...» А пасля да Марылі ўжо: «Можа, ты мне гарэлкі пазычыш бутэльку-другую? Вечарам, сват сказаў, прыйдзе — пасядзім-пагамонім... І ты падыходзь. Сумна нябось з гэтым глушаком?»

Марыля, усміхаючыся мужу ў твар, запела:

— А як жа, Міхаська! Я прыйду... Далібог прыйду: свайму скажу, што да суседкі, а сама да вас. Карову падаю, курэй зачыню...

— А каб табе свет зачыніўся! — не вытрымаў больш Ціхан і, схапіўшы са стала ручнік, стаў сцябаць сваю жонку па плячах — за глушца, за мяса з паляндвіцай, за боўдзілу, што на канцэрты яе не водзіць, за вячоркі з Міхасём!..

І, мусіць жа, справядліва, бо нельга, як той казаў, у вочы ліском, а за вочы пяском.

Віктар Сабалеўскі, г. Узда


Дзяры лыка, як дзярэцца...

Фота balpravda.ru

У народзе здаўна прыкмячалі: без часу не будзе і квасу, сей у пару — збярэш хлеба гару.

І сапраўды, на ўсё свой час, але ж многім, здараецца, цяжка паверыць у тое, што ён мінуў, што ў свае 70 чалавек наўрад ці зробіць тое, што лёгка рабіў у 27, хоць яно, бывае, і вельмі хочацца. А ўжо калі размова пра любімы занятак...

У мужчын (мяркую па сваім) гэта найперш рыбалка. Часам люты мароз на дварэ, альбо наадварот — цяплее (лёд — так і чакай — не сёння заўтра праломіцца), але ж ім не гэта галоўнае... Галоўнае — клёў.

Альбо ўзяць паляванне — хай сабе і ціхае... Варта сарафаннаму радыё чутку пусціць пра з'яўленне грыбоў, як аматары (можа, і не столькі з'есці, колькі пазбіраць) ужо кіруюць з кашамі ў вядомыя ім мясціны, што называецца, ідуць і бачаць, як там, у чаканні іх, выстраіліся ў рады крамяныя баравікі, падасінавікі ды бабкі, як разбегліся па хвойніку бліскучыя маслячкі, як атакуюць пянькі маладзенькія апенькі. І калі не вароніць, не ўпусціць іх час...

Думкі пра ўсё іншае — што сілы не тыя (а часам і лес не той), што можа закружыцца галава, а ногі — занесці бог ведае куды, выглядаюць глупствам. Чалавек упэўнены, што, нягледзячы ні на што, пойдзе і вернецца, сарыентуецца, не прападзе. Нават інфармацыя пра тых, хто гэта ўжо зрабіў — то-бок заблудзіўся і прапаў, — на вялікі жаль, не спыняе.

Вось гэта, як той казаў, праверана на сабе.

Значыць, не так даўно (восень жа цёплая) загарэлася мне махнуць у грыбы. Спадарожнікаў у той дзень, шкада, не знайшлося — рушыла адна. У лес прыехала на машыне, а ўжо там збочыла з дарогі і гайда на пошукі.

На маё, як здавалася, шчасце баравікі сталі трапляцца адразу ж і «зацягваць» усё далей і далей. Яны ж не давалі задумвацца пра зваротны шлях. А дзень, між тым, быў пахмурны, мох пад нагамі ўсё часцей парыты дзікамі. Ад іх, казалі, трэба трымацца далей, але ж... куды, у які бок ісці?

Мяне апанаваў страх. Добра, што ў кішэні знайшоўся мабільнік, хоць дапамагчы мне ён нічым не змог: сувязі ў тым месцы не было зусім.

У адчаі пашыбавала назад. Не так хутка, як хацелася б, выйшла на нейкую дарогу... З яе ўжо змагла пазваніць гаспадару — сказаць, што заблудзілася. «Дзе?» — пытаецца ён. — «У лесе», — кажу. «У якім?» — «Каб жа ведала...»

Для гэтага трэба было зноў ісці — у мае далёка не 27, пасля нядаўняй аперацыі, з думкай: «Ну дзе ж былі мазгі?»

...Што трохі дзіўна, ні стомы, ні слабасці спачатку не адчувала. Наперад гнаў страх — аж пакуль не апынулася на ўзлеску, на полі, за якім паказаліся абрысы ўжо знаёмай вёскі...

Вось тут я нарэшце змагла пазваніць гаспадару і сказаць яму, дзе я.

...Добра ўсё, што добра канчаецца: ён сеў на матацыкл, забраў мяне, падвёз да машыны.

Колькі кіламетраў я «адмахала» ў пошуках грыбоў і дарогі назад, не ведаю, а вось колькі страху нацярпелася, — ведала добра. Зараз дзясятаму закажу, каб, перш чым ісці ў лес, зірнуў у люстэрка ці пашпарт, каб успомніў крылатае «Дзяры лыка, пакуль дзярэцца», каб падумаў, ці варты тыя грыбы патрачанага здароўя і нерваў.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён


«Эльбрус» пад нагамі, альбо Хацела пасмяяцца...

Фота fermer.blog

...Дзяцей у той хаце было шасцёра, і раслі яны ўсе без бацькі. Не дзіва, што бедна жылі, у аддаленай вёсцы. Як не дзіва і тое, што адну з дачок, Гэлю, маці аддала ў сям'ю старшыні калгаса. Дзяўчынцы, можна сказаць, пашчасціла. Яна не марнавала час на дарогу да школы, нядрэнна харчавалася, вучылася, ну і рабіла, што скажуць па гаспадарцы, глядзела старшынёвых дзяцей. Так і жыла.

Неяк, расказвала, настаўнік фізікі даў ёй пяць цукерак «Эльбрус» — прыгожыя такія, у сіняй абгортцы.

Гэля спачатку схавала іх (хацела занесці дадому), потым больш уважліва разгледзела, пакаштавала — толькі адну, крышачку... А ўрэшце не вытрымала і з'ела ўсе — толькі фанцікі засталіся. Іх, здавалася б, можна выкінуць, але шкада.

Вось дзяўчо і «змікіціла» з сырой бульбіны вы́разаць невялічкія брусочкі, загарнуць іх у паперкі...

Добра атрымалася: ад сапраўдных проста не адрозніш...

Аднак некага «частаваць» Гэля сама пабаялася. Яна мудрэйшы ход прыдумала: «рассыпала» цукеркі на вуліцы, а сама схавалася ў хаце ды цікуе, хто з дзяцей падыме? Малых жа ў вёсцы шмат. Думала, уміг падбяруць, можа, яшчэ і паб'юцца.

Аж тут на вуліцы з'яўляюцца зусім не яны, а... салідны дзядзька, сакратар сельсавета. Убачыў, што цукеркі пад нагамі валяюцца, азірнуўся («Хто б мог згубіць?»), а потым за іх ды ў кішэнь.

А Гэля, бедная, тут жа ў слёзы — ад роспачы, ад страху. Думала ж, што дзеці падбяруць, што яна з іх пасмяецца, а тут... І хоць бы той дзядзька сам паглядзеў, што ў паперках, хоць бы некаму чужому не даў...

«Каб на сённяшні розум, то, вядома ж, пабегла б — дагнала чалавека, папярэдзіла, — праз паўстагоддзя (!) гаварыла мне Гэля. — А на дзіцячы...»

Бывае так — зробіш нешта дурное і ўсё жыццё яго помніш.

Яўгенія Кулевіч, в. Сялец, Смаргонскі раён

 Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.

Палітыка

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Спікер верхняй палаты акрэсліла асноўныя задачы, якія стаяць перад сёмым скліканнем Савета Рэспублікі.

Эканоміка

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.